Рэспубліканскі суботнік у Беларусі ў 2017 годзе пройдзе 22 красавіка. Гэта дата вызначана пастановай Савета Міністраў ад 11 красавіка 2017 года нумар 270, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендуецца на добраахвотнай аснове правесці рэспубліканскі суботнік на рабочых месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцей, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень рэспубліканскага суботніка, у тым ліку на рабочых месцах, у аб'ёмах, вызначаных добраахвотна работнікамі, уключаючы работнікаў, дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі (работ), аказаннем платных паслуг, пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.

Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам пералічваюць 50 працэнтаў паступіўшых грашовых сродкаў Міністэрству фінансаў.

Астатнія 50 працэнтаў грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і накіроўваюцца на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, што забяспечваюць развіццё тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, стварэнне і развіццё суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Утрыманне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 22 красавіка з'яўляецца рабочым днём, праводзіцца з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі работнікаў.

Пастановай таксама зацверджаны склад рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні 22 красавіка рэспубліканскага суботніка. Яе ўзначаліў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0