Праблема недахопу медперсаналу будзе вырашана, заробак у 500 даляраў для дактароў — рэальны, 20 хвілін на прыём тэрапеўта — цалкам дастаткова для таго, каб агледзець чалавека, паставіць яму правільны дыягназ і прызначыць лячэнне. Пра гэта новы міністр аховы здароўя Валерый Малашка заявіў у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».

Тры цытаты з абяцаннямі міністра аховы здароўя.

Зарплата дактароў у 500 даляраў — рэальна

Сёння сапраўды крытыкуецца ўзровень заработнай платы. Ён не вельмі высокі. Але мы працуем у гэтым кірунку: матывацыйныя кропкі росту вызначаны.

Таму задача, пастаўленая прэзідэнтам, па зарплаце ў пяцьсот даляраў дасягальная і ў сістэме аховы здароўя.

Недахопу медперсаналу хутка не будзе

Мы даўно займаліся пытаннем кадравай палітыкі. Сёння выпуск медыцынскіх універсітэтаў дазволіць цалкам укамплектаваць медыцынскім персаналам, як першаснае звяно, так і высокатэхналагічныя цэнтры.

У сярэднім медыцынскім персанале сёння дэфіцыт адчувае толькі Мінск. У шэрагу профільных каледжаў мы нават паменшылі падрыхтоўку такіх спецыялістаў. Таму мы не бачым сур'ёзных праблем у кадравым забеспячэнні устаноў аховы здароўя.

Дваццаць хвілін на прыём дастаткова

На першасны прыём ўрача-тэрапеўта адводзіцца 20 хвілін. І гэтага часу цалкам дастаткова, каб разабрацца ў сітуацыі, вызначыць тактыку лячэння, маршрут дыягнастычных даследаванняў, кансультацый вузкіх спецыялістаў і пастаноўкі дыягназу.

Паколькі доктар прымае пацыентаў са свайго ўчастка, то ён павінен ведаць людзей, іх хваробы, сямейную абстаноўку і фактары рызыкі.

А ў перыяд эпідэмій Міністэрства аховы здароўя прымае экстранныя меры і накіроўвае ў паліклінікі інтэрнаў і дактароў стацыянараў.

Мяняць стандарты абслугоўвання мы не плануем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?