На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі сёння разглядаюцца пытанні стварэння рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.

«Мне прадстаўлены праект указа, які прадугледжвае стварэнне сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Падобныя сістэмы дзейнічаюць у многіх дзяржавах, дзе ўжо паказалі сваю эфектыўнасць.

Відавочна, што ў нас ўкараненне аўтаматызаваных працэсаў выяўлення розных падзей, якія нясуць пагрозу, аналізу інфармацыі дасць магчымасць значна павысіць узровень правапарадку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта дасць магчымасць вызваліць значную колькасць работнікаў і рэсурсаў, занятых у адпаведных сферах. «Гэта значыць аптымізаваць структуры канкрэтных дзяржаўных органаў, чым мы, дарэчы, у цяперашні час актыўна займаемся», — заўважыў Лукашэнка.

«Аднак маецца шэраг пытанняў, якія я хачу з вамі абмеркаваць дэталёва, перш чым прымаць рашэнні па ўказе. У нас ужо ёсць дзейная сістэма відэаназірання, ёсць тэлекамунікацыйныя сеткі, ёсць адпаведнае абсталяванне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Паўстае пытанне: чаго ў гэтай сістэме не хапае?

Якія дадатковыя магчымасці мы атрымаем з уводам у строй новай сістэмы? Чаму дадзеную сістэму не стварыць пад эгідай дзяржаўнага органа, які і стане ўладальнікам адпаведнага інфармацыйнага рэсурсу? Я не думаю (а можа, вы пра дадатковыя аргументы на карысць сваёй прапановы), што ўсё гэта трэба засяродзіць у руках прыватнага аператара».

Аляксандр Лукашэнка даручыў далажыць, якія выдаткі запатрабуюцца з боку дзяржавы пры стварэнні дадзенага тэхнічнага комплексу.

«Падобную сістэму, якая ў нас існуе, трэба не проста мадэрнізаваць, а давесці да сучаснага ўзроўню, каб мы маглі атрымаць ад яе максімальную аддачу. Апошнія падзеі якраз сведчаць, што нам бы спатрэбілася такая сістэма. Але гэта рашэнне мы прымем па выніках сённяшняга абмеркавання», — звярнуў увагу прэзідэнт.

Як праінфармаваў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, разгляданы праект указа узгоднены з усімі зацікаўленымі органамі. Дакументам вызначаны прававыя асновы стварэння ў краіне сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Яе элементамі з'яўляюцца сістэма відэаназірання за станам грамадскай бяспекі, лакальныя сістэмы відэаназірання, спецыяльныя дэтэктары (датчыкі дыму, полымя, выбуховых, наркатычных і радыеактыўных рэчываў, цеплавізары і іншае), каналы сувязі адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы дадзеных, праграмная платформа сістэмы маніторынгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?