За палітычнымі падзеямі, хапунамі і судамі ў Беларусі і Расіі нейк не заўважылі мы, што ўчора адбыліся выбары ў ландтаг Саара. Вынікі гэтых выбараў, а таксама выбараў зямельныя парламенты Шлезвіг-Гольштайна і Паўночнага Райна — Вестфаліі, якія маюць адбыцца 7 і 14 траўня, лічацца своеасаблівым тэстам, сацыяльным зандажом перад выбарамі ў Бундэстаг, якія належыць правесці ўвосень гэтага года.

Што ж паказалі выбары ў Саары? Перш-наперш даволі вялікую палітычную актыўнасць грамадзян. На выбарчыя ўчасткі прыйшлі амаль 70 працэнтаў выбаршчыкаў (69,7).

Другое. Знікла з арэны Партыя піратаў, якая гучна заявіла пра сябе на мінулых выбарах. Яна набрала мізэрны працэнт галасоў і цяпер немае сваіх прадстаўнікоў у ландтагу.

Трэцяе. Правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» стала парламенцкай вось ужо ў 11-ай федэральнай зямлі (усяго земляў шаснаццаць). Праўда, «Альтэнатыва» не дасягула такіх вынікаў, як летась у Бадэне, Райнландзе, Саксоніі-Ангальце, Мэкленбургу—Пярэдняй Памераніі і Берліне, але набраныя 6,2% галасоў дазволілі ёй заняць крэслы ў яшчэ адным ландтагу.

Чацвёртае. Умацавала свае пазіцыі партыя Ангелы Мэркель — Хрысціянска-дэмакратычны саюз, якіх правыя папулісты вінавацілі ў непрадуманай міграцыйнай палітыцы ды іншых праблемах Нямеччыны. Між тым выбары ў Саары паказалі, што ХДС цяжка выбіць з сядла. Гэтая партыя ўмацавала свае пазіцыі і набрала ХДС 40,7 працэнтаў галасоў супраць 35,2 на папярэдніх выбарах. Гэта істотны поспех кансерватараў.

На гэтым фоне вельмі кепска глядзяцца электаральныя вынікі Левай партыі. Яна страціла больш як 3 працэнты галасоў выбаршчыкаў (16,1 працэнта ў 2012 г. і 12,9 сёлета). Нагадаю, што менавіта гэтая партыя вельмі рэзка крытыкавала і «Альтэрнатыву для Нямеччыны», і кабінет Ангелы Мэркель.

Яшчэ горшыя вынікі выбараў у Саары для Партыі зялёных, як. Яе падтрымалі толькі 4 адсоткі выбаршчыкаў, і яна пазбавілася крэслаў у ландтагу. (На папярэдніх выбарах зялёныя набралі таксама не шмат — 5 працэнтаў галасоў, але роўна столькі, каб прайсці ў зямельны парламент).

Сацыял-дэмакраты, як і зялёныя, таксама страцілі 1 працэнт падтрымкі: 29,6 супраць 30,6 у 2012 годзе. Здавалася б, няшмат, але на фоне поспеху хадэкаў і «Альтэрнатывы» гэта параза, асабліва калі узяць пад увагу, што эсдэкі хочуць стаць першай партыяй у краіне.

Многія лічылі, што поспех сацыял-дэмакратам прынясе харызматычны кандыдат на пасаду федэральнага канцлера Марцін Шульц, папулярнасць у краіне вельмі высокая. Аднак, як адзначыла «Süddeutche Zeitung», вынікі выбараў у Саары паказваюць: Шульц-эфект не ўзбагачвае СДПГ.

У самой Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі многія спадзяюцца, што Шульц-эфект не ўбагачвае яе пакуль што і што да мая, а пагатоў да восені сітуацыя палепшыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?