31 сакавіка, пасьля трох гадоў зьняволеньня, выйшаў на свабоду праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
«Мяне апраўдалі ўчора і сёньня вызвалілі з турмы пад палітычным ціскам, пад ціскам грамадзкасьці. Лукашэнка вымушаны быў павярнуцца да Захаду, паколькі эканамічная сытуацыя ў краіне кепская», — сказаў Андрэй Бандарэнка Свабодзе і паехаў дамоў да свайго бацькі Валерыя Бандарэнкі ў Кіраўскі раён Магілёўскай вобласьці.
Апошнія амаль паўтара года яго ўтрымлівалі ў Магілёўскай турме № 4. З ініцыятывы адміністрацыі папраўчай установы Сьледчы камітэт распачаў быў крымінальную справу супраць Андрэя Бандарэнкі як злоснага парушальніка рэжыму адбыцьця пакараньня.
Яму інкрымінавалі другую частку артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу. Вязьню пагражалі дадатковыя два гады калоніі.
За дзень да тэрміну вызваленьня Ленінскі раённы суд Магілёва апраўдаў падсуднага. Судзьдзя Сяргей Мазураў ня ўгледзеў у дзеяньнях Бандарэнкі складу злачынства. Дзяржаўны абвінаваўца ж прасіў для Бандарэнкі год пазбаўленьня волі.