У сакавіку 2014 года кіеўскае кіраўніцтва распрацоўвала план аперацыі па высадцы дэсанта ў Крыме, каб сарваць рэферэндум па далучэнні паўвострава да Расіі. Пра гэта ў інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» распавёў начальнік Генштаба Узброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка.

Віктар Мужэнка.

Віктар Мужэнка.

«1 сакавіка мы разам з намеснікам начальніка Галоўнага аператыўнага кіравання генералам Віктарам Назаравым прапанавалі варыянт рэагавання на сітуацыю ў Крыме. Меркавалася правесці дэсантную аперацыю: высадзіцца на паўвостраве і захапіць аэрадромы, узмацніць там нашы групоўкі і правесці пэўныя дзеянні, якія б не дазволілі расійскім ваенным прасунуцца па адпаведных напрамках.

Планавалася перахапіць вузкі пярэсмык паміж самым Крымам і Керчанскім паўвостравам сіламі падраздзяленняў 95-й брыгады. Мы планавалі таксама завесці тэхніку. Праз Арабацкую стрэлку мела зайсці тэхніка 95-й брыгады і выйсці ў раён Феадосіі. Расейцы нарошчвалі свае сілы ад Севастопаля да Керчы. Да таго часу частка падраздзяленняў нашай 36-й брыгады берагавой абароны ўжо выйшлі пад Сімферопаль на Ангарскі палігон. Туды мы планавалі перакінуць два батальёны: танкавы механізаваны меў перакрыць кірунак па аўтастрадзе Севастопаль-Сімферопаль, а горна-пяхотны батальён меў перакрыць трасу Ялта-Сімферопаль якраз на Ангарскім перавале.

Такім чынам мы цалкам заблакавалі б доступ расійскіх падраздзяленняў у стэпавы Крым. Гэта быў шанец, мы лічылі. Бо ўсе ваенныя аб'екты на паўднёвым узбярэжжы былі ўжо заблакаваныя расійскімі вайскоўцамі».

Па словах Мужэнкі, тым жа вечарам самалёты былі адпраўленыя на аэрадромы для загрузкі дэсанту, аднак пасля экстранай нарады Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны паступіў загад адмовіцца ад гэтых планаў.

«Чаму так адбылося? Я не ведаю. Магчыма, на пасяджэнні Рады было прынята адпаведнае рашэнне. Калі няма палітычнага рашэння, вайскоўцы такога рашэння не прымаюць», — разважае ён.

На думку Мужэнкі, у выпадку рэалізацыі вышэйапісанага плана ўкраінскім вайскоўцам атрымалася б цалкам заблакаваць доступ да стэпавага Крыму і правядзенне рэферэндуму аказалася б вельмі цяжкім, калі не немагчымым.

«Як бы далей развіваліся падзеі, цяпер вельмі складана прадказаць… Але быў шанец», — лічыць Мужэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0