У цэнтры вёскі Дамавіцк, што ў Чэрвеньскім раёне, стаіць школа. Дакладней, будынак, у якім школа калісьці змяшчалася. Сёння дзяцей у Дамавіцку няшмат, да таго ж будынак школы быў прызнаны аварыйным. У выніку ў 2011 годзе яго разам з зямлёй выставілі на продаж.

Яго выкупілі браты Уладзімір і Вадзім Чарнагаловыя, улаcнікі кампаніі «Славстройцвет», якая займаецца ўсім на свеце. Кампанія мае дачыненне і да вытворчасці катлоў, і да вытворчасці каваных вырабаў, і да перапрацоўкі харчовых адкідаў.

Пасля гэтага будынак паціху прыводзілі ў парадак. А ў 2016 годзе на тэрыторыю былой школы пацягнуліся грузавікі са смеццем.

«Везлі сапсаваныя малочныя прадукты: ёгурты, тварог… Яны на тым прадпрыемстве нібыта ўтылізуюць адкіды. Але яны ляжаць там пастаянна. Калі вывальваюць у пакетах, то валяюцца пакеты, ніхто іх не збірае. А гэта цэнтр вёскі! За 50 метраў ад школы стаіць воданапорная вежа. Вакол самой школы — дамы, у іх жывуць людзі. Як можна рабіць сметніцу? — абураецца мясцовая жыхарка Алена. — Пастаянна стаіць пах. Улетку нельга адчыніць вокны. З кацельнай ідзе натуральна сіні дым.

Можа, тыя адкіды там і ўтылізуюцца, але ж да гэтага — ляжаць кучамі на зямлі і гніюць».

Аднойчы на прадпрыемства прыехала вялікая цыстэрна з вяршкамі. Дык людзі сабраліся і не далі выліць, расказвае Алена.

«Прывозілі бульбу. Па ўсёй тэрыторыі былі насыпаны кучы. Яе, відаць, загадалі прыбраць. Дык тую бульбу проста раскідалі «роўным пластом» па тэрыторыі, вось і ўся прыборка. Яна працягвала гнісці і смярдзець.

Атрымліваецца, што вяскоўцы вывозяць свае адкіды з вёскі, а той «Славстройцвет» адкіды ў вёску завозіць. У тых, хто жыве зусім побач з той школай, з’яўляюцца пацукі, — сцвярджае жанчына. — Мы пісалі ў Чэрвень, пісалі ў Мінск. Нам кажуць, што так, пэўныя парушэнні ёсць, пытанне накіравана для разгляду ў Чэрвеньскі выканкам. А колькі ён будзе яго разглядаць? Нам пастаянна адказваюць: пытанне разглядаюць. А тым часам смецце вязуць і вязуць».

Алене адказаў адзін з уласнікаў ТАА «Славстройцвет».

«У мяне было 20 праверак. Я і выбачаўся, і тлумачыў… Справа ў тым, што я займаюся навукова-даследчай працай, — распавёў «Нашай Ніве» Вадзім Чарнагаловы. — Мы адзіныя ў свеце, хто вырабляе з адкідаў кармавы бялок. І ў рамках ноу-хау, закрытай інфармацыі, мы зрабілі сабе тэхнічныя ўмовы і зараз адпрацоўваем гэтую тэму. За гэтым будучыня! Але людзям гэта не патлумачыш».

Але Чарнагаловы прызнаецца, што трохі няправільна разлічыў аб’ёмы адкідаў.

«Ну, так, трохі больш смецця было, і я не паспяваў перапрацаваць. А жыхары ж да мяне і не пайшлі, нічога не казалі. Пайшлі скардзіцца, панесліся праверкі — больш за 20, адна за адной! І вось у гэтым месяцы я быў на вясковым сходзе і толькі там даведаўся пра праблему. Я выбачыўся і паабяцаў, што да 1 красавіка ўсё будзе прыбрана», — запэўніў бізнэсовец.

Праўда, кажа ён, вяскоўцы пасмяяліся з яго і не паверылі.

«Але вось апошнія паперкі фактычна прыбіраюцца. Больш такога не будзе. Не будзе і паху. Смярдзела, бо мы адпрацоўвалі тэхналогію пераапрацоўкі. Цяпер яна наладжаная. Да таго ж людзі больш зайдросцілі мне, чым ім смярдзела. Вось, побач на ўчастку гной ляжыць — і ім нармальна. А калі я бульбу тую прывёз — ой, усё, нібыта смярдзіць, — сказаў Чарнагаловы. — Але цяпер усё, нічога ў нас смярдзець не будзе. А мы будзем працягваць працу. Мне трэба скончыць гэтае навуковае даследаванне. Бо гэта жыццёва важна для Беларусі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?