Прысутныя на цырымоніі ўручэння ўзнагарод нацыянальнай прэміі «Ніка» авацыяй сустрэлі прамову рэжысёра Аляксандра Сакурава, у якой ён выступіў у абарону ўдзельнікаў мітынгаў 26 сакавіка. Са словамі падтрымкі выступілі і іншыя ўдзельнікі цырымоніі. 

Лаўрэаты расійскай нацыянальнай прэміі «Ніка» ў галіне кінематаграфіі падчас уручэння ўзнагарод выступілі ў падтрымку палітвязняў, а таксама людзей, затрыманых на акцыях пратэсту 26 сакавіка ў Маскве.

Пасля прамовы рэжысёра Аляксандра Сакурава, які атрымаў прэмію імя Эльдара Разанава «Гонар і годнасць», зала зладзіла авацыю, многія прысутныя ўсталі.

У пачатку сваёй прамовы Сакураў заявіў, што чакае рашэння ад Пуціна пытання, якое яны абмяркоўвалі, — пра лёс ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, асуджанага ў Расіі да 20 гадоў зняволення.

Сакураў назваў памылкай адсутнасць дыялогу з моладдзю, якая выйшла на вуліцы. «Дзяржава здзяйсняе вялікую памылку, ведучы сябе гэтак фамільярна з маладымі людзьмі, з школьнікамі і са студэнтамі. <…> Нельга пачынаць грамадзянскую вайну сярод школьнікаў і студэнтаў. Трэба пачуць іх. Ніхто з нашых палітыкаў не жадае іх пачуць, ніхто з імі не размаўляе. <…> Яны баяцца гэта рабіць. Чаму? Гэта немагчыма, больш трываць гэта немагчыма», — адзначыў Сакураў.

Ён звярнуў увагу на жорсткія дзеянні праваахоўных органаў на масавых акцыях, асабліва супраць дзяўчат і жанчын. «Я хачу звярнуцца да нашых дэпутатаў. Да мужчын-дэпутатаў, таму што жанчыны такога закона новага не прымуць. Давайце мы прымем закон, які забараняе арыштоўваць і наогул дакранацца да жанчын і дзяўчат, якія ўдзельнічаюць у пратэстных акцыях», — прапанаваў рэжысёр, прамова якога неаднаразова перарывалася апладысментамі і выкрыкамі« Брава!».

Цырымонія ўручэння прэміі на расійскіх федэральных тэлеканалах не транслявалася. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?