Пасля брутальнага разгону Дня Волі ў мінскія РАУСы патрапілі сотні людзей.

Некаторых з іх адпусцілі ў той жа дзень, бліжэй да вечара.

фота Сяргея Гудзіліна.

фота Сяргея Гудзіліна.

«Наша Ніва» сабрала рэфлексіі дэманстрантаў, якія выйшлі з Маскоўскага РАУС сталіцы, — што людзі адчувалі і пра што думалі, калі патрапілі ў вір хапуна.

Уладзімір, пенсіянер:

Людзі ішлі на акцыю, тут перакрылі дарогу, мы пачалі скандаваць, пайшлі ў бок ЦУМа, прайшлі метраў 400, і тут заварушыліся аўтазакі, перакрылі праспект. Спераду паставілі ланцуг міліцэйскі, людзі бачылі, што ім перакрылі дарогу, частка перабегла на той бок дарогі, у бок Якуба Коласа. 

Пасля зрабілі другі заслон, мы вярнуліся назад на той жа бок, але яны паставілі яшчэ адзін заслон — узялі нас у каробачку такую. 

І пры гэтым пачалі гучна абвяшчаць, каб людзі разыходзіліся. Нейкая жанчына бегала прасіла, каб далі разыйсціся мірна. Ёй сказалі, што ніхто не будзе яе слухаць. І ланцуг пайшоў на нас. Камічна было, калі нейкага «таптуна» у штацкім пачалі прэсаваць, а ён крычаў «я ж свой».

Мяне тут забралі ў аўтазак, там амапавец быў унутры нейкі дзікі. Пачаў крычаць, каб падалі тварам у падлогу. На мужчыну нейкага, матам. Я яму тады так культурна кажу: маўляў, навошта вы так груба. Ен адразу на мяне азірнуўся, вочы чырвоныя. Не ведаю, можа, яму ў той момант сорамна стала, але ён сцішыўся. 

Ужо ў Маскоўскім РАУС пратрымалі каля трох гадзін на вуліцы. 

Ну і вось, выпусцілі. Я, канечне, не скажу, што я сябе там нармальна адчуваў. 

Аляксандр, 35 гадоў:

Проста ўсіх хадзілі, выбіралі. Падышоў амапавец, паказаў пальцам, кажа — пайшлі. Я сябе паводзіў нармальна. Ну і ў нас яшчэ такі афіцэр быў — нармальны мужык, сказаў, калі будзем спакойна сябе паводзіць, то ўсё скончыцца добра. Спачатку нават мабільнікі загадалі прыбраць, але пасля людзі паціху пачалі званіць сваякам, казаць, што затрыманыя. Афіцэр паглядзеў, што ўсё спакойна праходзіць, і не рэагаваў. Былі людзі ў форме, якія нармальна ставіліся. Некалькі чалавек былі нападбітку, бачна. Яны трохі пабуянілі, пасля ўгаманіліся, у маім аўтазаку нікога не білі. У мяне, у прынцыпе, прэтэнзій да тых хлопцаў, што мяне затрымлівалі, няма. Бо разумею, што магло быць горай.

А я сам увогуле выйшаў з сябрамі сустрэцца каля «Лідо». Мы сустрэліся і патрапілі ў гэтую каробку, калі нас заціснулі з двух бакоў. Пры гэтым з кампаніі забралі толькі мяне — у мяне і дакументаў ніякіх не было. 

Хлопец у РАУСе быў побач, сказаў, што прыйшоў на акцыю, але не ведаў, што яна забароненая. Так і сказаў — яго пакінулі там ды склалі пратакол за хуліганства. Мяне во выпусцілі. 

Наталля 30 гадоў, фатограф. 

Мы адразу былі на праспекце, калі людзі збіраліся. Мой муж працуе на Кузьмы Чорнага, мы з ім пайшлі дадому. На скрыжаванні Чорнага і Сурганава стаялі людзі і ў цывільным, і міліцыя. Нам трэба было дадому — а іншай дарогі не было, бо прайшла ўжо вестка, што метро закрытае. Ідзем, і гэтыя людзі стаяць — яны сказалі, што тут нельга ісці. Але нам жа дадому трэба, мы кажам — а як нам прайсці дадому? Чаму я не магу? Тут яны разыходзяцца, з-за спіны вылятаюць нейкія людзі і проста хапаюць майго мужа. І мяне вось так (закручвае руку за спіну). Я пачала крычаць — схапілі нейкія людзі ў чорным, без апазнавальных знакаў. Мужа білі, мяне не білі, толькі тварам да зямлі і не давалі глядзець па баках. Не было такога моманту, каб набраць у міліцыю ці маці роднай. Гэтыя людзі перадалі нас людзям у форме, тыя закінулі ў МАЗ. Там стаялі нейкія людзі, яны вельмі груба сябе вялі, на ўсе пытанні яны казалі «заткніся» — гэта самае мяккае слова было. Я такога абыходжання з чалавекам — сабой у дадзеным выпадку — раней нават уявіць не магла. Пасля прыехаў нейкі бусік, там не было сядзенняў, нас туды запіхнулі. Мне як дзяўчыне, прапанавалі месца. Мужчыны сядзелі на падлозе, на каленях — хто як. Тэлефоны адабралі, на ўсе пытанні, куды нас вязуць нам раілі сціхнуць, так бы мовіць. У РАУСе былі ад 14-ці гадзін. Ужо там нічога асаблівага не было, так — супрацоўнікі ўсё хіханькі-хаханькі з нас рабілі. Быў у нашай кампаніі нават мужык у тапках, які проста выйшаў пакурыць з пад'езду. І быў хлопец, які працуе ў краме на Якуба Коласа. Ён выйшаў сабе купіць паесці, а яго забралі — крама засталася без супрацоўніка. Было некалькі нецвярозых, так. Відаць, такіх пасля і пакажуць па БТ. 

Андрэй, бізнэсовец, 51 год: 

Біць не білі, але адчувалася, што вельмі нерваваліся. Паводзілі сябе карэктна. Так падалося, што калі іх не правакаваць, то яны вядуць сябе прыстойна, ну амаль… Не абыйшлося без лаянкі, канечне. Але незразумела, па якой прыкмеце мяне загрузілі. Так, я быў на праспекце, назіраў. Ззаду падыйшоў міліцыянер, схапіў за руку, павалок да машыны. Я не супраціўляўся, але чаму я — ён не патлумачыў. А што за машына? Аўтазак, можа — я ў тэрміналогіі не разбіраюся. Там такія шуфлядкі, як для формы школьнай, і туды вось людзей запакоўвалі. Я так зразумеў, што я яшчэ ехаў з камфортам — мы на заднім сядзенні ўтрох сядзелі. Было незразумела, чаму адабралі тэлефоны. Пасля ў РАУС аддалі, але забаранілі званіць. Хто спрабаваў, таму рабілі заўвагі рознай ступені карэктнасці. Але мне падалося, што парачцы міліцыянераў было няёмка — там звычайныя хлопцы былі, звычайныя міліцыянеры.

Цікава таксама, чаму адным у масках на масавыя мерапрыемствы можна, а іншым на машынах без нумароў можна. 

А сам я выйшаў увогуле таму, што не падзяляю палітыку кіраўніцтва нашай дзяржавы. Ну і свята ж. Са святам! 

Алесь, беспрацоўны, 42 гады: 

У рупар казалі — грамадзяне, разыходзцеся, а выйсці ўжо нельга было, мы проста да сцяны прыціснуліся, каля нейкага банка. Можна было б людзей выпусціць, а іх заціснулі з двух бакоў шчытамі… Ну і пачалі браць усіх. Мне проста далі палкай па твары, з нянавісцю такой, губу разбілі. У аўтазаку нічога цікавага, тут (у РАУС) таксама нармальна. Не бачыў, каб тут кагосьці білі. 

Каця, дачка афіцэра, чакала каля РАУС хлопца, паказвала фота і пыталася ў тых, хто яго бачыў, як ён сябе адчувае і што кажа: 

Я ўжо некалькі РАУС аб'ездзіла, усім, хто выходзіў, паказвала фота. Людзі кажуць, што ён моцна пабіты, кажуць пра гематому на галаве. Кажуць таксама, што ён казаў, што яго бралі людзі ў цывільным. Таму можна падумаць, што ён аказаў супраціў — ён жа з трэніроўкі ішоў, ён па памеры вельмі высокі, шырокі і крэпкі хлопец. Не ведаю, як бы ён мог адрэагаваць, калі б яго невядомыя людзі без формы пачалі б круціць без дай прычыны. Я не ведаю, як бы адрэагавала, а ён такі бык… Мы жывем на Акадэміі Навук, ён з трэнажорнай залы дадому ішоў. 

Сяргей, 23 гады, беспрацоўны: 

Чаму выйшаў? Не магу знайсці сабе работы, вось чаму. Першы раз фактычна выйшаў. І далей буду выходзіць, мне жыць за штосьці трэба. Мяне не білі, проста завінцілі і ўсё. Расказваць няма пра што фактычна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?