Цікавую гісторыю распавёў у сваім фэйсбуку журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі.
Фота Сяргея Гудзіліна
Аб тым, што Статкевіч дома, я даведаўся каля 9-й гадзіны ад рэдактара, калі ехаў на працу ў метро. Дазваніцца да Марыны Адамовіч атрымалася не адразу, толькі з рэдакцыі. Выклікаў таксоўку, прыехала кіроўца-жанчына:
— Вы па працы кудысьці едзеце? Тут працуеце дзесьці?
— Так, тут. На Еўрарадыё.
— А, журналіст. Цяпер такія падзеі ў краіне адбываюцца. Але вам жа нельга пра іх распавядаць.
— Нам можна. Мы пра ўсё расказваем.
— І пра тое, што Статкевіч прапаў можаце таксама расказаць? Што яго выкралі і зусім невядома, што з ім здарылася?
— Можам. Вы мяне зараз да яго якраз везяце. Знайшоўся Статкевіч. Раніцай прыехаў дадому да жонкі.
— Да Статкевіча??? Вы не жартуеце?
— Не. Я еду запісаць аповед пра яго прыгоды.
— Слухайце, а давайце я вас пачакаю каля яго дома, можна? Вы як пагаворыце, то сядайце да мяне і назад паедзем у цэнтр. Распаведзяце, як ён.
— Добра.
Таксоўка чакала мяне амаль гадзіну )





