Дачка прэзідэнта ЗША Іванка Трамп атрымала афіцыйны статус дарадцы кіраўніка Белага дома. Гэта першы ў гісторыі ЗША выпадак, калі бліжэйшы сваяк кіраўніка дзяржавы становіцца яго дарадцам. Сёлета спаўняецца 40 гадоў закону, прынятаму спецыяльна для таго, каб перашкодзіць кумаўству ва ўладзе, аднак на прэзідэнта ЗША яго дзеянне не распаўсюджваецца, піша Gazeta.ru

Reuters

Reuters

Іванка Трамп, якая ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі свайго бацькі была яго памочніцай, цяпер атрымае пасаду афіцыйнага дарадцы прэзідэнта. На гэтым тыдні, у сераду, 29 сакавіка, Белы дом паведаміў пра гэта афіцыйна.

Гэта азначае, што цяпер дачка амерыканскага прэзідэнта зможа прысутнічаць на яго сустрэчах з кіраўніцтвам краіны, для чаго будзе мець спецыяльны ўзровень допуску.

Іванка Трамп заявіла, што стала супрацоўнікам Белага дома, каб «прытрымлівацца правіл, якіх трымаюцца ўсе федэральныя служачыя». Як распавяла спадарыня Трамп, яна збіраецца працаваць на бязвыплатнай аснове. Праўда, пры гэтым яна адзначыла, што яе новая роля будзе «беспрэцэдэнтнай».

Выпадкаў, калі дзеці прэзідэнтаў атрымлівалі афіцыйную ролю ў Белым доме, у найноўшай гісторыі ЗША практычна не было. Аднак эксперты адзначаюць, што само прэзідэнцтва Трампа з'яўляецца незвычайным, бо яно парушае многія няпісаныя законы прэзідэнцкай адміністрацыі.

Газета The New York Times піша, што прызначэнне Іванкі Трамп на гэтую пасаду азначае «фармальнае прызнанне таго, што для Трампа значыць лаяльнасць яго дачкі і зяця». Такім чынам, цяпер прэзідэнту Трампу парады будзе даваць шлюбная пара Трамп — Кушнер, якая вядомая сваімі больш ліберальнымі поглядамі ў дачыненні да міграцыі і правоў меншасцяў, чым сам прэзідэнт ЗША.

Да таго ж абодва з'яўляліся выбаршчыкамі Дэмакратычнай партыі. Гэта азначае, што яны змогуць стаць ліберальнай процівагай ультракансерватыўным дарадцам Трампа накшталт Стыва Бэнана.

Дадамо, што афіцыйна забароны на працу сваякоў у Белым доме няма, бо прэзідэнт валодае адмысловымі правамі пры прызначэнні на пасады — у адрозненне ад прадстаўнікоў іншых галін улады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?