Кампанія Apple плануе ўбудаваць у наступную мадэль свайго смартфона раз’ём Smart Connector, які дазволіць падключаць да iPhone розныя прылады. Пра гэта паведаміла ізраільскае выданне The Verifier. 

Чакаецца, што праз Smart Connector можна будзе падключаць прылады віртуальнай ці дапоўненай рэальнасці, навушнікі і іншыя гаджэты. Акрамя таго, раз’ём будзе выкарыстоўвацца для бесправоднай зарадкі. Крыніцы The Verifier паведамляюць, што Apple будзе выпускаць уласныя аксэсуары віртуальнай рэальнасці.

Упершыню Smart Connector з’явіўся ў iPad Pro для падключэння бесправоднай клавіятуры. Пра з’яўленне гэтага раз’ёма інсайдары распавядалі яшчэ перад выхадам iPhone 7.

Раней інсайдары паведамлялі, што iPhone 8 атрымае корпус з «вадкага металу». Гэта спецыяльны сплаў з цырконію, тытану, медзі і іншых элементаў, які знешне нагадвае шкло. «Вадкі метал» моцны, трывалы і ўстойлівы да карозіі. Таксама сплаў можа самастойна «залечваць» невялікія драпіны.

Паведамлялі інсайдары і пра тое, што iPhone 8 будзе мець OLED-дысплэй замест вадкакрышталічнага LCD-дысплэя. OLED — тэхналогія на базе арганічных святлодыёдаў, якая мае шэраг пераваг перад LCD. OLED-дысплэі лягчэйшыя, маюць большыя вуглы агляду, хутчэйшы водгук і высокую кантраснасць, але яны могуць зрабіць новы iPhone 8 даражэйшым.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру