Францыя не нясе адказнасці за аблаву «Вель д'Ів» у 1942 г., падчас якой былі арыштаваныя больш за 13 тысяч яўрэяў, заявіла кандыдат у прэзідэнты Францыі Марын Лё Пен.
«Калі хто і нясе адказнасць за гэта, дык гэта людзі, якія былі тады пры ўладзе. Гэта не Францыя», — заявіла Лё Пен і панаракала, што школьнікаў цяпер вучаць так, што ў іх ёсць усе падставы крытыкаваць сваю радзіму і бачыць у асноўным толькі цёмныя моманты гісторыі Францыі. Палітык падкрэсліла, што хоча вярнуць французам гонар за краіну.
На думку Лё Пен, сапраўдная ўлада Францыі ў гады Другой сусветнай вайны знаходзілася ў выгнанні ў Лондане, а калабаранцкі ўрад Вішы — гэта не Францыя.
Яна адзначыла, што ніколькі не здымае адказнасць за дэпартацыю яўрэяў з канкрэтных французаў, якія здзяйснялі злачынствы падчас Другой сусветнай вайны.
Французская арганізацыя CRIF, якая ўваходзіць у Сусветны яўрэйскі кангрэс, ужо выступіла з асуджэннем слоў Лё Пен і нагадала, што Францыя ў 1995 годзе ўзяла на сябе адказнасць за дэпартацыю яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны.
З рэзкай крытыкай заявы Лё Пен таксама выступіў яе канкурэнт на выбарах Эмануэль Макрон, які назваў словы палітыка вялікай памылкай і нагадаў аб антысеміцкіх выказваннях яе бацькі Жан-Мары Лё Пена.