Сапраўдная слава да Аляксандра Неўскага прыйшла за часамі Пятра І, калі Расея пачала адваёву берагоў Нявы ў Швецыі. Наступны раз Неўскі спатрэбіўся Сталіну…

Савецкія гісторыкі апісвалі бітву ХІІІ ст. па мініятуры XVI ст.

Савецкія гісторыкі апісвалі бітву ХІІІ ст. па мініятуры XVI ст.

Кожны савецкі школьнік цвёрда ведаў, што: «У 1242 годзе наўгародскі князь Аляксандр Яраслававіч Неўскі, вызваляючы Пскоў, заняты лівонскімі рыцарамі, разбіў крыжакоў на лёдзе Чудскага возера. Нямецкае войска, пастроенае клінам, або «свіннёй», было акружанае і знішчана флангавымі ўдарамі наўгародскай конніцы і засаднага палка. Рыцары ў цяжкім узбраенні праваліліся пад лёд, які іх не вытрымаў. Бітва назаўжды спыніла крыжацкую агрэсію на Ноўгарад…» І далей прыкладна ў такім ключы.

А як было насамрэч?

Ёсць дзве больш-менш вартыя даверу крыніцы інфармацыі пра «лядовае пабоішча» — Першы Наўгародскі летапіс і «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага.

Летапіс сведчыць, што Аляксандр хадзіў у лівонскія землі не адзін, а з братам Андрэем Яраслававічам, які прывёў на помач суздальскую дружыну. Андрэй і называецца галоўным героем тых падзей. Месца бітвы таксама акрэсліваецца досыць умоўна: «за Псковам, на возеры». Указанні на Чудскае возера і «Варонін камень» з’явіліся ў пазнейшых крыніцах. З тых крыніцаў гэтаксама таямніча знік брат.

Крыжацкі храніст Генрых, які яшчэ мог гутарыць з жывымі сведкамі, адзначае, што забітыя падчас сутыкнення падалі… на траву. Пра бітву пішуць скупа, сцісла, як пра шараговы памежны канфлікт: сутычку падчас набегу наўгародцаў на лівонскія землі, які адбыўся ў адказ на набег лівонцаў на Пскоў.

Крыжацкае войска не магло складацца выключна з рыцараў.

Рыцараў ва ўсёй Лівоніі на той момант было добра калі сто. Асноўную яго частку складалі кнехты-пехацінцы, чудскія і ліўскія дружыны. Забіта было, паводле першага летапісу, 400 «немцаў» і «чудзі без ліку», 50 трапіла ў палон. Генрых піша, што загінулі 20 рыцараў.

Навошта было раздзьмухваць з гэтай сутычкі «Лядовае пабоішча»? Qui prodest? Расійскі гісторык Уладзімір Аракчэеў вызначае некалькі этапаў стварэння легенды. Першы — 1381 год. Маскоўскае княства тады спрабавала вызваліцца ад татараў, была патрэба ў станоўчых вобразах змагароў-патрыётаў. У той час мошчы князя Аляксандра, які прыняў манаства перад смерцю, былі «цудоўна адшуканыя».

Кананізаваны князь быў у 1549 г., калі патрэба ў гераічных прыкладах з гісторыі вырасла яшчэ больш — у той час Іван Жахлівы змагаўся з Казанскім ханствам.

Было напісана літаратурнае «Жыціе» князя, цытаты з якога траплялі ў пазнейшыя летапісы ўжо як рэальныя факты.

Але

сапраўдная слава, піша гісторык, прыйшла да Неўскага за часамі Пятра І, калі Расея пачала адваёву берагоў Нявы ў Швецыі.

У Санкт-Пецярбургу збудавалі Аляксандра-Неўскую лаўру, куды з Уладзіміра перанеслі мошчы князя.

Наступны раз Неўскі спатрэбіўся Сталіну.

І быў увекавечаны сродкамі «найважнейшага з мастацтваў».

Менавіта фільмам Сяргея Эйзенштэйна «Аляксандр Неўскі» быў замацаваны міф пра лёд, які праламіўся пад рыцарамі

(хоць у той час што крыжакі, што наўгародскія цяжкаўзброеныя коннікі мелі на сабе аднолькавыя 18—30 кг жалеззя).

З фільма — і словы Неўскага «хто да нас з мячом прыйдзе — ад мяча і загіне».

У тым кіно, знятым у 1938 г., трапляюцца і наўпростыя савецкія перадваенныя лозунгі. Напрыклад, Неўскі кажа, што біць ворага будзе на чужой тэрыторыі.
Таксама «Лядоваму пабоішчу» прысвяціў выдатную па мастацкай сіле паэму Канстанцін Сіманаў, правёўшы паралелі з 1242-га ў 1937-мы.

Недзе ў працэсе «лакавання» Неўскага была «цудоўна знойдзеная» і падрабязная тактычная схема Лядовага пабоішча. Якая дзіўна нагадвае бітву пры Канах паміж войскамі Рыма і Карфагена (216 г. да н. э.). Характэрна ўжо тое, што

звесткі пра наяўнасць у Неўскага засаднага палка савецкія гісторыкі знайшлі на… мініятуры XVI ст.

У 1950-я на Чудскае возера былі арганізаваныя аж тры археалагічныя экспедыцыі. Ні брацкай магілы вояў, ні хоць якіх слядоў зброі на дне і ў наваколлі не было адшукана.

Але міф працягвае жыць. Аляксандр Неўскі, абагнаўшы Сталіна, перамог у конкурсе «Імя Расіі».

Рэальны князь Аляксандр Яраслававіч цікавейшы за свой аднабокі агіяграфічны вобраз. Гэта жорсткі сын свайго часу, які ўмеў мірыцца з Ардой і выкарыстоўваць яе супраць сваіх палітычных праціўнікаў, адразаў баярам насы за здраду, прыязна перапісваўся з Папам, абяцаючы пабудаваць у Пскове касцёл (праз шэсць гадоў пасля «эпахальнай перамогі» на Чудскім возеры!).

З Беларуссю ён звязаны трывалымі дынастычнымі сувязямі.

Аляксандр быў жанаты з Аляксандрай, дачкой полацкага князя Брачыслава.

Яго ўнучка Марфа выйшла замуж за пскоўскага князя Цімафея — таго самага Даўмонта, які ўцёк з Літвы пасля забойства Міндоўга. Іх сын, паводле адной з версій, — легендарны Давыд Гарадзенскі, які прысвяціў усё жыццё барацьбе з крыжакамі. Ён, відаць, і не падазраваў пра «эпахальную перамогу» свайго прадзеда на Чудскім возеры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?