Амбасада ЗША ў Мінску выступіла з заявай з нагоды затрыманняў падчас святкавання Дня Волі ў Мінску.
«Злучаныя Штаты з глыбокай заклапочанасцю адзначаюць супрацьдзеянне ўладаў Беларусі правядзенню мірных акцый з нагоды Дня волі, які адзначаецца штогод. Маштабныя затрыманні мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і шэрагу журналістаў ідуць насуперак дэмакратычным каштоўнасцям. Маюцца паведамленні пра выкарыстанне сілы супраць мірных дэманстрантаў і іншых асоб», - гаворыцца ў заяве.
«Наколькі нам вядома, некаторыя з затрыманых вызваленыя. ЗША будуць і далей уважліва сачыць за сітуацыяй і заклікаюць урад Беларусі неадкладна вызваліць астатніх затрыманых мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў, і забяспечыць права грамадзян на правядзенне мірных сходаў і свабоду слова ў адпаведнасці з яго міжнароднымі абавязацельствамі» - зазначаецца далей у дакуменце.





