Клецкія прадпрыемствы з 20 сакавіка не могуць прымаць і звальняць работнікаў без пісьмовай згоды мясцовых уладаў, паведамляе Tut.by. «Персанальная адказнасць за невыкананне дадзенага даручэння ўскладаецца на кіраўніка арганізацыі і спецыялістаў кадравых службаў (аж да звальнення)», — гаворыцца ў лісце, які Клецкі райвыканкам разаслаў прадпрыемствам.

«Гэта тычыцца ўсіх арганізацый камунальнай формы ўласнасці, размешчаных на тэрыторыі раёна. Гэта звязана з даручэннем прэзідэнта па працаўладкаванні ўсіх беспрацоўных да 1 мая, — тлумачыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клецкага райвыканкама Ала Мелюк. — Узгадненне прыёму і звальнення работнікаў праводзіцца часовай камісіяй па працаўладкаванні грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы раёна».

Часовую камісію стварылі ў мінулую пятніцу, у яе ўваходзіць каля 10 чалавек, «якія могуць паўплываць на працаўладкаванне». Па словах Алы Мелюк, камісія аператыўна разгледзіць заяву на звальненне або прыём работніка.

facebook.com

«Калі чалавек напісаў заяву, то праблем няма, яе вельмі хутка разгледзяць. Але мы павінны бачыць, па якіх падставах звальняюцца, па-першае, а па-другое, дзе ўтвараецца вакансія. Такім чынам, мы бачым, хто звальняецца, дзе ўтвараецца працоўнае месца», — кажа спецыяліст.

Акрамя таго, да 22 сакавіка арганізацыям Клецкага раёна трэба прадставіць у райвыканкам інфармацыю аб вакансіях. Далей падаваць гэтыя даныя трэба будзе штомесяц да 3 чысла.

Па словах Алы Мелюк, у Клецкім раёне маюць намер выканаць даручэнне Лукашэнкі і працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня.

«Такое даручэнне, каб працаўладкаваць усіх, у тым ліку і тых, хто не звяртаецца ў службы занятасці. Мы збіраемся прапрацаваць з кожным чалавекам, які не працуе. Будзем выязджаць у сельскую мясцовасць, запрашаць кіраўнікоў прадпрыемстваў, грамадзян, якія не працуюць, і вызначаць у кожным індывідуальным выпадку, куды і каго працаўладкаваць, — адзначае Ала Мелюк. — Будзем ствараць новыя працоўныя месцы, працаўладкоўваць на тыя месцы, якія цяпер маюцца, а таксама накіроўваць на аплатныя грамадскія работы».

У Клецкім райвыканкаме склалі спісы тых, хто патэнцыйна мае патрэбу ў працаўладкаванні, у яго трапілі каля 800 чалавек. Але спіс удакладняецца.

На 1 сакавіка ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў раёне склаў 0,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. У цэнтры занятасці былі зарэгістраваныя 105 чалавек. «Але, вядома, дысбаланс паміж попытам і прапановай рабочай сілы існуе. Большасць вакансій для кваліфікаваных спецыялістаў, шмат дактароў, ветдактароў неабходна. Тады як частка беспрацоўных зусім не маюць якой-небудзь кваліфікацыі», — рэзюмуе спецыяліст.

Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы ў Магілёве з работнікамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан» забараніў праводзіць скарачэнні на прадпрыемствах і ў арганізацыях і звальняць работнікаў без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру