Мікалай Статкевіч апублікаваў у сваім фэйсбуку ліст, які ён адправіў канцлеру Германіі Ангеле Меркель у сувязі са з'яўленнем «ліста фрау А.», з якога пачалася справа «Белага Легіёна».

«Звяртаюся да Вас з просьбай прыняць удзел у лёсе больш чым 20 чалавек, якія сталі закладнікамі з-за паклёпніцкага даносу грамадзянкі ФРГ», — піша Статкевіч.

«Калі верыць Аляксандру Лукашэнку, нехта фрау А. (сапраўднае імя паклёпніка не апублікаванае) прыйшла ў амбасаду Беларусі ў ФРГ і напісала на яго імя заяву, дзе пазначыла, што валодае звесткамі аб стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь незаконных узброеных фарміраванняў. На падставе гэтага даносу ўжо на наступны дзень па ўсёй краіне былі затрыманыя дзясяткі маладых людзей, якія знаходзіліся ў патрыятычных клубах або ў апазіцыйных арганізацыях. Хоць гэта не з'яўляецца злачынствам нават па беларускіх законах. 21 з іх […] знаходзяцца цяпер у следчай турме КДБ.

Улічваючы, што гаворка ідзе пра лёс дзясяткаў беларускіх грамадзян, а таксама членаў іх сем'яў, прашу Вас даць распараджэнне органам правапарадку Вашай краіны запытаць звесткі аб грамадзянцы ФРГ, якая напісала ліст Лукашэнку. Кантактнымі дадзенымі гэтай грамадзянкі валодаюць беларускія спецслужбы, а фотакопія яе ліста сёння была апублікаваная дзяржаўнымі СМІ. Прашу таксама правесці допыт гэтай «сведкі» з выкарыстаннем дэтэктара хлусні.

Вынікі дадзенага допыту прашу даць беларускім органам дазнання, а таксама апублікаваць у СМІ», — заклікае палітык.

«Ваша дапамога ў правядзенні сумленнага расследавання і вызвалення беларускіх грамадзян, якія незаконна ўтрымліваюцца ў засценках КДБ, будзе неацэнным укладам у прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў і ўстанаўленні законнасці і парадку на еўрапейскім кантыненце», — рэзюмуе Статкевіч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру