Сябры грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» атрымалі адказ на свой зварот, адрасаваны міністру культуры Барысу Святлову і прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову.

Яны пісалі чыноўнікам пра патрэбу вызначыць новыя межаў ахоўнай зоны Курапатаў. Галоўнае патрабаванне было — значна пашырыць тэрыторыю вакол месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якая не падлягае ніякай забудове і змяненням.

Гэты зварот да ўлады, кажа яго ініцыятар, журналіст і грамадскі дзеяч Марат Гаравы, падпісалі многія грамадскія і культурныя дзеячы — лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік суполкі мастакоў «Пагоня» Ігар Марачкін…

«Наш праект прадугледжвае захаванне Курапатаў, як народнага мемарыялу: не толькі яго самаго, але і навакольны рэльеф, краявідныя кропкі, старажытныя дарогі і сцежкі», — кажа Гаравы.

У адказе, які падпісаў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, адзначаецца, што Міністэрства культуры не выключае пашырэння ахоўнай зоны. Гэта магчыма «ў выпадку выяўлення новых гістарычных звестак», якія змяняюць уяўленне пра характар антрапалагічнага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе. А таксама пры ўмове таго, што ў Міністэрства будзе прадстаўлены праект, распрацаваны спецыялістамі-архітэктарамі, якія маюць адпаведныя кампетэнцыі.

«Гэта адкрывае фортку мажлівасцяў, каб захаваць Курапаты для будучых пакаленняў», — кажа Гаравы. «Эксперты ў абарону Курапатаў» ужо вядуць перамовы з архітэктарамі, якія маглі б адпаведным чынам аформіць праект, і шукаюць сродкі на аплату іх паслуг.

Таксама сёння стала вядома, што будаўніцтва бізнэс-цэнтр каля Курапатаў, якое выклікала абурэнне грамадскасці, спыняецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру