25 сакавіка, падчас затрыманняў на плошчы Якуба Коласа, у аб’ектывы журналістаў патрапіў хлопец, які падняў з асфальту бел-чырвона-белы сцяг. «Поднимаем флаг обратно», — прамовіў ён, і ўзняў сцяг угару. Адбылося гэта літаральна ў некалькіх метрах ад аўтазака. Натуральна, што яго схапілі ў той жа момант.

Відэа гэтага моманту сабрала безліч лайкаў ды рэпостаў у сацсетках. Як высветлілася, герой роліка, Андрусь Асмалоўскі, пазбегнуў пакарання. Еўрарадыё распытала хлопца аб падрабязнасцях яго ўдзелу ў Дні Волі.

Пра Дзень Волі:

Я спрабую не прапускаць мітынгі. А 25 сакавіка для мяне гэта ўвогуле святы дзень. Я заўсёды, у любое надвор'е прыходжу. Для мяне гэтае свята — адно з галоўных у нашай гісторыі. Усякі страх адпадае ў гэтым выпадку.

Шчыра кажучы, наступным разам буду больш асцярожны. Але ў дазволеных акцыях буду ўдзельнічаць абавязкова.

Пра рашэнне падняць сцяг

Натхніў мяне вольны дух, і вось такі экспромт здарыўся. Проста абурыла, што наш родны сцяг топчуць амапаўцы. Я разумеў, што мяне схопяць, але ў той час пра гэта не думаў. Тым больш, што загадзя падрыхтаваўся да затрымання: пазакрываў свае прыватныя справы, дзелавыя пытанні, перадаў пэўныя працоўныя паўнамоцтвы… Калі шчыра, то ў мяне была такая ідэя: хаця б неяк паўплываць на астатніх уласным прыкладам. Таму паспрабаваў узняць сцяг як магчыма вышэй. На дзіва, страшна не было. Мой сябра, з якім я быў, неяк здолеў адбіцца і ўцячы, хаця і яго спрабавалі затрымаць. А я ўжо проста вырашыў: паміраць — дык з песняй.

Пра затрыманне

Мяне, як пушынку закінулі ў аўтазак. Там яшчэ амаль нікога не было, нават вольнае месца знайшлося. Я сеў каля століка. А потым аўтазак пачаў паступова запаўняцца. Страшна не было.

Пра падарожжа ў аўтазаку

У аўтазаку нікога не білі. Мне падалося — спрабавалі нават не дакранацца. І там, па дарозе да аддзялення, здарыўся яшчэ адзін экспромт: у дзяўчыны знайшоўся сцяжок, а з падлогі мы падабралі вуду. І выставілі на ёй сцяг з аўтазака. Што праўда, секунд 10 ён пратрымаўся, а пасля ўбег касманаўт, схапіўся за дрэўка і праштурхнуў яго наперад, у вакно. І сцяг, відаць, таксама апынуўся на асфальце.

Пра аддзяленне міліцыі

Потым пашкадаваў, што не было з сабой пакета з рэчамі, бо ў РАУС было даволі холадна стаяць на вуліцы. Ды і падсілкавацца хацелася, бо я ж толькі паснедаў у той дзень. Мяне ў аддзяленні не чапалі, а некаторым дасталася крыху, паштурхалі хлопцаў на цагляны мур. Вось аднаго з затрыманых — яго клічуць Хрысціян, ён з Лацінскай Амерыкі, з Калумбіі… У прынцыпе, я там шмат цікавых знаёмстваў займеў.

Пра тое, як выпусцілі

Зрабілі ўсе працэдуры: адбіткі пальцаў, фота анфас і ў профіль. Абмацалі на выпадак наяўнасці колючых і рэжучых прадметаў. Усё асноўнае адбывалася яшчэ ў двары: да кожнага падыходзіў міліцыянт з паперкай, перапісваў звесткі. Для мяне гэта быў дэбют у міліцыі, таму ўсё было вельмі цікава. І было прадчуванне, што нас мусяць адпусціць, бо надзвычай ветліва ставіліся прадстаўнікі ўладаў. І выпусцілі! Пад вечар, гадзіны праз тры-чатыры пасля затрымання. Без пратакола. Думаю, гэта менавіта таму, што я трапіўся ў першы раз.

Пра рэакцыю сваякоў

На акцыі я быў адзін. Але ўсе сваякі падтрымалі мяне. Амаль усе. Матуля і жонка, вось, адчыталі мяне. Але яны проста турбуюцца за мяне больш за ўсіх.

Андрусь Асмалоўскі другі злева на Дні Волі 2001 года.

Андрусь Асмалоўскі другі злева на Дні Волі 2001 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?