Фота: Міхаіл Кляменцьеў / РІА Новості / AP

Фота: Міхаіл Кляменцьеў / РІА Новості / AP

2 красавіка споўнілася 20 гадоў Саюзу Расеі і Беларусі, але «брацкія» дзяржавы сустракаюць круглую дату ў найніжэйшым пункце сваіх адносін, прынамсі, за апошнія шэсць-сем гадоў. Беларуска-расейскія адносіны перажываюць «поўнамаштабны комплексны крызіс, які ўключае як рознагалоссі па канкрэтных пытаннях эканамічнага зместу, так і супярэчнасці па фундаментальных пытаннях стратэгічнага і ваенна-палітычнага характару», лічыць мінскі Цэнтр стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў. Напярэдадні юбілею саюза, у лютым, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што Расея «пінае ў хвост і ў грыву» дамоўленасці паміж дзвюма краінамі, у тым ліку ў пытанні цаны на расейскі газ. Адна з прычын такіх паводзін Масквы, на думку Лукашэнкі, — пэўныя сілы ў расійскім істэблішменце, але толькі не прэзідэнт Уладзімір Пуцін, якога Лукашэнка 28 сакавіка назваў «родным братам».

Больш за $100 млрд за 11 гадоў

Крэмль у той жа дзень, калі Лукашэнка на сваёй вялікай прэс-канферэнцыі 15 хвілін запар лаяў расейскія ўлады, адказаў лічбамі, з якіх вынікае, што «расейскі бок аказваў і працягвае аказваць маштабную эканамічную, палітычную і іншую дапамогу Беларусі». У якасці прыкладу прэс-служба Крамля прывяла выдзяленне Мінску больш чым $6 млрд крэдытаў па розных кірунках і бяспошлінныя штогадовыя пастаўкі нафты ў перыяд з 2011 па 2015 год у аб'ёме ад 18 млн да 23 млн т. «Усяго наш расійскі бюджэт у гэты перыяд недаатрымаў $22,3 млрд. Усё гэта з'яўляецца не чым іншым, як простай і ўскоснай падтрымкай нашай саюзнай дзяржавы», — гаварылася ў заяве.

Якія рэальныя маштабы эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі? «Калі вы пагледзіце лічбы, якія называе МВФ, то ўбачыце ўражлівыя лічбы схаванай і прамой падтрымкі беларускай эканомікі», — даў наводку Пуцін у канцы лютага на прэс-канферэнцыі ў Бішкеку. Сапраўды, МВФ у верасні 2016 года ацэньваў агульную падтрымку беларускай эканомікі з боку Расеі ў $106 млрд толькі за перыяд 2005—2015 гадоў, або каля $9,7 млрд на год (гл. інфаграфіку). У розных гадах аб'ём «агульнай чыстай падтрымкі» ад Расіі вар'іраваўся ад 11 да 27% беларускага ВУП, вынікае са звестак МВФ, перададзеных РБК. Але відаць, што ў апошнія гады расейская дапамога беларускай эканоміцы скарачаецца, і гэта можа збольшага патлумачыць апошнюю незадаволенасць Лукашэнкі.

Мадэль адносін спрошчана можна апісаць так: «Фінансава-эканамічная падтрымка абменьваецца на пэўную ступень палітычнай лаяльнасці з боку Беларусі», — кажа старшы эканаміст Raiffeisen Bank International па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Андрэас Швабе. «Беларуская эканоміка няўстойлівая без расійскай падтрымкі. Дзіўна, як прэзідэнт Лукашэнка здолеў забяспечыць няспынную расійскую падтрымку на працягу такога доўгага часу, 20—25 гадоў», — сказаў Швабе РБК. Але ў апошні час Беларусь дэманструе прыкметы «палітычнай нелаяльнасці» (не падтрымлівае ўкраінскую палітыку Расеі, контрсанкцыі), а Расея пачынае абмяжоўваць фінансава-эканамічную падтрымку (скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь, падвышае кошты на газ, памяншае закупкі беларускіх прамысловых тавараў), разважае эканаміст, дадаючы, што, нягледзячы на ўсе рознагалоссі, фундаментальныя адносіны Расіі з Беларуссю застаюцца «на дзіва стабільнымі».

МВФ лічыць агульную падтрымку як суму двух кампанентаў — схаваныя субсідыі за кошт скідак на расійскія энерганосьбіты і чыстая фінансавая падтрымка. Выходзіць найбольш шырокая ацэнка, паколькі ў складзе фінансавай падтрымкі МВФ улічвае не толькі міждзяржаўныя крэдыты, але і баланс узаемных прамых інвестыцый, а таксама крэдыты для Мінска па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР, былы антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС), рэсурсы якога на 88% сфармаваныя расійскімі ўнёскамі (на канец 2015 года Мінск быў вінен фонду $1,94 млрд, а ў 2016 год заняў там яшчэ $800 млн).

Дзярждапамога

Такі падыход можа быць не зусім сумленны, калі патрабуецца ацаніць менавіта дзяржаўную фінансавую дапамогу, кажа аналітык АКРА Дзмітрый Кулікоў, — сярод прамых замежных інвестыцый ёсць прыватныя, яны могуць прыносіць рэальны прыбытак, калі ў Расію вяртаюцца дывідэнды або працэнты. На яго думку, разумна былі б узяць для разліку запазычанасці Беларусі па дзяржкрэдыце (уключаючы крэдыты расійскіх дзяржбанкаў беларускаму ўраду) і суму назапашаных субсідый па нафтагазавых пастаўках, а прамыя інвестыцыі не ўлічваць.

Запазычанасць Беларусі па міжурадавых крэдытах ад Расеі на канец 2015 г. складала $6,02 млрд, як вынікае з плацёжнага балансу саюзнай дзяржавы, даступнага на сайце Банка Расіі (за 2016 год агляду яшчэ няма). Мінфін Расіі адмовіўся раскрыць РБК бягучую запазычанасць беларускага ўраду, а Мінфін Беларусі не адказаў на запыт РБК. У апошні раз аб міжурадавай пазыцы публічна паведамлялася ў ліпені 2015 года, калі Мінск атрымаў расейскі крэдыт на $760 млн. Як вынікае з плацёжнага балансу Беларусі з Расіяй за 2016 год (даступны на сайце беларускага Нацбанка), у мінулым годзе чыстыя запазычанні беларускага ўрада ў Расіі склалі $250 млн, але гэта маглі быць пазыкі ў расейскіх дзяржбанкаў. Іх дапамога — вялікі канал расейскіх уліванняў у беларускую эканоміку.

У 2012 годзе Знешэканомбанк дамовіўся перадаць Беларусі да $10 млрд пад будаўніцтва Беларускай АЭС па міжурадавым пагадненні, але пакуль выдзелены толькі першы транш у памеры $500 млн (у маі 2014 года), а выбрана з яго толькі $248 млн, казаў у снежні кіраўнік ЗЭБа Сяргей Гаркоў, Ашчадбанк крэдытаваў дзяржаўны «Беларуськалій» — на $900 млн у 2011 годзе і на $550 млн у 2015-м. У цэлым па стане на 1 кастрычніка расійкія банкі атрымалі ў Беларусі актываў на $4,9 млрд (за вылікам іх абавязацельстваў там — $ 3,7 млрд). ВЭБ, Сбербанк і Газпромбанк не адказалі на запыты РБК, а ВТБ паведаміў, што партфель крэдытаў яго беларускай «дачкі» мясцовым прадпрыемствам з дзяржудзелам складае ў пераліку з беларускіх рублёў каля $ 75 млн.

Найбуйнейшы інвестар

Прамыя інвестыцыі (ПЗІ) Расіі ў беларускую эканоміку займаюць ад 57 да 64% агульных замежных укладанняў у краіну, па дадзеных Нацбанка Беларусі за 2010—2015 гады. Пры гэтым расійскія ПЗІ ў Беларусь скарачаюцца, паказвае статыстыка расійскага ЦБ (гл. інфаграфіку): чыстыя назапашаныя інвестыцыі дасягалі піка ў 2010 годзе ($ 5,6 млрд), а на 1 кастрычніка 2016 года складалі $ 3,4 млрд.

Афіцыйная расійская статыстыка заніжае аб'ём укладанняў у Беларусь, сцвярджае Цэнтр інтэграцыйных даследаванняў Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), які вядзе ўласны маніторынг узаемных прамых інвестыцый у СНД. Калі па дадзеных ЦБ памер назапашаных інвестыцый з Расеі ў Беларусь у 2015 годзе склаў $3,6 млрд, то маніторынг ЕАБР паказвае лічбу $8,3 млрд. Банк апроч іншага аналізуе карпаратыўную справаздачнасць і паведамленні СМІ; акрамя таго, у адрозненне ад расійскага рэгулятара, ён ўлічвае інвестыцыі праз афшоры і іншыя «перавалачныя базы» капіталу. Паказчык ЦБ уключае курсавыя, рынкавыя пераацэнкі і іншыя змены.

Беларусь — лідар па расійскіх уваходных інвестыцыях сярод краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Зрэшты, гэта адбылося галоўным чынам за кошт куплі «Газпромам» кампаніі «Белтрансгаза» (цяпер — «Газпром трансгаз Беларусь»), на якую канцэрн выдаткаваў $5 млрд у перыяд з 2007 па 2011 год. Іншы значны расійскі праект — інвестыцыі ў «дочкі» ЗЭБ і МТС, у магістральны трубаправод «Транснефть» і Мазырскі НПЗ.

Колькі губляе Расея?

