Правілы перадач у ізалятары для адміністрацыйна пакараных і ў следчыя ізалятары адрозніваюцца. «Наша Ніва» пры дапамозе праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама адваката Змітра Лепрэтара і актывіста Вадзіма Жаромскага склала падрабязную інструкцыю, якую дапамогу можна аказаць затрыманым.

Ёсць тры месцы, куды адпраўляюць адміністрацыйна арыштаваных:

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) — Мінск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36.

Прыём перадач у ЦІП: штодня з 10:00 да 13:00.

Там жа знаходзіцца і ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) — Мінск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36а;

Прыём перадач на ІЧУ: з 11:00 да 13:00.

Цэнтр ізаляцыі Мінскага РУУС (г. Мінск, вул Ф.Скарыны, 20);

Прыём перадач з 10:00 да 17:00 (абед з 13:00 да 14:00).

Жодзінскі ГАУС (Жодзіна, вул Сухаградская, 1).

Прыем перадач у Жодзінскі ГАУС: аўторак і чацвер (абед з 13:00 да 14:00)

Валанцёры з перадачай каля ЦІП на Акрэсціна. Фота Ірыны Арахоўскай.

Валанцёры з перадачай каля ЦІП на Акрэсціна. Фота Ірыны Арахоўскай.

Хто можа перадаваць?

Для таго, каб зрабіць перадачу ў ЦІП (ІЧУ), вам спатрэбіцца пашпарт.

Зрабіць перадачу можа толькі блізкі сваяк (маці, бацька, сястра, брат, муж, жонка). Праваабаронцы адзначаюць, што часам прымаюць перадачу ў тых, у каго супадае імя па бацьку.

Іншы варыянт — калі адвакат возьме ад затрыманага заяву, што перадачы яму будзе перадаваць іншы чалавек, бо сваякі далёка.

Што можна перадаваць?

Перадачы прымаюць раз на дзень вагой не больш за 5 кілаграм.

Перадаваць можна сродкі асабістай гігіены і ежу (праўда, ёсць абмежаванні). Таксама можна перадаваць кнігі (не больш за пяць асобнікаў), часопісы, стрыжні, алоўкі і расфарбоўкі:

Ежа:

  • хлебабулачныя вырабы: хлеб жытні, пшанічны, выпечка без напаўняльнікаў, сухары, сушкі, пернікі, печыва, вафлі, кексы (у поліэтыленавай упакоўцы)
  • кандытарскія вырабы: цукеркі без алкагольнай начынкі, шакалад, мармелад, казінакі, шарбет, зефір, пасціла, халва і іншыя (расфасаваныя па поліэтыленавых пакетах).
  • мясныя вырабы: сыравэнджаныя і сыравяленыя каўбасы, сала салёнае і вэнджанае;
  • сухафрукты (без костак): арэхі пачышчаныя, курага, інжыр, бананы, чарнасліў (расфасаваны ў поліэтыленавых пакетах);
  • вада, напоі, сокі кансерваваныя (акрамя хатняй зарыхтоўкі) у празрыстай пластыкавай тары.
  • шакалад перакладаецца ў празрысты пакунак.

Рэчы:

  • туалетная папера
  • зубная паста
  • зубная шчотка
  • мыла (у тым ліку і дзёгцевае ад вошаў)
  • маленькі ручнік
  • вільготныя сурвэткі
  • гель для душа, шампунь (у тым ліку і дзёгцевы ад вошаў)
  • папяровыя сурвэткі
  • гігіенічныя пракладкі
  • шкарпэткі, трусы
  • адзенне і абутак па сезоне (толькі ўсё павінна быць без матузкоў)
  • цыгарэты і запалкі пересыпаюцца ў празрысты пакунак.

Жодзінскі ГАУС:

ВАЖНА!

ПРАВІЛЫ МОГУЦЬ МЯНЯЦЦА Ў ЗАЛЕЖНАСЦІ АД ЗМЕНЫ ВАРТЫ ДЫ ЎНУТРАНЫХ ЗАГАДАЎ. Напрыклад, апошнім часам валанцёры заўважылі, што ЦІП прымае не больш за 30 перадач на дзень. Апошнім часам у Жодзіна прымаюць яблыкі ды свежавыжытыя сокі. Прымаюць чай ды гарбату, па патрабаванню выдаюць кіпень.

А пісаць лісты можна?

Цяпер адміністрацыйна затрыманыя могуць атрымліваць лісты і паштоўкі ды тэлеграмы. Таму пішыце, ім будзе прыемна. Але не забывайце, што ўсе лісты і паштоўкі перачытае цэнзар.

Вельмі моцна цісне на псіхіку адсутнасць інфармацыі пра тое, што адбываецца на волі. Затрыманы можа даслаць адказ, таму не забудзьцеся ўкласці дадатковы канверт з маркай і чыстыя лісты.

Затрыманым, якія знаходзяцца ў Жодзіне, трэба пісаць вось на гэты адрас:

222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул Савецкая 22а.

Што не прымуць?

  • Прадукты, якія патрабуюць тэрмічнай апрацоўкі (крупы, мяса, рыба), супы, вермішэль, каша хуткага прыгатавання, кава, какава, чай, цукар, соль, хатнія кансервы;
  • Мясныя і рыбныя кансервы, селядзец, мясныя і рыбныя вырабы ў вакуумнай упакоўцы;
  • Малако, малочныя і кісламалочныя прадукты, сыры, сметанковае масла і алей, маргарын, камбітлушч;
  • Гародніна і зеляніна, рэпчатая цыбуля, часнык, рэдзька, морква, буракі, салата, агуркі, памідоры, пятрушка, кроп і гэтак далей. Таксама фрукты — апельсіны, лімоны, грэйпфруты і гэтак далей;
  • Харчовыя прадукты з абмежаванымі тэрмінамі рэалізацыі (менш за 72 гадзін), якія падлягаюць захоўванню пры нізкіх тэмпературах (меней за 8 градусаў);
  • Хуткапсавальныя прадукты, дату вырабу якіх немагчыма вызначыць;
  • Алкагольныя напоі і піва.

Пералік прадуктаў можа быць абмежаваны па загадзе санітарна-эпідэміялагічнай службы.

* * *

Затрыманыя па крымінальных злачынствах могуць знаходзіцца ў СІЗА-1 Мінска па вул. Валадарскага, 2

Адпраўляючы перадачу сюды, вы можаце карыстацца спісам, пададзеным вышэй. Але ёсць некаторыя акалічнасці, пра якія вам варта памятаць.

У СІЗА-1 дзейнічае наступны расклад прыёму перадач:

Панядзелак. Толькі ў гэты дзень прымаюцца лекі для затрыманых. Для гэтага ўнутры памяшкання для перадач ахвотны займае чаргу і запісваецца ў ёй да патрэбнага акна (іх там два). Пасля перадаюцца лекі фельчару і турэмнаму доктару, які прымае рашэнне, браць лекі ці не. Графік прыёму лепш удакладніць загадзя на месцы. Любыя іншыя перадачы ў панядзелак забароненыя.

З аўторка да пятніцы з 9:00 да 18:00 (абед 13:00—14:00), у суботу з 09:00 да 17:00 (абед 13:00—14:00) перадаюцца прадуктовыя і рэчавыя перадачы. Для гэтага загадзя павінна быць напісана заява па ўзоры на імя начальніка СІЗА для перадачы. У заяве ўказваецца, што вы жадаеце перадаць і ў якой колькасці (напрыклад, памідоры — 450 гр, 5 штук у 1 пакеце). Дакладную колькасць і вагу варта ўказваць, каб пазбегнуць крадзяжу з боку работнікаў ізалятара. Падобныя выпадкі не аднойчы згадваліся зняволенымі, але рэакцыі на іх не было. Таму такіх прэцэдэнтаў варта пазбягаць на ранніх этапах. Заява перадаецца ў акенца каля ўваходу, дзе яе рэгіструюць і аддаюць вам. Вы заходзіце ў памяшканне для перадач, аддаяце зарэгістраваную заяву ў адно з 2 адчыненых акенцаў і чакаеце, пакуль назавуць ваша прозвішча.

