Вынікі беларускіх парламенцкіх выбараў 2016-га года розняцца ад выбараў 2008 і 2012 гадоў не толькі тым, што ў парламент прайшла прадстаўніца апазіцыйнай партыі Ганна Канапацкая.

Ёсць прынцыповая і вельмі важная характарыстыка, якая дадаткова, хай і ўскосна, ставіць пад сумнеў усе афіцыйныя вынікі. Справа ў тым, што на выбарах 2008 і 2012 года ўсе кандыдаты-пераможцы адразу набіралі больш за 50% галасоў, а на апошніх выбарах карціна рэзка змянілася.

Відавочна, што разгадка гэтага — новыя выбарчыя правілы, якія дазваляюць уладнай вертыкалі трохі расслабіцца з прыпіскамі.

Справа ў тым, што раней дзейнічаў прынцып абсалютнай большасці галасоў: кандыдат перамагаў па сваёй акрузе ў першым жа туры, калі набіраў больш за палову галасоў, гэта значыць, больш за 50%.

У іншым выпадку патрабаваўся другі тур з удзелам двух кандыдатаў, якія набралі большую колькасць галасоў.

Каб не было працягу выбарчай каніцелі, кожнаму кандыдату-пераможцу на ўсіх 110 акругах трэба было абавязкова адразу ж набіраць больш за палову галасоў. Што цудоўным чынам і адбывалася і ў 2008, і ў 2012.

Згодна з новымі правіламі на выбарах-2016, у парламент аўтаматычна праходзіў кандыдат, які набіраў простую большасць галасоў, без усялякіх другіх тураў. Гэта значыць, атрымаць перамогу цяпер можна хоць і з 20%. Пры ўмове, што кожны з іншых кандыдатаў па акрузе набірае яшчэ меншую колькасць галасоў.

Калі ўзяць парламенцкія выбары 2008 года, дык тады ва ўсіх без выключэння 110 акругах краіны пераможцы ў першым жа туры набралі больш за 50% галасоў. Прычым вынікі па некаторых акругах выглядаюць анекдатычна.

Напрыклад, у Гомельска-Савецкай акрузе за Ларысу Кузняцову нібыта прагаласавалі 19803 выбаршчыкі, ці крыху больш за 50%. Калі б за яе прагаласавала ўсяго на 57 чалавек менш, то ўжо спатрэбіўся другі тур.

Але другі тур па ніводнай з 110 акругаў праводзіць не было патрэбы.

На парламенцкіх выбарах 2012 года тыя кандыдаты, што перамаглі, набралі больш за 50% у першым жа туры ў 109 акругах, а яшчэ ў адной — Гомельска-Навабеліцкай акрузе — выбары не адбыліся.

Так адбылося таму, што Ігар Пракапенка, былы памочнік Лукашэнкі, нечакана зняў сваю кандыдатуру перад самымі выбарамі — пагаворваюць, з-за нашумелай справы аб махінацыях з кватэрамі. У акрузе застаўся толькі адзін кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў, якога ўлады ў парламент пускаць, відавочна, не хацелі.

У выніку больш за 80% выбарцаў з Гомеля, або роўна 34200 чалавек, — такіх электаральных прэцэдэнтаў у гісторыі Беларусі не было — прагаласавалі на сваёй акрузе «супраць усіх», а непажаданаму кандыдату дасталася ўсяго 13,2%.

На праведзеных пазней паўторных выбарах у парламент прайшоў патрэбны цэнтральнай уладзе кандыдат, набраўшы больш за палову галасоў у першым жа туры.

Нам прапануюць паверыць, што містычным чынам усе кандыдаты, што перамаглі на выбарах 2008 і 2012 гадоў, стабільна адразу атрымлівалі больш за палову галасоў выбарцаў на сваіх акругах.

Так было роўна да выбараў 2016-га году, якія адбыліся па новых выбарчых правілах. Раптам у краіне з’явіліся акругі, дзе кандыдаты-пераможцы атрымалі менш за палову галасоў.

І па Мінску такіх акругаў цэлых восем з дваццаці. Было б наіўна лічыць, што такі расклад з вынікамі трох апошніх парламенцкіх выбараў — усяго толькі найвялікшая выпадковасць.

Характэрна, што на адной з мінскіх акругаў — Кастрычніцкай — пераможца набраў усяго 23,7%. Гаворка ідзе аб Ганне Канапацкай, адзінай прадстаўніцы апазіцыйнай партыі, якая патрапіла ў парламент. На гэтай жа акрузе Ганна Канапацкая нібыта абышла экс-кандыдатку на прэзідэнцкіх выбарах Таццяну Караткевіч. Як бачыце, у беларускіх арганізатараў выбараў вельмі незвычайнае пачуццё гумару!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?