Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за напад на людзей побач з будынкам брытанскага парламента ў Лондане, здзейснены ўдзень 22 сакавіка, паведамляе ВВС.

Такое паведамленне групоўка распаўсюдзіла праз звязанае з ёй інфармацыйнае агенцтва Амак. Да гэтага брытанская паліцыя паведамляла, што выканаўца нападу быў адзін, але натхняўся падобнымі па сцэнары нападамі прыхільнікаў ІД на людзей у іншых краінах.

Напад быў здзейснены днём 22 сакавіка. Мужчына наўмысна збіў на машыне некалькіх пешаходаў на Вестмінстэрскім мосце ля будынка парламента, а затым выбег з аўтамабіля і накінуўся з нажом на паліцэйскага, пасля чаго быў застрэлены.

Усяго загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку сам нападнік і паранены ім паліцэйскі. Акрамя іх у ліку ахвяр аказаліся два пешаходы. Таксама ў выніку інцыдэнту каля 40 чалавек атрымалі траўмы, 29 з іх усё яшчэ ў бальніцы, сем — у крытычным стане.

Улады кваліфікавалі здарэнне як тэракт. За ноч паліцыя здзейсніла рэйды па шасці адрасах у Лондане, Бірмінгеме і іншых гарадах, спрабуючы знайсці людзей, магчыма звязаных з нападнікам. Пакуль затрыманыя сем чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?