Заява Руху «За Свабоду» з нагоды хвалі рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці і брутальных затрыманняў 25 сакавіка.

Штогод беларуская апазіцыя і грамадзянская супольнасць на масавай вулічнай акцыі адзначаюць Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай рэспублікі. У гэтым годзе свята прайшло ў атмасферы запалохванняў і брутальных затрыманняў. Па дадзеных правабаронцаў, за адзін дзень былі затрыманыя больш за 700 чалавек.

Гэтыя дзеянні ўладаў сталі працягам ціску на грамадзянскую супольнасць, палітыкаў, журналістаў. Ад хвалі рэпрэсіяў, якая цягнецца з пачатку сакавіка, раней пацярпелі амаль 400 чалавек.

Рух «За Свабоду» лічыць затрыманні ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту незаконнымі. Мы патрабуем ад беларускіх уладаў гуманнага стаўлення да затрыманых і арыштаваных і іх неадкладнага вызвалення. Мы лічым неабходным надалей адмовіцца ад практыкі прымянення сілы супраць актывістаў.

Супрацоўнікі сілавых структураў, вінаватыя ў запалохваннях, збіцці невінаватых, а таксама нанясенні ім і іх маёмасці шкоды, павінныя быць пакараныя згодна дзеючаму заканадаўству.

Рух «За Свабоду» патрабуе ад уладаў раскрыць месцазнаходжанне апазіцыйнага палітыка Міколы Статкевіча, у выпадку, калі той затрыманы, даць тлумачэнні прычынаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0