Да 90% эканамічнай падтрымкі Беларусі з боку Расеі ў разуменні МВФ прыпадае на схаваныя субсідыі па пастаўках газу, нафты і нафтапрадуктаў. Загадчык сектара «Эканоміка і фінансы» Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў ацэньвае, што агульны аб'ём расійскага субсідзіравання Беларусі льготнымі пастаўкамі энерганосьбітаў з пачатку 2000-х гадоў склаў амаль $100 млрд, або больш за 200% беларускага ВУП за 2016 год. Субсідыі па газе ў 2001—2016 гадах склалі $49,4 млрд, па нафце — $ 46,9 млрд, вынікае з разліку Агібалава для РБК. І ў адрозненне ад крэдытаў, якія вяртаюцца з працэнтамі, нафтагазавыя льготы для Беларусі — гэта незваротныя ўскосныя страты расійскага бюджэту. «Гэта для нас не выкінутыя грошы — гэта пралічаныя крокі ў разліку на будучы вынік», — запэўніваў Уладзімір Пуцін у канцы лютага.

«Усе гады незалежнасці Беларусь атрымлівала газ ад Расіі на выключна выгадных умовах — у асобныя гады яна купляла газ у разы танней, чым усе суседнія еўрапейскія краіны», — адзначае Агібалаў. Газавую льготу ён разлічвае як розніцу ў кошце імпарту з Германіяй (гэта супастаўны буйны спажывец, цана расейскага газу на мяжы з Германіяй публікуецца ў адкрытых крыніцах, і яе можна лічыць рынкавай канкурэнтаздольнай цаной, тлумачыць ён). Але ў 2016 годе газавай субсідыі рэзка скараціліся — усяго толькі да $350 млн з $2,2 млрд годам раней, па разліках Агібалава; і расейскія ўлады да канца сакавіка 2017 года налічылі ўжо $700 млн запазычанасці Беларусі за пастаўлены газ.

Расія пастаўляе Беларусь сырую нафту бяспошлінна, а перапрацаваныя нафтапрадукты пастаўляюцца Беларуссю за мяжу са спагнаннем пошліны і залічэннем яе ў беларускім бюджэце. Субсідзіраванне з боку Расеі ў апошні час скарацілася з-за асаблівасці экспартнай пошліны. Зніжэнне сусветных коштаў на нафту прыводзіць да меншага зніжэння коштаў на імпарт сырой нафты, якую Беларусь увозіць з Расіі, у параўнанні са зніжэннем коштаў на нафтапрадукты, якія Беларусь экспартуе, — гэта вынік падатковага манеўру ў расійскай нафтавай галіне, тлумачыць Еўразійскі банк развіцця. «Пры высокіх цэнах на нафту Беларусь купляла яе ў два разы танней за рынкавую цану, а цяпер — на 25% танней, — канстатуе дырэктар Цэнтра даследаванняў міжнароднага гандлю РАНХіГС Аляксандр Кнобель. — Расія залежыць ад нафты і газу, а Беларусь гэтак жа залежыць ад расійскай нафтагазавай кан'юнктуры. Калі яна пагаршаецца, то абвастраюцца праблемы».

Ці зможа Беларусь адысці ад Расіі?

На фоне скарачэння расійскай эканамічнай падтрымкі Мінск спрабуе дыверсіфікаваць крыніцы фінансавай дапамогі і знешні гандаль, які абапіраецца на Расею, але зрабіць гэта складана, адзначае вядучы эксперт Цэнтра развіцця ВШЭ Сяргей Пухаў. Беларусь з 2015 года вядзе з МВФ перамовы аб патэнцыйным крэдыце да $3 млрд, а знятыя ў 2016 годе з краіны санкцыі Еўрасаюза ў прынцыпе адкрылі магчымасць для крэдытаў ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

«У плане гандлю Беларусь, вядома, спрабуе дыверсіфікаваць свой экспарт, наладзіць пастаўкі ў краіны Еўрасаюза, не жадае ні ў якім разе губляць украінскі рынак, — дадае Аляксандр Кнобель. — Расія для Беларусі — гэта палова гандлю, другая палова — гэта Украіна, Еўрасаюз (у асноўным Польшча і Балтыка), Расія — самы галоўны партнёр, але Мінск хоча гэтую долю знізіць і нарасціць прысутнасць на еўрапейскіх рынках».

Але Андрэас Швабе кажа, што пры Лукашэнку Беларусь наўрад ці зможа адвярнуцца ад Расеі. «Захад у абмен на істотную фінансавую падтрымку, імаверна, запатрабуе ад Мінска эканамічных рэформаў, што аслабіла б кантроль Лукашэнкі над эканомікай і дзяржавай у цэлым — а гэта для яго непрымальна», — разважае эканаміст. Ды і Расія пасля 2014 паказала сваёй палітыкай на постсавецкай прасторы, што не «дазволіць» Беларусі пайсці на такі крок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?