Адным з герояў Дня Волі стаў мужчына ў бейсболцы — беларускі патрыёт, які не змог прайсці міма кінутага на зямлю бел-чырвона-белага сцяга.
Рэжысёр Мікалай Халезін звярнуў увагу на ўчынак мінчука (на відэа BBC пазнака 2:25). Навокал хапалі людзей, але асабіста яго амапаўцы не краналі.
Калі ж яны вырвалі вуду са сцягам ў аднаго з дэманстрантаў, мужчына гучна абвесціў «Уздымаем сцяг назад!» і з гонарам пайшоў з ім уздоўж праспекта. Бел-чырвона-белае палотнішча зноў залунала ў небе.
Смелы мужчына не мог не разумець, чым скончыцца гісторыя. На яго накінуліся адразу тры (!) амапаўцы.
Спадзяемся, мужчына пазбегнуў пакарання. «Наша Ніва» просіць яго альбо ягоных родных і сяброў адгукнуцца, каб паведаміць грамадскасці імя героя.





