«Культура роднага краю» запрашае на выязную вандроўку з экскурсаводам Іванам Сацукевічам па аўтарскім маршруце «Ляхавіцкія таямніцы». Вандроўка адбудзецца ў нядзелю, 9 красавіка.

Экскурсія прысвечаная гістарычным і архітэктурным адметнасцям Ляхаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яна ўключае ў сябе таксама канцэрт у стылі фольк-блюз на вершы рэпрэсаваных беларускіх паэтаў. Выканаўцам выступіць гурт «Балцкі Субстрат» пад кіраўніцтвам музыкі, кампазітара і даследчыка Максіма Іўкіна.

Маршрут вандроўкі: Дарава — Флер’янава — Каранеўшчына — Падлессе — Ляхавічы — Грушаўка — Крывошын — Мядзведзічы — Савейкі.

У Дарава запланаваны агляд касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (1938). Гэта адзін з самых арыгінальных у Беларусі храмаў, пры ўзвядзенні якога выкарыстоўваліся бетонныя блокі нямецкіх ДАКаў Першай сусветнай вайны. Таксама будзе магчымасць даведацца пра пакручасты лёс пробашча касцёла, вязня ГУЛАГу, «амерыканскага шпіёна» Станіслава Шаплевіча.

У Флер'янава ўдзельнікі наведаюць рамантычную сядзібу Бохвіцаў (1870), збудаваную з чырвонай цэглы. Даведаюцца, чаму ў гэтай сядзібе часта гасцявала вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка, а таксама пазнаёмяцца з найцікавейшым сённяшнім уладальнікам гэтай сядзібы — апантаным дзіваком, былым старшынёй калгаса, 80-гадовым Генрыхам Міхайлавічам Траццяком, які выкупіў сядзібу за адну базавую велічыню і штомесяц разам з жонкай выдаткоўвае 50% сваёй пенсіі на яе аднаўленне.

У вёсцы Падлессе ўдзельнікаў чакае сустрэча з дзіўным драўляным праваслаўным храмам, які спалучае ў сваім стылі барока і класіцызм. У Падлессі нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх святароў-навамучанікаў Серафім Жыровіцкі. Падчас Другой сусветнай вайны ён адкрыў ва Усходняй Беларусі 74 праваслаўныя храмы, зачыненыя бальшавікамі, за што пасля вайны быў жорстка закатаваны ў ГУЛАГу.

У Ляхавічах удзельнікі змогуць разгадаць адразу некалькі таямніц. Па-першае, зразумеюць, чаму гэты горад так называецца, а заадно раскрыюць загадку паходжання назвы ракі Ведзьмы, на берагах якой ён размешчаны. Па-другое, даведаюцца, чаму ўладальніцай горада ў сярэдзіне 16 ст. была Барбара Радзівіл. Таксама змогуць аддаць даніну памяці бітве, што адбылася там у 1660 годзе і моцна паўплывала на лёс беларускага народа. Даведаюцца, як і чаму амаль 120 гадоў знаходзіўся ў Ляхавічах цудатворны абраз Маці Божай Бялыніцкай.

У Грушаўцы будзе магчымасць узгадаць гісторыю апошняга героя Рэчы Паспалітай Тадэвуша Рэйтана — беларускага шляхціча, які ў адзіночку здзейсніў гераічны чын пратэсту супраць падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Экскурсанты наведаюць сядзібна-паркавы ансамбль Рэйтанаў. Разынка вандроўкі — неагатычная капліца-пахавальня Рэйтанаў у Грушаўцы.

У Крывошыне група пабачыць велічную Пакроўскую царкву, былы касцёл 1740 года пабудовы. Таксама наведае Мядзведзічы і мясцовы касцёл Святых Пятра і Паўла (1908). На завяршэнне экскурсіі ў Савейках запланавана наведванне палацава-паркавага комплекса Навіцкіх 1850 года.

Кошт вандроўкі — 38 бел. руб, для заўсёднікаў і для груп ад 4-х чалавек (пры ўмове папярэдняй аплаты) — 35 бел. руб.

Сумарная працягласць экскурсіі — каля 12 гадзін.

Запіс на вандроўку і ўся папярэдняя інфармацыя па тэлефонах: +375291342804, +375255458430 (Валерыя).

Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Культура роднага краю» УНП 192664818

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0