11 красавіка падчас прэс-канферэнцыі ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў непакой адносна сітуацыі вакол Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ў Беларусі і заклікаў да цывілізаваных метадаў вырашэння гэтай праблемы.

Пра дэманстрацыі і наступствы публічных пратэстаў супраць дэкрэту пра так званых «дармаедаў» каталіцкі іерарх даведаўся падчас вяртання з ЗША, праглядаючы навіны ў інтэрнэце.

«Мне стала горка за краіну і я вырашыў звярнуцца са сваім заклікам да ўсіх бакоў», — узгадаў Мітрапаліт.

«З усіх бакоў павінны быць цывілізаваныя метады вырашэння праблем, — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Трэба сядаць за стол перамоў. Я і сёння да гэтага заклікаю. Бо толькі за сталом перамоў усіх зацікаўленых бакоў ёсць шанс вырашыць гэтую праблему. Дзякую Богу, што ўлады таксама заўважаюць гэта. Заўважаюць, што Дэкрэт №3 аб «дармаедах» патрабуе правак».

Старшыня каталіцкага епіскапату ў Беларусі падкрэсліў, што ў вырашэнні дадзенай праблемы можа дапамагчы міжнародная практыка. «Усім вядома, што трэба плаціць падаткі. Аднак, магчыма, трэба вывучаць і міжнародную практыку. У нас аднолькавы падатак для ўсіх — для бедных і для багатых. А наколькі я ведаю, у многіх краінах свету ёсць дыферэнцыяцыя: багатыя плацяць больш, чым бедныя», — дадаў іерарх.

«Існуе праблема, як усіх забяспечыць працай. Быў загад, каб да 1 мая ўсе працаўладкаваліся. Ці здолеюць усе знайсці працу? — працягваў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Да гэтага пытання трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна, бо закранаюцца лёсы людзей. Хацелася б, каб у Беларусі панаваў супакой. І да гэтага я заклікаю ўсе бакі і напярэдадні чарнобыльскага дня, і абвешчаных новых дэманстрацый».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?