Падкамісія па пытаннях расследавання Смаленскай катастрофы пры Мінабароны Польшчы ўпэўненая, што прэзідэнцкі самалёт ТУ-154М 10 красавіка ў Смаленску распаўся ў паветры. Пра гэта ў панядзелак у эфіры тэлеканала TVP Info сказаў кіраўнік падкамісіі Вацлаў Бярчынскі, піша Радыё Польшча.

На пытанне, чым абгрунтоўваецца такая выснова, ён сказаў, што спецыялісты ўважліва вывучылі перамовы пілотаў з камандна-дыспетчарскім пунктам. Па яго словах, фрагменты самалёта разляцеліся на дзясяткі метраў, перш чым ён упаў.

«Самалёт пачаў распадацца ў паветры і пачаў губляць фрагменты, якія падалі на зямлю яшчэ да бярозы. Бяроза ніяк не паўплывала на зыход катастрофы», — сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік падкамісіі падкрэсліў, што прычыны катастрофы пакуль застаюцца невядомымі.

У сваю чаргу выданне Onet, спасылаючыся на высновы камісіі, паведамляе, што з самалётам адбылася частковая дэфрагментацыя ў 900 метрах ад лініі ўзлётна-пасадачнай паласы аэрапорта ў Смаленску.

Акрамя таго, камісія лічыць, што дыспетчары ў Смаленску няправільна вялі прэзідэнцкі самалёт на пасадку. У якасці прыкладу яны прыводзяць траекторыю зніжэння расійскага самалёта Іл-76, які павінен быў прызямліцца ў Смаленску незадоўга да польскага самалёта, але ў выніку паляцеў на запасны аэрадром.

На думку членаў польскай падкамісіі, траекторыі заходу на пасадку двух самалётаў значна адрозніваюцца, што можа сведчыць аб свядомым увядзенні ў зман польскіх пілотаў.

Нагадаем, абломкі польскага прэзыдэнцкага самалёта, які пацярпеў крушэнне 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам, па-ранейшаму знаходзяцца ў Расіі. У катастрофе Ту-154М пад Смаленскам загінулі 96 чалавек. Сярод ахвяр гэтай катастрофы быў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яго жонка, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, прадстаўнікі вышэйшага вайсковага камандавання, палітычных партый, грамадскія і рэлігійныя дзеячы.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч 4 лютага 2016 года падпісаў дакументы, якія далі магчымасць аднавіць расследаванне Смаленскай катастрофы. Па рашэнні міністра, у рамках Камісіі дзяржаўнай авіяцыі па расследаванні авіякатастроф створаная падкамісія, якая правядзе новае расследаванне катастрофы самалёта Ту-154М пад Смаленскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?