Грошы з усяго свету пералічваюць неабыякавыя людзі, каб дапамагчы беларусам, якія былі пакараныя за акцыі пратэсту, і іх сем’ям. На сёння на рахунак кампаніі салідарнасці BY_help пералічана больш за 20 тысяч долараў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў адзін з каардынатараў кампаніі Андрэй Стрыжак.

«У першую чаргу, мы цяпер займаемся пакрыццём пільных патрэб тых сем’яў, якія трапілі ў складаную сітуацыю ў сувязі з распачатай крымінальнай справай па тых беспарадках, якія ўлада нібыта прадухіліла. Што да таго, як мы будзем дапамагаць тым людзям, якія трапілі на суткі альбо атрымалі штрафы - я заклікаю ўсіх пісаць у асабістыя паведамленні старонкі BY_help, і там людзям дадуць усе інструкцыі наконт таго, як атрымаць гэтую дапамогу. Пытанне толькі ў тым, што цяпер сабрана больш за 20 тысяч долараў, але адных толькі штрафаў за гэты час было выпісана на 35 тысяч. І пакуль мы не пакрываем усю суму гэтымі зборамі».

Па словах Стрыжака, каардынатары кампаніі салідарнасці BY_help шчыльна супрацоўнічаюць з беларускімі праваабаронцамі. І сумесна прымаюць рашэнні на падставе сабранай праваабаронцамі інфармацыі, каму найперш неабходна дапамагчы.

Каб прадухіліць любыя абвінавачванні, кажа Андрэй Стрыжак, каардынатары кампаніі пастаянна даюць справаздачы: і колькі грошай сабрана і колькі было выдаткавана на дапамогу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?