25 сакавіка зранку юрыст Аляксей Лойка праходзіў трэнінг па назіранні за мірнай дэманстрацыяй на Дзень Волі. Сустрэча праходзіла на офісе Праваабарончага цэнтра «Вясна». Каля 13-й, за гадзіну да збора на мітынг, пачаўся штурм офіса. Пасля затрымання актывіст быў дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай.

Фота французкага фатографа Stéphane Doulé 

Фота французкага фатографа Stéphane Doulé 

«Мне не пашчасціла стаяць каля дзвярэй, калі іх выбілі», — сказаў назіральнік. Лойка атрымаў некалькі ўдараў па корпусе, пасля чаго яго выцягнулі з кватэры, павалілі на падлогу, нанеслі ўдар нагой па галаве і некалькі хвілін трымалі ботам галаву на падлозе. Я не адразу зразумеў, што адбывалася і не ўцяміў, хто ўварваўся ў офіс, бо людзі былі ў цывільнай вопратцы. Кожнае сваё дзеянне яны суправаджалі мацюкамі. Падумаў — «бандыты», не інакш», — узгадвае юрыст Аляксей Лойка.

Фота французкага фатографа Stéphane Doulé

Фота французкага фатографа Stéphane Doulé

На бетоннай падлозе пад’езда Лойка праляжаў каля сямі хвілін, пасля чаго хлопца завялі ў памяшканне, у якім яго, як і іншых гасцей офіса, паставілі тварам да сцяны. Усім загадалі пакласці рукі на сцяну.

«Я так доўга не мог стаяць, бо рука зацякла пасля лёжкі на бетоннай падлозе. Апусціў руку і атрымаў у той жа момант удар па нырках. Шчыра, мне так балела галава, што не адразу зразумеў, што адбывалася. Толькі ў шпіталі лекары зафіксавалі гематому ў той вобласці» — дадаў Лойка.

Каля 50 чалавек, якія знаходзіліся на офісе ПЦ «Вясна», былі дастаўленыя ў Першамайскі РУУС, у тым ліку замежныя журналісты. Пасля некалькіх гадзін у міліцыі затрыманыя былі адпушчаныя. Юрыст пачуваўся блага. На шчасце, побач з будынкам Першамайскага РУУС знаходзілася карэтка хуткай дапамогі, якая даставіла Лойку ў шпіталь хуткай дапамогі.

Фота зробленае адразу пасля збіцця. Відаць, што Аляксей Лойка пачуваецца блага 

Фота зробленае адразу пасля збіцця. Відаць, што Аляксей Лойка пачуваецца блага 

У шпіталі назіральніку паставілі дыягназ «страсенне мозга лёгкай ступені» і зафіксавалі шматлікія пашкоджанні мяккіх тканак. Там жа Лойка аформіў зварот у пракуратуру па факце збіцця і неправамоцных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў.

«Увечары мне тэлефанаваў супрацоўнік пракуратуры і прасіў забраць заяву. Сказаў, што добра, што цэлы, што выйшла непаразуменне. Няхілае непаразуменне з пабітай галавой і ныркамі. Колькі разоў назіраў за акцыямі і ніколі такога не бачыў», — дадаў пацярпелы.

Агулам, паводле дадзеных ПЦ «Вясна», за 25 сакавіка было затрымана звыш за 700 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?