Прыклад заявы на перадачу

Прыклад заявы на перадачу

Абсалютна ўсе прадукты і рэчы павінны быць расфасаваны па цэлафанавых асобных пакетах. Напрыклад, вы перадаяце 5 шакаладак, значыць, варта дастаць іх з упакоўкі і пакласці ў адзін цэлафанавы пакет.

Варта пазбягаць нават драбнюткіх металічных частак у тым, што вы перадаяце. Напрыклад, крэм для галення трэба выбраць той, у якім не будзе алюмініевых частак, бо гэта забаронена рэжымам.

Дазволена перадаваць неабмежаваную колькасць перадач, але не больш за 30 кг на месяц. Перадаваць лепш за ўсё арэхі, садавіну (цытрусавыя, бананы не прымаюць). Лепш купляць яблыкі і грушы, гародніну (памідоры, агуркі), вэнджаныя каўбасы, сыры, печыва.

Таксама ў СІЗА можна зрабіць грашовы перавод, прытым у неабмежаванай колькасці. Пераводы ажыццяўляюцца з 9:00 да 11:00 у акенцы рэгістрацыі заяў на перадачы. Для гэтага вы таксама пішаце заяву, дзе замест спісу прадуктаў указваеце суму пераводу і там жа перадаяце патрэбную колькасць наяўных грошай, якія рэгіструюцца і пераводзяцца на рахунак арыштаванага, пра што яму адразу павінны паведаміць.

Яшчэ можна падпісваць зняволеных на газеты і часопісы. Гэта робіцца вельмі проста: на пошце ўказваецца імя і прозвішча арыштаванага, а таксама адрас СІЗА і газеты, на якія вы хочаце яго падпісаць.

Аб парадку прыёму перадач у СІЗА КДБ

СІЗА КДБ 220030 Мінск, Камсамольская 30

для пошты — 220050, абаненцкая скрыня 8

Панядзелак, серада, пятніца з 10:00 да 12:00

Хто можа перадаваць?

Пры сабе мець пашпарт або іншы дакумент, які пацвярджае асобу. Трэба будзе запоўніць заяву ўсталяванай формы ў двух асобніках.

Колькі можна перадаваць?

Перадачы прымаюцца два разы на месяц вагой не больш за 15 кілаграмаў кожная.

Не дапускаецца абмежаванне вагі перадач для непаўналетніх, асоб, якія пакутуюць на цяжкія захворванні (пры наяўнасці заключэння доктара-спецыяліста СІЗА), цяжарных жанчын, а таксама жанчын, якія маюць пры сабе дзяцей.

Што можна перадаваць?

Рэчы:

  • Тытунёвыя вырабы, запалкі.
  • Адзенне ў адным камплекце без паясных рамянёў, шлеек і гальштукаў, а таксама галаўны ўбор, абутак па сезоне (без металічных набоек).
  • Спартыўны касцюм у адным камплекце ці хатні халат для жанчын.
  • Сподняя бялізна — не больш за два камплекты.
  • Шкарпэткі.
  • Панчохі ці калготкі (для жанчын).
  • Пальчаткі або рукавіцы — адну пару.
  • Насоўкі.
  • Тэпцікі пакаёвыя ці спартовыя — адну пару.
  • Туалетныя прыналежнасці (туалетнае, гаспадарчае мыла, вадкае мыла ці шампуні, зубная шчотка, зубная паста, пластмасавыя футаралы для мыла і зубной шчоткі, крэмы, расчоска пластмасавая), пральны парашок. Туалетныя прыналежнасці павінны быць: туалетное і гаспадарчае мыла — завадскога вырабу; зубная паста, крэмы — без парушэнняў цэласнасці завадской упакоўкі; вадкае мыла або шампунь — у празрыстай тары; грэбень — з пластыку.
  • Люстэрка кішэннае (пры адсутнасці люстэрка ў камеры), брытву электрычную або механічную, брытвы бяспечныя разавага карыстання.
  • Рэчавы мяшок або сумку.
  • Акуляры, футаралы пластмасавыя для акуляраў.
  • Хусткі, паясы, бюстгальтары, марлю, заколкі (пластмасавыя), вазелін, вату, гігіенічныя тампоны, касметычныя прыналежнасці, бігудзі пластмасавыя (для жанчын).
  • Мыліцы драўляныя, кійкі, пратэзы, танометры, глюкометры, артапедычныя паясы (пры дазволе медыцынскага работніка СІЗА).
  • Электрычны кіпяцільнік бытавы завадскога вырабу (магутнасцю не больш за 500 Вт).
  • Мачалка або губка.
  • Асадка, стрыжні да яе (сіняга або чорнага колеру), алоўкі (фламастары — для дзяцей).
  • Паперу для ліста, вучнёўскія сшыткі, паштовыя канверты, паштоўкі, паштовыя маркі.
  • Туалетную паперу, набытую ў краме СІЗА.
  • Прадметы рэлігійнага культу для нашэння, вырабленыя з дрэва альбо пластыка, некаштоўных камянёў.
  • Пасцельная бялізна ў адным камплекце (дзве прасціны і навалачка), ручнік.
  • Мастацкая ці іншая літаратура, а таксама выданні перыядычнага друку — не больш за пяць найменняў.
  • Фотаздымкі.
  • Настольныя гульні (шашкі, шахматы, даміно, нарды) — адзін камплект.
  • Лекавыя сродкі, прадметы і вырабы медыцынскага прызначэння (пры дазволе медыцынскага работніка СІЗА).
  • Дакументы і запісы, якія адносяцца да крымінальнай справы альбо якія датычацца пытанняў рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў.
  • Бланкі паштовых адпраўленняў, квітанцыі на здадзеныя на захоўванне грошы, каштоўныя рэчы, каштоўныя паперы, дакументы і іншыя прадметы.

