Квіткі на дзіцячыя атракцыёны ў парках, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні УП «Мінскзеленбуд», у новым сезоне падаражэюць, паведаміў БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Бабіўскі.
«Цэны зменяцца нязначна. Вырастуць не больш чым на 9%, а на некаторыя атракцыёны застануцца ранейшымі. Інфармацыя пра цэны ў бліжэйшы час з'явіцца на сайце прадпрыемства», — праінфармаваў Уладзімір Бабіўскі.
Пры ўсталяванні спрыяльных умоў надвор'я адкрыццё сезона ў гарадскіх парках чакаецца 21 красавіка.
Новым атракцыёнам плануе ў перспектыве абзавесціся парк імя Чалюскінцаў, паведамляюць «Мінск-Навіны».
«Надзіманы атракцыён паставім на дзіцячай пляцоўцы, якая будзе абсталяваная ў рамках рэканструкцыі танцпляцоўкі, — удакладніў Бабіўскі. — Цяпер выбіраем падрадчыка для будаўнічых работ».
Ён таксама адзначыў, што ў хуткім часе будуць разгледжаныя пытанні аб мэтазгоднасці абсталявання атракцыёнамі парку «Цівалі» альбо парку імя Уга Чавеса.





