У 2021 годзе на месцы НВЦ «Белэкспа» і былой другой бальніцы павінен з'явіцца шматфункцыянальны комплекс, які пабудуе інвестар з ААЭ. На рэсурсе skyscrapercity.com ужо з'явіліся рэндарныя выявы новага аб'екта, паведамляе Relax.by.

Па словах галоўнага архітэктара Мінска Паўла Лучыновіча, яшчэ да заключэння інвестдамовы быў вызначаны дапушчальны аб'ём будучай пабудовы. Пасля гэтага арабская кампанія прапанавала гораду некалькі варыянтаў афармлення фасада аб'екта. Сярод іх фігураваў і фасад у арабскім стылі. «Але мы змаглі даказаць, што гэта не найлепшы варыянт для месца, якое размешчанае па суседстве з гістарычным цэнтрам, дзе шмат культавых хрысціянскіх помнікаў архітэктуры», — кажа Лучыновіч. У выніку бакі спыніліся на больш еўрапейскім фасадзе, які «ўпісваецца ў кантэкст месца».

Варыянт забудовы падрыхтавала кампанія «Вараб'ёў і партнёры», вядомая па такіх аб'ектах, як катарскі «Сокал» на пр-це Пераможцаў і офіс Беларускай калійнай кампаніі на пр-це Машэрава. «І гэта поспех архітэктара, што будынак нармальна садзіцца па вышыні, не дамінуе і не перавышае Оперны тэатр», — дадае Лучыновіч.

У кампаніі адзначаюць, што «маштаб будынка гуманны ў адносінах да прылеглай гістарычнай забудовы. Ён не выклікае пачуцця адчужэння, а арганічна ўпісваецца ў структуру гарадскога цэнтра».

Сам комплекс умоўна можна падзяліць на дзве часткі. Першая — новыя будынкі на месцы «Белэкспа», сярод якіх з'явяцца пяцізоркавы гатэль сеткі Viceroy і розныя грамадскія аб'екты: гандлёвы комплекс, казіно, спа-комплекс з басейнам, кафэ і іншыя. Гасцінічныя нумары размесцяцца на 3-7 паверхах будынка. На верхнім паверсе будуць люксавыя нумары і скай-бар. «Архітэктурная канцэпцыя гасцініцы пабудаваная па прынцыпе цэнтральнай шматсветлавой атрыумнай прасторы з верхнім бакавым святлом, што асвятляе зімовы сад на першым паверсе», — распавядаюць праекціроўшчыкі. Побач з гасцініцай знаходзіцца рэстаран, які навісае над ракой. Магчыма, нават падлога гэтай установы будзе празрыстай.

Другой часткай шматфункцыянальнага комплексу можна назваць рэканструяваныя гістарычныя будынкі былога Траецкага манастыра базыльянак, якія знаходзяцца бліжэй да вуліцы Багдановіча. У іх размесцяцца медыцынскі і дзіцячы цэнтры, гандлёвыя кропкі, кафэ і апартаменты гасцінічнага тыпу. Такім чынам, па задумцы праекціроўшчыкаў, комплекс павінен гарманіраваць не толькі з Верхнім горадам, але і з Траецкім прадмесцем і Оперным тэатрам.

У плане ж комплекснага падыходу да фармавання гарадскога асяроддзя, аб'ект стане сувязным звяном паміж Верхнім горадам і Оперным тэатрам. У тым ліку для гэтага інвестар пабудуе новы мост праз Свіслач, па якім свабодна змогуць хадзіць усе жадаючыя. «Можна лічыць, што наша пешаходная зона такім чынам працягнецца да Опернага», — дадае Лучыновіч.

Сам новы аб'ект таксама павінен стаць паўнавартасным цэнтрам для адпачынку гараджан і турыстаў. Інвестар уладкуе набярэжную і зялёную зону, а таксама захавае алею Герояў уздоўж вуліцы Купалы.

Як мяркуецца, канчатковы праект комплексу будзе гатовы да канца 2017 года.

Дарэчы, як паведамляе Tut.by, сёння СУ-21 пачало разбіраць шкленне ў НВЦ «Белэкспа».

«Да верасня 2017 года плануем здаць пляцоўку пад будаўніцтва комплекса, — распавялі ў СУ-21. — Сёння пачалі разбіраць шкленне, корпус пакуль не чапалі. Усе працы там механізаваныя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру