Кенійскі мільянер Наўшад Мералі мае намер купіць «Аграфірму «Фалічы» ў «Белінвестбанка». Адпаведны мемарандум аб намерах падпісалі банк і група кампаній «Самір», паведамляе Tut.by.

На мінулым тыдні Мералі наведаў Беларусь і правёў шэраг сустрэч ва ўрадзе і беларускіх дзяржорганах. Акрамя таго, па ініцыятыве Нацбанка старшыня найбуйнейшай кенійскай групы кампаній «Самір» наведаў «Аграфірму «Фалічы», 99,998% акцый якой належаць «Белінвестбанку». У выніку паміж бакамі быў падпісаны мемарандум аб намерах.

«Умовамі мемарандума прадугледжаная паэтапная праца па магчымасці набыцця групай кампаній «Самір» акцый, якія належаць ААТ «Белінвестбанк», а таксама дакумент вызначае намер інвестара ажыццявіць дадатковыя інвестыцыі на далейшае развіццё сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Аграфірма «Фалічы», сказана ў паведамленні прэс-службы банка.

«Фалічы» размешчаныя ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці. Стратны калгас дастаўся «Белінвестбанку» ў 2004 годзе ў рамках указа прэзідэнта па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. У 2015 годзе аграфірма зрабіла 2,5 тыс. т збожжавых і зернебабовых культур, валавы надой малака склаў 5,7 тыс. т малака, выраблена 471,5 т прадукцыі буйной рагатай жывёлы, 202,2 т прадукцыі свінагадоўлі.

Колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы перавысіла 3 тыс. галоў, свіней — 2, 1 тыс. галоў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за першае паўгоддзе 2016 года склала 2,1 млн рублёў, прыбытак ад бягучай дзейнасці — 0,2 млн рублёў. Агульная зямельная плошча гаспадаркі складае 3212 га, у тым ліку: плошча сельгасугоддзяў — 3015 га, з іх плошча раллі — 1821 га; плошча сенакосаў — 668 га; плошча пашы — 511 га.

Наўшад Мералі з'яўляецца заснавальнікам Sameer Group, якая ўяўляе з сябе кангламерат з 15 кампаній, што актыўна працуюць у шырокім спектры галін па ўсёй Усходняй Афрыцы на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў. Асноўнымі сферамі інтарэсаў Мералі ў Беларусі з'яўляюцца: аўтатрактарная тэхніка, шыны, аграбізнэс, будаўніцтва.

Гадавы абарот «Самір груп» складае больш за 1 млрд даляраў, колькасць работнікаў — 24 тыс. чалавек. Паводле даных часопіса «Форбс», Мералі ўваходзіць у лік 50 самых багатых бізнэсменаў Афрыкі. Яго маёмасць ў 2015 годзе ацэньвалася ў 440 млн даляраў.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Кеніяй ў 2016 годзе склаў каля 18 млн даляраў. Паводле слоў прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, «гэта вельмі мала, і мы лічым, што ў бліжэйшы час ён можа быць шматкроць павялічаны». Урад Беларусі ў курсе прынятых Кеніяй амбіцыйных праграм па развіцці сельскай гаспадаркі, забеспячэнні харчовай бяспекі, развіцці дарожна-транспартнай і энергетычнай інфраструктуры, укараненні энергазберагальных тэхналогій і паляпшэнні экалогіі. Для рэалізацыі гэтых праектаў Беларусь гатовая прапанаваць перадавыя тэхналогіі, абсталяванне, паслугі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру