Дырэктар Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» чакае, што ў агляднай будучыні ў Беларусь пачнуць лётаць самалёты з Паўночнай Амерыкі, Індыі і Японіі. А вось умовы працы еўрапейскіх лаўкост-кампаній, па словах Дзмітрыя Мелікяна, не заўсёды адпавядаюць айчынным стандартам. Пра гэта ён распавёў у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТВ.

Дзмітрый Мелікян — дырэктар Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Фота: ctv.by.

Дзмітрый Мелікян — дырэктар Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Фота: ctv.by.

Кіраўнік аэрапорта сказаў, што Беларусь не будзе капіяваць мадэль Вільнюскага аэрапорта, куды лётае некалькі бюджэтных кампаній. У планах Дзмітрыя Мелікяна — зрабіць Мінск буйным перасадачны вузлом для пасажыраў па шляху з Еўропы ў Азію.

«У Вільні няма сваёй базавай авіякампаніі, таму яны вымушаныя прыцягваць усіх перавозчыкаў. Абы лёталі. У іх няма транзіту», — патлумачыў сваю пазіцыю гендырэктар Нацыянальнага аэрапорта.

Ён прызнаўся, што лаўкост-кампаніі хацелі прыйсці на беларускі рынак. Але ўмовы мінскага аэрапорта іх не задаволілі.

«У іх танныя квіткі, усё добра, але лаўкост-кампаніі зарабляюць на іншым: на багажы, на паслугах, якія аказваюць на борце самалёта за дадатковую плату, — апісаў мадэль працы бюджэтных перавозчыкаў Дзмітрый Мелікян. — Яны просяцца, але мы ім прапануем тыя ж паслугі, якія аказваем іншым авіякампаніям. Але яны кажуць: «Ой, не, давайце мы будзем зарабляць на багажы». Тады ўжо я кажу ім «не».

Мадэль лаўкост, калі бясплатна можна правесці на борце толькі ручную паклажу, а багаж і любое харчаванне на борце трэба дакупляць дадаткова — не ўпісваецца ў стандарты Нацыянальнага аэрапорта «Мінск».

«Наш стандарт такі, што ў чалавека, які прыбывае ў наш аэрапорт, у кошт квітка павінна ўваходзіць 20 кг багажу і 8 кг ручной паклажы. І не трэба людзей мучыць, не трэба з іх рабіць нейкіх ізгояў. Я лічу, што наш народ павінен атрымліваць высакаякасную паслугу», — сказаў Дзмітрый Мелікян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0