Па справе «Белага легіёна» («справе патрыётаў») распачынаецца новая крымінальная справа. Артыкул 287 КК — «Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».

Фота Ірыны Арахоўскай

Фота Ірыны Арахоўскай

У Беларусі гэта адбываецца ўпершыню, піша газета «СБ. Беларусь сегодня», якая змяшчае вялікі матэрыял на гэтую тэму. Адзначаецца, што «следства высвятляе факты па стварэнні глыбока заканспіраванай арганізацыі з дакладнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалагічнай асновай, узбраеннем». Падкрэсліваецца, што «артыкул — вельмі і вельмі строгі». Кіраўніцтва «незаконным узброеным фармаваннем» ці ўдзел у ім караецца абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Абвінавачанне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам.

СБ піша, што па справе аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» праходзіць 35 чалавек. 17 з іх выставілі абвінавачанне, яны арыштаваныя. Яшчэ 18 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных. Згаданыя 20 чалавек з ліку гэтых 35-ці.

У публікацыі «Аддзела расследаванняў» сцвярджаецца, што заява пра самароспуск «Белага легіёна» быў спробай «перахітрыць спецслужбы». Нібыта, ад самага пачатку арганізацыя стваралася «як нелегальная структура» і яна магла «прачнуцца» ў любы момант». Згадваецца і яе «пастаянная сувязь» з Мікалаем Статкевічам. Нібыта, ён спадзяваўся, што легіянеры стануць яго «асабістай гвардыяй». Таксама адзначаецца, што раней «Легіён» знаходзіў спачуванне ў асобных афіцэраў сілавых структур». Згадваецца бабруйскі клуб «Патрыёт», пад прыкрыццём якога, нібыта, «ішла спецпадрыхтоўка і падтрымка баявой формы «легіянераў». КДБ стаў фіксаваць аднаўленне цэнтралізаваных палявых збораў «легіянераў» у 2014 годзе. А ў сакавіку сёлета спецслужбе стала вядома пра іх кантакт з маладафронтаўцамі, сцвярджае выданне.

У публікацыі таксама сцвярджаецца, што сябры «Белага легіёна», якія знаходзяцца за кратамі, моцна трымаюцца, некаторыя з іх маўчаць. Прыводзяцца фрагменты з паказанняў асобных затрыманых.

Змешчаны ліст невядомай «грамадзянкі Германіі з беларускімі каранямі», якая «папярэдзіла» ўлады Беларусі пра нейкую правакацыю, што рыхтавалася на 25 сакавіка ў Мінску. І КДБ адрэагаваў на гэты «сігнал», пачаліся затрыманні, ператрусы і г. д.

Падкрэсліваецца таксама, што беларускія сілавікі нанеслі два ўдары. Першы — па аўтарах «Рэгнума», удар па «Белым легіёне» быў другім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?