Прыкладна ў гадзіну ночы 8 красавіка супрацоўнікі ДАІ Жыткавіцкага РАУС звярнулі ўвагу на аўтамабіль «БМВ» з расійскімі нумарамі, які рухаўся з боку крамы «Садко» ля вёскі Кольна Жыткавіцкага раёна. Міліцыянты вырашылі праверыць дакументы ў кіроўцы, а заадно і яго фізічны стан. Але на сігнал даішніка мужчына на «БМВ» не адрэагаваў і, рэзка павялічыўшы хуткасць, пачаў хавацца.

Пачаўся пераслед аўто з уключанымі пробліскавымі маячкамі і гукавой сігналізацыяй. Перыядычна праз гукаўзмацняльнік кіроўцу аўтамабіля «БМВ» прасілі спыніцца. Але ён на папярэджанні супрацоўнікаў ДАІ не рэагаваў. Тады даішнікі папярэдзілі кіроўцу, што будзе выкарыстана табельная зброя. Зрэшты, кіроўца іншамаркі і не збіраўся спыняцца. Каля КСУП «Коленскае» аўтамабіль «БМВ» развярнуўся і паехаў у кірунку Коленскага дома культуры, дзе ў гэты час праходзіла дыскатэка.

Ведаючы пра тое, што каля цэнтра знаходзяцца некалькі экіпажаў супрацоўнікаў міліцыі, інспектары ДАІ па радыёстанцыі папрасілі аб дапамозе.

Аўто на вялікай хуткасці набліжалася да цэнтра культуры. Увесь гэты час супрацоўнікі ДАІ рухаліся за ім. Разумеючы той факт, што калі кіроўца прарвецца да цэнтра, то могуць пацярпець людзі, супрацоўнікі міліцыі, якія паспяшаліся на дапамогу, перакрылі дарогу службовымі аўтамабілямі і зрабілі некалькі стрэлаў з табельнай зброі. Але кіроўца іншамаркі і не думаў спыняцца.

Спрабуючы выкруціцца з «блакады», начны хуліган пачаў рухацца ў бок супрацоўніка, спрабуючы збіць яго з ног. Але міліцыянту ў апошнюю хвіліну ўдалося ухіліцца.

У гэтую хвіліну ўжо супрацоўнік ДАІ прыняў рашэнне выкарыстаць зброю. Ён стрэліў у кола, аднак кіроўца спрабаваў усё ж ехаць далей. Каб спыніць ліхача, супрацоўнікі міліцыі разбілі лабавое шкло. Толькі пасля гэтага аўтамабіль спыніўся. 

Як пазней высветлілася, затрыманым аказаўся 20-гадовы жыхар г. Жыткавічы, які за 2 гады прыцягваўся за парушэнне Правілаў дарожнага руху 43 разы, і што самае цікавае, быў пазбаўлены права кіравання за перавышэнне хуткаснага рэжыму, а якраз 8 красавіка тэрмін пазбаўлення мінуў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?