Ежа:

  • Хлеб і хлебабулачныя вырабы.
  • Кандытарскія вырабы: цукеркі, шакалад, мармелад, зефір, пасціла, халва, печыва, вафлі, пернікі, сухары, сушкі, абаранкі.
  • Цукар-рафінад, цукар-пясок, фруктоза.
  • Каўбасныя вырабы (сыравэнджаныя, сыравяленыя).
  • Сыравэнджаныя вырабы з мяса (акрамя птушкі).
  • Сала салёнае.
  • Зеляніна.
  • Безалкагольныя напоі, за выключэннем квасу (у пластыкавай празрыстай тары).
  • Чыпсы, мюслі, збожжавыя шматкі.
  • Алей.
  • Сыры цвёрдыя.
  • Філе рыбы салёнай (у вакуумнай упакоўцы).
  • Гародніна свежая.
  • Садавіна свежая (яблыкі, грушы, лімоны).
  • Сухафрукты (курага, чарнасліў, разынкі), арэхі (пачышчаныя).
  • Чай, кава, какава.
  • Прадукты харчавання, якія ўваходзяць у склад перадачы або пасылкі, павінны быць спакаваныя без прыкмет псавання, з няскончаным тэрмінам прыдатнасці.
  • Для асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай і праходзяць курс лячэння ў следчым ізалятары, па рэкамендацыі дактароў могуць прымацца харчовыя прадукты, не ўключаныя ў спіс.
  • Грошы ў беларускіх рублях перасылаюцца паштовым пераводам на імя арыштаванага і без абмежавання сумы.

Што нельга перадаваць?

Перадаваць у перадачах і пасылках літаратуру і падпісныя выданні забараняецца, але асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць карыстацца мастацкай і іншай літаратурай, а таксама выданнямі перыядычнага друку з бібліятэкі СІЗА, а таксама набываць для сябе літаратуру праз адміністрацыю СІЗА ў гандлёвай сетцы па безнаяўным разліку і падпісвацца на газеты і часопісы.

Падрабязней ТУТ

Карысныя спасылкі:

Правілы ўнутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту можна пачытаць ТУТ

Валанцёры збіраюць перадачы для тых, каму ніхто не перадае. Таму пазначайце ў ТАБЛІЧЦЫ, калі і каму вы перадалі перадачу, каб спрасціць працу валанцёрам.

Калі вы жадаеце дапамагчы бязвінна арыштаваным альбо вам самім трэба дапамога, то ГЭТА спасылка для вас.

Іншую карысную інфармацыю альбо кансультацыю вы можаце атрымаць у «вясноўцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?