Інтэрнэт-правайдары ў ЗША ў хуткім часе ўжо не будуць павінны пытацца дазволу карыстальнікаў, каб дзяліцца іх персанальнымі данымі з маркетынгавымі фірмамі і іншымі ўдзельнікамі рынку, паведамляе ВВС.
Палата прадстаўнікоў кангрэсу ЗША прагаласавала за адмену ўведзенага пры адміністрацыі Барака Абамы закона, які абавязвае інтэрнэт-правайдараў атрымліваць дазвол на выкарыстанне асабістых даных карыстальнікаў, у тым ліку такія, як месцазнаходжанне кліента і гісторыя яго наведванняў інтэрнэт-сайтаў.
Прыхільнікі такога рашэння сцвярджаюць, што гэта павысіць канкурэнцыю на рынку, крытыкі асцерагаюцца, што адмена закона моцна ўдарыць па правах спажыўцоў.
Чакаецца, што прэзідэнт Трамп у бліжэйшы час ухваліць гэтае рашэнне Кангрэса.





