У праграме «Воскресное время» на расійскім Першым канале выйшаў сюжэт, у якім у чарговы раз расказваецца пра «русафобію», што сфармавалася ў беларускім грамадстве з дазволу Аляксандра Лукашэнкі насуперак расійскай эканамічнай дапамозе.

Адзіны беларус, чыё меркаванне гучыць у сюжэце, гэта нечакана Мікалай Статкевіч. Прычым у відэа палітык прамаўляе ўсяго толькі тры кароткія фразы.

Сам Статкевіч распавёў «Нашай Ніве», як запісвалі яго словы, чаму ён пагадзіўся на размову і што, на яго думку, значыць гэты сюжэт расійскага ТБ.

«На мінулым тыдні ў сераду патэлефанавалі мне, але я спачатку адмовіўся: падумаў, што званілі з беларускага першага канала. А на наступны дзень перазваніў хлопец, Аляксей, які патлумачыў, што тое расійскі Першы канал, які пра мяне фільмаў кшталту «Звонок другу» не здымаў. Я пагадзіўся даць каментар — я заўсёды пагаджаюся, калі чалавек не зрабіў мне відавочнай гадасці.

Мы сустрэліся на офісе адной з дэмакратычных арганізацый. Пра гэтага журналіста, дарэчы, людзі адгукаліся як пра прыстойнага чалавека. Гаварылі з ім каля гадзіны, на ўсе тэмы. Я тлумачыў страхі гэтых людзей, якія скачуць, гаварыў пра тое, чаго баяцца беларусы пасля Украіны.

Маіх словаў у сюжэце вельмі мала, фактычна ўрыўкі без лагічнага завяршэння. Але ж пакінулі важную фразу, дзе я кажу, што дзякуючы расійскім грошам гэтая ўлада і трымаецца.

Трохі перакруцілі, канечне, падалі мае фразы, нібыта я супраць нацыянал-патрыётаў, а я меў на ўвазе іншае, што не трэба агульна абражаць расійскі народ… Але ў цэлым нармальна, бывае значна горш».

Увогуле, на Першы канал Статкевіч крыўды не трымае. У наступны раз, кажа, таксама пагодзіцца на каментар.

«Але тут важныя моманты, што гэта за матэрыял і чаму яны звярнуліся менавіта да мяне. Гэта ж галоўны расійскі канал, выніковая тыднёвая перадача. І раптам каля 9 хвілінаў адводзіцца сюжэту пра Беларусь. Гэта шмат, — кажа Статкевіч. — І безумоўна, што сюжэт быў замоўлены зверху. І першая мэта яго — падрыў пазіцый Лукашэнкі ў расійскім грамадстве. Другая — ціск на Лукашэнку, спроба яго ці то напалохаць, ці то проста зрабіць яму непрыемна. Першы расійскі канал раптам бярэ і паказвае чалавека, якога Лукашэнка, мякка кажучы, вельмі-вельмі-вельмі-вельмі не любіць! (Смяецца.) І паказвае не з рагамі і хвастом, а даволі адэкватна.

І трэцяя, галоўная мэта. У сюжэце адкрыта гаворыцца, што Беларусь трэба паважаць, мову нашу трэба паважаць. Спадара Рашэтнікава, якога на пенсію праводзіў сам Пуцін, у сюжэце падаюць маргіналам. І я ўспрымаю гэта так: Расія рыхтуецца да Беларусі без Лукашэнкі. Расія рыхтуецца да сітуацыі, калі яго ўжо не будзе. Бо Расія не хоча страціць беларускі народ так, як украінскі. І гэты сюжэт — спроба пераканаць беларускае грамадства, самую актыўную яго частку, патрыятычную, што Расія не вораг, што Расія паважае дзяржаўнасць і культуру.

Паглядзім, што будзе далей. Бо пакуль незразумела, ці то быў разавы сітуатыўны мэсэдж, ці то Расія рыхтуецца да перагляду рэальнай палітыкі. Бо раней такіх настрояў на расійскім тэлебачанні не заўважалася.

Таму сказаць, наколькі ўсё сур’ёзна, пакуль цяжка. Але сітуацыя заслугоўвае пільнай увагі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру