ALDE Group у Еўрапейскім парламенце рашуча асуджае масавае падаўленне акцый пратэсту ў Беларусі, паведамляе прэс-служба ALDE (Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу).

Член Еўрапарламента Ханс ван Баален, каардынатар групы ALDE ў Камітэце па замежных справах, заявіў:

«У Беларусі тысячы людзей выйшлі на вуліцы ў мірнай акцыі пратэсту, але былі масава арыштаваныя. Калі Беларусь сапраўды хоча палепшыць свае сувязі з Захадам і паменшыць залежнасць ад Расіі, то яна павінна спыніць дзейнічаць падобным чынам у дачыненні да апазіцыі і пратэстоўцаў. А беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных».

Член Еўрапарламента Петрас Аўштравічус заявіў, што гэта найгоршы гвалт уладаў у дачыненні да бяззбройных грамадзянскіх асоб за апошнія 7 гадоў:

«Рэпрэсіі ў адносінах да пратэстоўцаў у Беларусі беспрэцэдэнтныя па маштабах з 2010 года. На жаль, яны наступаюць роўна праз год пасля рашэння Рады ЕС аб уступленні ў так званую палітыку аднаўлення ўзаемадзеяння з Мінскам. Прэзідэнт Лукашэнка праявіў «узаемнасць», сфальсіфікаваўшы парламенцкія выбары ў верасні 2016 года, захаваўшы смяротнае пакаранне і рэпрэсуючы мірных дэманстрантаў на вуліцах Мінска і па ўсёй краіне. Я перакананы, што пазіцыя ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі памылковая і павінна трывалей грунтавацца на каштоўнасцях ЕС. Еўрасаюз павінен прыпыніць сваю фінансавую дапамогу, якая накіроўваецца непасрэдна ўраду Лукашэнкі, а замест гэтага падтрымаць тых, хто імкнецца да еўрапейскай і дэмакратычнай Беларусі. Усе асобы, вінаватыя ў гвалтоўных дзеяннях, павінны быць уключаныя ў спіс санкцый».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?