На выбарах 2006 года болей за 230 тысяч беларусаў прагаласавалі «супраць усіх», гаворыць афіцыйная статыстыка. Гэта каля 3,5% выбарцаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні. Чыста тэарэтычна такая лічба цалкам можа быць.

Праблема ў іншым: анамальныя лічбы «супраць усіх» у двух рэгіёнах краіны, а менавіта па Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

Афіцыйныя дадзеныя. Лічба тых, хто прагаласаваў «супраць усіх» па абласцях і Мінску

Брэсцкая Віцебская Гомельская Гродзенская Мінская Магілёўск. г. Мінск
50 895 28 543 9 083 32 280 34 782 300 74 437

Для параўнання, калі ў Віцебскай вобласці супраць усіх прагаласавалі амаль 30 тысяч чалавек, у Брэсцкай — 51 тысяча, дык у Магілёўскай — толькі роўненька 300 чалавек! Сітуацыя зусім неверагодная.

У шмат якіх раёнах Беларусі колькасць тых, хто аддаў голас «супраць усіх», выйшла куды большая, чым лічба па ўсёй Магілёўскай вобласці. Напрыклад, у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці «супраць усіх» прагаласавалі 312 чалавек. У Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці такіх было 1290 чалавек, а ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці — 5970.

А вось, для параўнання, афіцыйныя дадзеныя што да галасоў «супраць усіх» па 10 найвялікшых гарадах Беларусі:

Горад Колькасць галасоў «супраць усіх»
Мінск 74437
Гомель 4585
Магілёў 122
Віцебск 13955
Горадня 23136
Берасце 16362
Бабруйск 0
Баранавічы 9935
Барысаў 3518
Пінск 6550

Як бачым, у Бабруйску Магілёўскай вобласці (7-ы па велічыні горад краіны) «супраць усіх» як быццам зусім ніхто не прагаласаваў. А ў Магілёве такіх толькі 122 чалавекі, і ўсе яны без вынятку жывуць у Ленінскай выбарчай акрузе, а па Кастрычніцкай акрузе такіх — зноў-такі нуль! Сітуацыя з лагічнага і матэматычнага гледзішча зусім неверагодная.

З чаго б гэта жыхары гарадоў Магілёўшчыны, непадобна да беларусаў іншых рэгіёнаў краіны, мэтакіравана не галасавалі «супраць усіх», ані да разумення.

Ніякіх уцямных тлумачэнняў такой з'яве няма. Апроч аднаго: усе гэтыя лічбы штучныя.

І пацвярджае гэта статыстыка галасавання «супраць усіх» па раёнах краіны. Калі паглядзець на афіцыйныя дадзеныя па ўсіх раёнах, дык бачым абсурдную сітуацыю.

У Магілёўскай вобласці ў большасці раёнаў «супраць усіх» як быццам не галасаваў зусім ніхто! Яшчэ тры такія раёны ў Гомельскай вобласці. Болей за тое, у выніковых лічбах па Жлобінскім і Мазырскім раёнах (у чырвоным колеры) увогуле немажлівая сітуацыя. Там лічба тых, хто прагаласаваў «супраць усіх», выходзіць ніжэйшай за нуль!

Іначай кажучы, калі скласці лічбы тых, хто прагаласаваў за кожнага з кандыдатаў, і лічбу нядзейных бюлетэняў па Жлобінскім і Мазырскім раёнах, тады агульная сума выйдзе большай (на 151 і 45, адпаведна) за лічбу людзей, што прагаласавалі. Выходзіць, каб лічбы збегліся, колькасць тых, хто прагаласаваў «супраць усіх», мусіць быць мінус 151 і мінус 45 чалавек. Як такія выніковыя лічбы ўвогуле зацвердзіла Цэнтральная выбарчая камісія, не зразумела.

Раёны, дзе на выбарах-2006 «супраць усіх» як быццам прагаласавала нуль і меней чалавек

Справа ў тым, што ў выніковых табліцах Цэнтральнага выбарчага камітэта за 2006 год, у адрозненне да пазнейшых выбарчых кампаній, увогуле няма графы «супраць усіх». Там пазначаная агульная колькасць людзей, што прагаласавалі, колькасць галасоў за кожнага з кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама лічба нядзейных бюлетэняў.

Так выглядаюць выніковыя табліцы выбараў за 2006 год. Графы «супраць усіх» няма.

Падобна на тое, што каманды людзей, якія ўводзілі абагульненыя лічбы па Магілёўскай і Гомельскай абласцях, вырашылі спрасціць сабе задачу. І стваралі выніковую статыстыку па шмат якіх раёнах, увогуле ніяк не беручы да ўвагі галасы «супраць усіх». Такой графы ў выніковых табліцах не было, таму і шматлікія нулі іх не збянтэжылі.

У выніках прэзідэнцкіх выбараў 2010 і 2015 гадоў, дзе ўжо пазначаецца лічба тых, хто прагаласаваў «супраць усіх», такіх анамалій з галасамі «супраць» па Магілёўшчыне і Гомельшчыне няма, як і па іншых рэгіёнах Беларусі іх няма.

Так выглядаюць выніковыя табліцы выбараў за 2015 год. Ёсць асобная (перадапошняя) графа «Супраць усіх». І ўжо няма ніводнага раёна краіны, дзе «супраць усіх» ніхто б не прагаласаваў.

Ніжэй прыведзеная яшчэ адна карта, што адлюстроўвае афіцыйныя лічбы галасавання «супраць усіх» па ўсіх раёнах Беларусі.

Колькасць галасоў «Супраць усіх» па раёнах краіны на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. 

Заўвагі: за выключэннем найвялікшых гарадоў краіны. У белым колеры раёны, дзе «супраць усіх», паводле афіцыйных дадзеных, не выявілі ніводнага бюлетэня, а ў чырвоным колеры — раёны, дзе мусяць быць немагчымыя адмоўныя паказнікі галасавання «супраць усіх».

Крыніца афіцыйных дадзеных з вынікамі выбараў-2006: сайт ЦВК, дублікат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?