Кацярына запатрабавала ад Кастуся аліменты. А ён, жадаючы забраць дзяцей сабе, падаў сустрэчны пазоў… Здавалася б, прыватны выпадак. Але грамадскага інтарэсу яму дадала цікавая акалічнасць. Пералічваючы аргументы «супраць» былой жонкі, Кастусь адзначыў, што яна некалі была арыштаваная на 15 сутак (такое пакаранне жанчыне прызначылі пасля акцыі салідарнасці са Змітром Дашкевічам у 2008 годзе).

Пра гэтую гісторыю ў сваім фэйсбуку паведаміў брат Кастуся, Барыс Гарэцкі.

Фота са старонкі Барыса Гарэцкага

Фота са старонкі Барыса Гарэцкага

Хутка абмеркаванне пад гэтым пастом ператварылася ў высвятленне таго, хто тут мае рацыю, муж ці жонка. Кастусь пачаў расказваць інтэрнэту падрабязнасці свайго жыцця: пра тое, што ён ўжо даўно не кахае жонку, пра свае новыя адносіны і пра тое, што дзяцей ад эмацыйна нестабільнай жанчыны трэба ратаваць.

Большасць удзельнікаў абмеркавання асудзіла паводзіны Кастуся. Але для яго гэта гісторыя стала справай змагання за правы мужчын.

«У судовай практыцы зараз замацаваўся перакос правоў па выхаванни дзяцей у бок жанчын, і ў большасці выпадкаў жанчыны самі патрабуюць такі перакос зрабіць, не дазваляючы бацьку ўдзельнічаць у жыцці і выхаванні дзяцей. То бок бацьку, які хоча клапаціцца і выхоўваць сваіх дзяцей, гэта проста рабіць не даюць, заніжаючы яго правы. Спадарства, дык і якое грамадства вы жадаеце атрымаць па выніках? Якіх мужчын вы гадуеце?» — напісаў у сваім фэйсбуку Кастусь Гарэцкі.

Кацярына на ўсё гэта спрабуе не рэагаваць. У каментары «НН» яна сказала наступнае: «Не думаю, што аргумент пра мае 15 сутак будзе важкім для суда, бо адміністрацыйнае пакаранне я адбыла, у мяне няма даўгоў. Буду змагацца, каб дзеці засталіся са мной».

Сам Кастусь не бачыць у гэтай сітуацыі палітычнае адценне: «Я супраць таго, каб асабістае выносілася на абмеркаванне, але калі так здарылася, хачу данесці сваю праўду да людзей, якія на мяне нападаюць. Сустрэчную заяву ў суд я падаў толькі пасля таго, як былая жонка ў сваім хлуслівым пазове заявіла пра тое, што я не клапаціўся пра дзяцей і не дапамагаў ім грашыма. А аргумент пра 15 сутак — адзін з фактаў, які быў пералічаны сярод астатніх. Ніякіх прэтэнзій да людзей, якія ўдзельнічаюць у акцыях, я не маю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?