У беларуска-расійскіх адносінах не засталося спрэчных пытанняў. Пра гэта заявіў Уладзімір Пуцін па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае БЕЛТА.

«На сённяшні дзень спрэчных пытанняў не засталося. Мы будзем рухацца далей, будзем умацоўваць саюзніцкія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы і працаваць над умацаваннем нарматыўна-прававой базы і над развіццём Еўразійскага эканамічнага саюза», — заявіў Пуцін.

Ён паведаміў, што бакі знайшлі падыходы да ўрэгулявання нафтагазавых пытанняў. Дастаткова шмат часу на перамовах было нададзена ўзаемаадносінам у сферы фінансаў і ў канкрэтных галінах эканомікі, у тым ліку ў высокатэхналагічных сферах. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб магчымым пашырэнні сумеснай працы ў сферы космасу.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму лідару за тое, што, нягледзячы на падзеі, якія адбыліся, бакі знайшлі магчымасць сесці за стол перамоў. «Нягледзячы на гэтую праблему, вы змаглі правесці перамовы. І, як вы толькі што сказалі, у нас не засталося нявырашаных пытанняў. Вядома, дрэнна, што прэзідэнтам даводзіцца ўмешвацца ў тыя ці іншыя праблемы не нашага ўзроўню. Але што зробіш, такая практыка», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«На сённяшні дзень у нас не засталося нявырашаных пытанняў. Больш за тое, мы змаглі зазірнуць у будучыню функцыянавання нашых эканомік. Мы вырашылі гэтыя пытанні. Думаю, што на працягу дзесяці дзён нашы ўрады гэта ўсё фармалізуюць і ўвядуць нашы эканомікі ў нармальны рытм працы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0