У БДУІР прэзентавалі новую распрацоўку, якая дапамагае выяўляць сачыльныя прылады. Дэтэктар можа дапамагчы абараніць канфідэнцыйныя даныя на апаратным узроўні, піша Tut.by.

Поўная назва распрацоўкі — дэтэктар-комплекс праверкі вылічальнай тэхнікі на наяўнасць апаратных сродкаў недэклараваных магчымасцяў.

«Гэтае ўнікальнае абсталяванне дазваляе аўтаматызаваць і істотна спрасціць пошук прылад, якія ўяўляюць пагрозу ўцечкі або кампраметацыі інфармацыі», — расказаў рэктар БДУІР Міхаіл Батура.

Дэтэктар выкарыстоўваюць для праверкі вылічальнай тэхнікі, якая апрацоўвае інфармацыю канфідэнцыйнага характару. Ён выяўляе радыёпрыёмныя і радыёперадаючыя прылады, а таксама прылады для здыму інфармацыі. Прынцып дзеяння комплексу заснаваны на «кантролі цеплавога рэжыму кампанентаў прылады пры правакуючых уздзеяннях».

На выставе стваральнікі паказалі працу дэтэктара з ноўтбукам. Аднак, па сцвярджэнні распрацоўнікаў, ён сумяшчальны не толькі з камп'ютарамі. «Можна і мікрахвалёўку правяраць таксама», — запэўніў Анатоль Восіпаў, прарэктар па навуковай рабоце ўніверсітэта.

Кошт комплексу складае каля 100 тысяч даляраў. Патэнцыяльнымі спажыўцамі распрацоўкі з'яўляюцца сілавыя ведамствы, спецслужбы, аналітычныя цэнтры і іншыя падобныя арганізацыі. Па словах распрацоўшчыкаў, цікавасць ужо праяўляюць прадстаўнікі сілавых структур.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру