Што значыць «уплыў» у беларускіх умовах? Гэта, як і ва ўсім свеце, улада, або рэсурсы, або сімвалічны капітал. Дзякуючы апошняму, Святлана Алексіевіч заняла ў рэйтынгу рэкордна высокае для асобы без статуса чыноўніка ці мультымільянера 15-е месца. Таму што калі яна нешта скажа — да яе многія прыслухаюцца ўнутры краіны і за яе межамі.

Цікава, што эксперты сёлета ўключылі ў спіс Змітра Дашкевіча. Рэйтынг складаўся задоўга да «справы патрыётаў», па якой цесляра-палітыка арыштавалі. Але эксперты ўжо адчувалі тое, што Дашкевіч выйшаў на першыя пазіцыі ў апазіцыі.

А вось першая дзясятка ў параўнанні са спісам двухгадовай даўніны змяніла ўсяго адну постаць. Звольнены з Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец вылецеў за межы сотні, затое трыумфальна вярнуўся ў склад «палітбюро» Міхаіл Мясніковіч.

Можна сказаць, што баль у краіне правяць сілавікі. У першай дваццатцы аж дзевяцярых можна так ахрысціць. Людзі ў пагонах маюць вялізную ўладу. Прычым большасць экспертаў даслала свае рэйтынгі яшчэ ў лютым. Калі б мы складалі рэйтынг цяпер, то невядома, ці не ўзняўся б яшчэ вышэй міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

1 (1) Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі

2 (2) Валерый Вакульчык, старшыня КДБ

3 (4) Віктар Лукашэнка, памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі

4 (5) Андрэй Кабякоў, прэм’ер-міністр

5 (6) Уладзімір Макей, міністр замежных справаў

6 (12) Міхаіл Мясніковіч, спікер Савета Рэспублікі

7 (7) Ігар Шуневіч, міністр унутраных справаў

8 (10) Віктар Шэйман, кіраўнік справамі прэзідэнта

9 (8) Павел Калаўр, старшыня праўлення Нацбанка

10 (9) Уладзімір Сямашка, віцэ-прэм’ер

11 (15) Леанід Анфімаў, старшыня КДК

12 (18) Аляксандр Канюк, генеральны пракурор

13 (-) Станіслаў Зась, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі

14 (24) Андрэй Раўкоў, міністр абароны

15 (60) Святлана Алексіевіч, пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі

16 (14) Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

17 (23) Павел Якубовіч, галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня»

18 (27) Сямён Шапіра, старшыня Мінскага аблвыканкама

19 (82) Наталля Качанава, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта

20 (-) Іван Наскевіч, кіраўнік Следчага камітэта

21 (-) Наталля Эйсмант, прэс-сакратар кіраўніка краіны

22 (21) Сяргей Шпягун, кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра

23 (22) Васіль Мацюшэўскі, першы віцэ-прэм’ер

24 (-) Андрэй Паўлючэнка, кіраўнік службы аховы Лукашэнкі

25 (25) Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК

26 (26) Дзмітрый Лукашэнка, кіраўнік прэзідэнцкага спартыўнага клуба

27 (86) Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

28 (69) Васіль Жарко, віцэ-прэм’ер

29 (31) Андрэй Шорац, старшыня Мінгарвыканкама

30 (64) Сяргей Міхалок, музыка, лідар гурту Brutto

31 (38) Уладзімір Амарын, міністр фінансаў

32 (30) Андрэй Уцюрын, першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі

33 (19) Аляксандр Шакуцін, старшыня рады дырэктароў ААТ «Амкадор»

34 (28) Усевалад Янчэўскі, дырэктар Парка высокіх тэхналогій

35 (32) Генадзь Давыдзька, старшыня Белтэлерадыёкампаніі

36 (41) Юрый Зісер, заснавальнік tut.by

37 (36) Аляксандр Машэнскі, уласнік кампаній «Санта-Брэмар» і «Савушкаў прадукт»

38 (39) Сяргей Румас, старшыня праўлення Банка развіцця

39 (-) Анатоль Лапо, старшыня Памежнага камітэта

40 (-) Мікалай Корбут, памочнік прэзідэнта

41 (42) Мікалай Лукашэнка, малодшы сын кіраўніка краіны

42 (35) Сяргей Гурулёў, старшыня Вайскова-прамысловага камітэта

43 (40) Мітрапаліт Павел, прадстаяцель БПЦ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі

44 (-) Ігар Маршалаў, кіраўнік Дэпартамента фінансавых раследаванняў

45 (79) Іван Галаваты, генеральны дырэктар «Беларуськалія»

46 (81) Віктар Кіслы, заснавальнік анлайн гульні «Свет танкаў»

47 (66) Уладзімір Дворнік, старшыня Гомельскага аблвыканкама

48 (80) Аркадзь Добкін, Старшыня рады дырэктараў EPAM Systems

49 (45) Мікалай Статкевіч, палітык, былы палітвязень

50 (47) Павел Тапузідзіс, уласнік «Тытунь-Інвест» і «Кароны»

51 (70) Валянцін Сукала, старшыня Вярхоўнага суда

52 (52) Уладзімір Андрэйчанка, спікер Палаты прадстаўнікоў

53 (37) Міхаіл Русы, віцэ-прэм’ер

54 (34) Леанід Мальцаў, былы кіраўнік Памежнага камітэта

55 (59) Вікторыя Азаранка, тэнісістка

56 (67) Уладзімір Даманеўскі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама

57 (54) Тадэвуш Кандрусевіч, каталіцкі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп

58 (-) Лявон Вольскі, музыка

59 (-) Уладзімір Патупчык, міністр энергетыкі

60 (92) Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама

61 (43) Рыгор Кісель, былы кіраўнік АНТ

62 (44) Уладзімір Зіноўскі, міністр эканомікі

63 (51) Анатоль Калінін, віцэ-прэм’ер

64 (68) Сяргей Літвін, Уладзімір Васілька, уласнікі «Еўраопта»

65 (58) Уладзімір Канаплёў, кіраўнік Беларускай федэрацыі гандбола

66 (-) Сяргей Налівайка, міністр па падатках і зборах

67 (78) Кірыл Руды, пасол Беларусі ў Кітаі

68 (98) Юрый Караеў, намеснік міністра ўнутраных справаў

69 (89) Уладзімір Краўцоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама

70 (97) Віталь Воўк, міністр прамысловасці

71 (48) Алег Хусаенаў, уласнік кампаніі «Зубр-капітал»

72 (53) Сяргей Цяцерын, былы тэнісны трэнер Лукашэнкі

73 (55) Анатоль Капскі, генеральны дырэктар БАТЭ

74 (73) Ірына Абельская, галоўная доктарка Лечкамісіі

75 (50) Аляксей Дзербін, дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі

76 (99) Дар’я Домрачава, алімпійскі чэмпіён, Герой Беларусі

77 (90) Анатоль Ліс, старшыня Брэсцкага аблвыканкама

78 (-) Віктар Пракапеня, ААТ «Бануба Девелапмент»

79 (20) Лілія Ананіч, міністр інфармацыі

80 (61) Сяргей Касцючэнка, старшыня праўлення «Прыёрбанка»

81 (88) Міхаіл Захараў, галоўны трэнер хакейнага «Юнацтва»

82 (71) Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання

83 (-) Алег Белаконеў, намеснік міністра абароны, кіраўнік Генеральнага штаба

84 (75) Святлана Калінкіна, журналістка, «Беларускі партызан»

85 (-) Зміцер Дашкевіч, палітвязень, кіраўнік «Маладога фронта»

86 (74) Пятро Міклашэвіч, кіраўнік Канстытуцыйнага суда

87 (94) Ігар Ляшэнка, старшыня «Белнафтахіма»

88 (-) Алег Сліжэўскі, міністр юстыцыі

89 (49) Валерый Міцкевіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

90 (-) Вадзім Гігін, дэкан філасофскага факультэта, тэлевядучы

91 (75) Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты «Народная воля»

92 (-) Іван Сергяенка, першы намеснік кіраўніка КДБ

93 (-) Павел Ціханаў, начальнік Галоўнага выведвальнага ўпраўлення Генштаба

94 (76) Анатоль Лябедзька, старшыня АГП

95 (-) Уладзімір Калтовіч, міністр гандлю

96 (-) Алег Румо, лекар

97 (57) Уладзімір Пефціеў, бізнэсовец, былы ўласнік «Белтэхэкспарту»

98 (96) Сяргей Сідорскі, былы прэм’ер-міністр

99 (-) Ігар Марзалюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

100 (-) Юрый Гурскі, ІТ-прадпрымальнік, MAPS.ME, MSQRD, Prisma

У дужках указваецца рэйтынг чалавека ў 2015 годзе

Звяртае ўвагу, наколькі крохкія пазіцыі ў рэйтынгу ў бізнэсменаў.

Яшчэ чатыры гады таму Юрый Чыж і Уладзімір Пефціеў былі ў галаве спіса. Паспяховыя, багатыя, прапускалі праз сябе мільёны. Пасля арышту і вызвалення Чыжа ўвогуле не назваў ніводзін эксперт. Пефціеў жа пляцецца ў самым-самым канцы сотні.

Затое важным падаецца ўзлёт айцішнікаў. Віктар Кіслы і Аркадзь Добкін упершыню трапілі ў топ-50, а Віктар Пракапеня і Юрый Гурскі — у топ-100. І можна прагназаваць, што ў наступныя гады гэтая лічба можа нават узрасці.

***

1 (1). Аляксандр Лукашэнка — кіраўнік краіны

Улада Лукашэнкі нічым не абмежаваная. Можна звярнуць увагу, што кожны з гэтага рэйтынгу так ці інакш звязаны з Лукашэнкам. І хоць ён сам сябе называе асобай «сыходзячай», гэтыя словы выглядаюць тактычнай хітрасцю. Лукашэнка гатовы жорстка змагацца за сваю ўладу і падаўляць любыя выклікі ёй.

Лютаўска­-сакавіцкія пратэсты былі самымі магутнымі ад Плошчы­-2010. У выніку каля паўтысячы чалавек аказалася на сутках. А затрыманых на Дзень Волі было пад тысячу.

У Лукашэнкі складаная міжнародная сітуацыя. Еўрасаюз трымае яго на адлегласці. Адносіны з Расіяй таксама нестабільныя. Апошнія гады ўсходняя суседка змяншала аб’ёмы пастаўленай нафты, ад чаго залежыць напаўненне бюджэту Беларусі. Кіраўнік абяцае ўжо сёлета заробак у 500 даляраў, але адкуль узяць грошай пры гэтай сістэме? Толькі прасіць ад Расіі зніжак на нафту і газ. Людзі злыя і незадаволеныя, але рэпрэсіўны апарат усё яшчэ працуе спраўна.

«Свабода і незалежнасць даражэйшыя за любую нафту» (студзень 2017).

Аб’ектыўка

Нар. у 1954 у Копысі (Аршанскі раён) у маці-адзіночкі. Гадаваўся ў вёсцы Александрыя (Шклоўскі раён). Скончыў Магілёўскі педінстытут (1975) і Горацкую сельгасакадэмію (1985). Служыў у памежных войсках КДБ СССР (1975—1977). Сакратар камітэта камсамола Магілёўскага гархарчгандлю (1977—1978), адказны сакратар Шклоўскай райарганізацыі «Веды» (1978—1980), палітрук у войску (1980—1982), намеснік дырэктара калгаса «Ударнік» на Шклоўшчыне (1982—1983), намеснік дырэктара камбіната будматэрыялаў у Шклове (1983—1985), сакратар парткама калгаса імя Леніна Шклоўскага раёна (1985—1987), дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна (1987—1990). Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990—1994), кіраўнік Беларусі (з 1994).

2 (2). Валерый Вакульчык — старшыня КДБ

Фота: sputnik.by

Гэты нягучны чалавек трымае руку на пульсе шматлікіх спраў.

Эканоміка? Усе ключавыя крымінальныя справы праходзяць асабіста праз КДБ і Вакульчыка. Так было з затрыманнем бізнэсменаў Юрыя Чыжа і Уладзіміра Япрынцава, «справай сямнаццаці», калі былыя супрацоўнікі сілавых ведамстваў раскруцілі гандаль наркотыкамі.

Палітыка? Перад леташнімі парламенцкімі выбарамі менавіта старшыня КДБ рабіў справаздачу перад кіраўніком краіны па ходзе кампаніі. У прыватнасці, сігналізаваў, што ў апазіцыі збор подпісаў ідзе зусім слаба. Цяпер ягонае ведамства разгортвае так званую «справу «Белага легіёна», па якой амаль тры дзясяткі беларускамоўных патрыётаў апынуліся ў турме. Валерый Вакульчык інтэлектуальна мацнейшы за сваіх папярэднікаў — Сухарэнку, Жадобіна, Зайцава. Гэта і дазваляе яму дастаткова доўгі час без заўважных для кіраўніка краіны касякоў заставацца на пасадзе.

 «Калі ты трапіў на фота з прэзідэнтам, абавязаны быць крыштальна чысты перад законам» (сакавік 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1964 у вёсцы Радастава (Драгічынскі раён). Скончыў Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, Вышэйшыя курсы вайсковай контрвыведкі КДБ СССР, Акадэмію кіравання. Служыў ва Узброеных сілах (1985—1991), у органах дзяржаўнай бяспекі (1991—2008). Працаваў начальнікам Аператыўна­-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце (2008—2011), старшынёй Следчага камітэта (2011—2012). Старшыня КДБ (з 2012).

3 (4). Віктар Лукашэнка — памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі

Фота Сяргея Гудзіліна

Паўнамоцтвы старэйшага сына Лукашэнкі ніхто па­-за колам улады дакладна не ведае. Кажуць, што менавіта ён курыруе працу ўсіх сілавых ведамстваў краіны, яму справаздачацца Вакульчык, Шуневіч, Шпягун і ўсе астатнія. На справе ж троху не зразумела, чаму 40-гадовы Віктар усё яшчэ застаецца чалавекам з пасадай, якая не выпрабоўвае адказнасцю. Раней час ад часу ўзнікалі чуткі, што Віктар можа ўзначаліць Брэсцкую вобласць ці Пагранічны камітэт. Гэта рэальная праца, дзе чалавек быў бы лепш бачны людзям, дзе людзі маглі б рэальна ацаніць ягоныя здольнасці. Пакуль жа Віктар лічыць за лепшае не даваць інтэрв’ю і не свяціцца перад тэлекамерамі. Толькі зрэдку ягонае імя выплывае ў хроніцы, калі памочнік прэзідэнта наведвае арабскія краіны, «Формулу-1» ці рассякае на байку ў цэнтры Мінска.

Паўночная Карэя, Сірыя, Азербайджан, Куба — прыклады краін, дзе ўлада пераходзіць ад бацькі да сына, хоць фармальна яна «выбарная» і «дэмакратычная».

«У мяне старэйшы сын чарнамазы такі, кажуць, да каўказца падобны» (Аляксандр Лукашэнка пра сына, лістапад 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1975 на Магілёўшчыне. Скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ (1999). Служыў у спецпадраздзяленні памежных войскаў АСАМ, быў трэцім сакратаром, дарадцам у аддзеле Заходняй Еўропы ў МЗС (2003—2005), працаваў начальнікам аддзела замежна­эканамічных сувязяў НДІ сродкаў аўтаматызацыі (2003—2005). Ад 2005 — памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы.

4 (5). Андрэй Кабякоў — прэм’ер-міністр

Уявім сітуацыю, што Аляксандр Лукашэнка з нейкай прычыны не зможа кіраваць краінай. Каму ў такім выпадку пяройдзе ўлада? Фармальна не Віктару, не Вакульчыку і не Макею. Выканаўцам абавязкаў прэзідэнта стане Андрэй Кабякоў. Магчыма, у гэтым і крыецца галоўны адказ, чаму ўсмешлівага прэм’ер-міністра эксперты паставілі настолькі высока ў нашым рэйтынгу. Галоўная задача прэм’ера ў беларускіх умовах — захаванне эканамічнай стабільнасці. Людзі жывуць не вельмі добра, але татальнага абвалу, як было ў часы Мясніковіча­-Пракаповіча, пакуль не здарылася.

Кабякоў мала каго раздражняе, але гэта не значыць, што ў выпадку чаго з прэм’ера не зробяць «ахвярнага казла». Кабякоў не падтрымлівае ні замшэлых прыхільнікаў планавай эканомікі, ні лібералаў. Хаця на адным з апошніх пасяджэнняў рэзка асадзіў Пракаповіча, які прапаноўваў вярнуцца да старых парадкаў.

Эмісійнае друкаванне грошай — мінулы этап» (люты 2017)

Аб’ектыўка

Нарадзіўся ў 1960 у Маскве. Скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут (1983), Наргас (1991). Працаваў на заводзе «Дыяпраектар» (1985—1995). Намеснік начальніка Службы дзяржкантролю (1995—1998). Старшыня КДК (1998—2000). Віцэ­-прэм’ер (2000—2002, 2003—2008). Міністр эканомікі (2002—2003). Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (2008—2010). Пасол Беларусі ў Расіі (2011—2012). Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (2012—2014), прэм’ер­-міністр (ад 2014).

5 (6). Уладзімір Макей — міністр замежных спраў

З яго імем звязваюць дзве апошнія адлігі ў дачыненнях Беларусі і Еўрасаюза. Міністр быў тым, хто пралабіраваў пяцідзённы бязвізавы рэжым для еўрапейцаў і амерыканцаў у Беларусі. Гэта вялізны прарыў для нашай краіны. Макея прымаюць у еўрапейскіх сталіцах, ён годна глядзіцца на фоне калег з іншых краін.

За прарыў на заходнім кірунку Макея не ўсе любяць на ўсходзе. Расійскія чарнасоценцы распаўсюджваюць бздуру, што міністр замежных спраў рыхтуе рэвалюцыю. На гэта быў вымушаны адрэагаваць нават Аляксандр Лукашэнка на апошняй вялікай прэс­-канферэнцыі.

На ранейшай пасадзе Макей ажыццявіў шэраг эфектыўных рэформаў, напрыклад увёў сістэму «адно акно» ў дзяржаўных паслугах насельніцтву.

Унутры МЗС Макей падабраў цікавую каманду з маладых, адукаваных людзей.

Нядаўна менавіта Макей быў вымушаны ўлагоджваць скандал, звязаны з дэпартацыяй украінскага пісьменніка Сяргея Жадана.

У той жа час пра Макея кажуць, што гэта чалавек, для якога перакананні нічога не значаць, калі ён «пры выкананні». Ідэальны выканаўца любой палітыкі.

«Мы проста абавязаныя зрабіць так, каб беларуская гісторыя была напісаная аб’ектыўна, каб бачылі, што карані беларускай дзяржавы сягаюць далёка ў мінулае і што нам ёсць чым ганарыцца» (студзень 2017).

Аб’ектыўка

Нар. у 1958 у вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна. Скончыў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў (1980), служыў у савецкай разведцы (1980—1992), палкоўнік запасу. Перавучваўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992—1993). Знаходзіўся на дыпламатычнай службе (1993—2000), працаваў памочнікам прэзідэнта (2000—2008), кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта (2008—2012). Ад жніўня 2012 — міністр замежных спраў. Мае двух сыноў ад розных шлюбаў. Другая жонка — актрыса і тэлевядучая.

6 (12). Міхаіл Мясніковіч — спікер савета рэспублікі

Здавалася б, Мясніковіча ўжо спісалі з рахункаў. Але ў гэтым рэйтынгу адбылося ягонае трыумфальнае вяртанне ў дзясятку. Патлумачыць можна тым, што ягонае імя ва ўсіх на слыху пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта №3. Менавіта Мясніковіч быў адным з першых, хто прапанаваў караць дармаедаў. Мясніковічу згадваюць таксама ўвядзенне іншых падаткаў, напрыклад, дарожнага. І гэта людзі забыліся аб дэвальвацыях, што адбываліся за час яго прэм’ерства. Мясніковіч становіцца героем народнай творчасці, яго аблічча з'яўляецца на сценах гарадоў. І ў палітычным плане спікер верхняй палаты нешта яшчэ значыць: ён дазваляе сабе рэзка крытыкаваць дзейных урадоўцаў, той жа Андрэйчанка ні на што падобнае ніколі не адважваецца.

«Калі нашы прадпрыемствы закрыты на Расію, судзіцеся, а не на БТ расказвайце» (снежань 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1950 у вёсцы Новы Сноў Нясвіжскага раёна. Закончыў Брэсцкі інжынерна­-будаўнічы інстытут (1972), Мінскую Вышэйшую партыйную школу (1989). Доктар эканамічных навук. Інжынер «Мінскводаканала» (1973—1977), галоўны інжынер, кіраўнік упраўлення прадпрыемстваў камунальнага абслугоўвання Мінгарвыканкама (1977—1983). Працаваў у кіраўніцтве мінскага Савета народных дэпутатаў (1983—1985), быў сакратаром Мінскага гаркама КПБ (1985—1986). Міністр ЖКГ БССР (1986—1990), старшыня Дзяржкамітэта па эканоміцы і планаванні (1990—1991). Віцэ-­прэм’ер (1990—1995), кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (1995—2001), кіраўнік Акадэміі навук (2001—2010), прэм’ер­-міністр (2010—2014). З 2015 — старшыня савета рэспублікі. Жанаты, мае сына і дачку.

7 (7). Ігар Шуневіч — міністр унутраных спраў

Увасабленне hard power у беларускім істэблішменце. Жорсткі, упэўнены ў сабе кіраўнік. Задушэннем пратэстаў займаліся і папярэднікі Шуневіча — Навумаў і Куляшоў, — аднак цяперашні міністр нават пераўзышоў іх. Былы кадэбіст Шуневіч упершыню ўсплыў, калі прыходзіў асабіста з допытамі да арыштаваных пасля пратэстаў 2010—2011 гадоў. Вось і цікава, што яго падштурхнула да такога кроку.

У народзе з’явіўся нават наватвор, які тычыцца асоб у цывільным, якія затрымліваюць і збіваюць людзей за палітычныя погляды, — «шуняўкі».

Многія палітычныя сілы выступілі з заявай, што кіраўнік МУС мусіць сысці ў адстаўку. Але абурэнне людзей, здаецца, толькі ўмацоўвае яго пазіцыю.

«Я ганаруся, што ў мяне ёсць форма НКВД» (сакавік 2017)

Аб’ектыўка

Нар. у 1967 ва Украіне (Луганская вобласць). У 1992 скончыў Акадэмію міліцыі МУС Беларусі, служыў у міліцыі. Працаваў у КДБ (2007—2012). У студзені 2012 прызначаны першым намеснікам міністра ўнутраных спраў, у маі таго ж года — міністрам.

8 (10). Віктар Шэйман — кіраўнік спраў прэзідэнта

Гады ідуць, людзі ў калодзе змяняюцца, хтосьці забываецца назаўжды, і толькі Шэйман застаецца ранейшым.

Пасля тэракта 2008 года Шэйман быў дэманстратыўна адпраўлены ў адстаўку. Потым яму прыдумвалі новыя пасады. Цяпер Тыгр, як некаторыя называюць Шэймана, разбудоўвае магутную бізнэс­-імперыю пры кіраўніцтве спраў прэзідэнта. Шэймана ўсё яшчэ адпраўляюць у далёкія турнэ — Зімбабве, Куба, Венесуэла. Цікава, гэта ўжо фінальны пункт кар’еры калісьці ўсёмагутнага чыноўніка ці яго яшчэ чакаюць новыя ўзлёты?

«Спробы падфарбаваць сапраўднае становішча спраў у сацыяльна­-эканамічным развіцці недапушчальныя» (ліпень 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1958 у вёсцы Салтанішкі (Воранаўскі раён). Служыў у Савецкай Арміі, у тым ліку ў Афганістане. Дэпутат Вярхоўнага Савета ад Брэста (1990—1995). Быў разам з Лукашэнкам у аўтамабілі, калі адбыўся «стрэл пад Лёзнам». Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі (1994—2000 і 2006—2008), генеральны пракурор (2000—2004), кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (2004—2006). Узначальваў перадвыбарны штаб Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. Быў памочнікам па асаблівых даручэннях. Ад студзеня 2013 — кіраўнік спраў прэзідэнта.

9 (8). Павел Калаўр — старшыня праўлення Нацбанка

За апошні год адбылася дэнамінацыя беларускага рубля, праводзіць якую якраз і даверылі Калаўру. Многія казалі, што манеты знікнуць ужо праз пару месяцаў, але Нацбанку ўдалося стабілізаваць нацыянальную валюту на ўзроўні каля двух рублёў за даляр.

Нацбанк вядзе цяжкія перамовы з МВФ аб выдзяленні новага крэдыту. У падначаленыя Калаўр падабраў дастаткова амбіцыйную і ліберальную каманду. Праўда, у беларускіх умовах палітыка не залежыць ад рашэнняў Нацбанка.

«Беларусі патрэбныя золатавалютныя рэзервы каля $10 мільярдаў» (май 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1962 у вёсцы Белавуша на Століншчыне. Скончыў Пінскі ўлікова­крэдытны тэхнікум (1980), Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава (1985). Кандыдат эканамічных навук (2001). Працаваў у Стаўбцоўскім, Бярэзінскім, Валожынскім аддзяленнях Дзяржбанка СССР (1985—1987), узначальваў Валожынскае аддзяленне Аграпрамбанка СССР (пасля — «Белаграпрамбанка») (1988—1993). Працаваў у сістэме Нацбанка (1993—2010), спачатку намеснікам старшыні праўлення, з 1999 — першым намеснікам. Старшыня праўлення банка «БелВЭБ» (2010—2014). Старшыня праўлення Нацбанка (з 2014).

10 (9). Уладзімір Сямашка — віцэ-прэм’ер

 «Ён як бульдог у перамовах, нікому нічога не саступіць», — так некалі ахарактарызаваў Сямашку Аляксандр Лукашэнка. А іншы раз сказаў, што такога складанага характару, як у Сямашкі, няма ні ў каго з чыноўнікаў.

Сямашка глядзіць на чалавека сур’ёзна і крыху драпежна. Нездарма ўжо больш за дзясятак гадоў менавіта яго адпраўляюць на перамовы аб энерганосьбітах у Маскву. Бывала такое, што і пад бой курантаў заключалі пагадненні.

Іншай важнай місіяй Сямашкі з’яўляецца будаўніцтва Астравецкай АЭС, таксама шмат у чым лёсавызначальны праект.

Сямашка ўжо не малады хлопчык, даўно пенсіянер, але замяніць яго ў галоўнай калодзе ўсё яшчэ не бачаць кім. Бульдогаў не выгадуеш штучна.

«Нам не патрэбны танны газ ад вас, мы пайшлі ў Еўразійскі саюз для таго, каб мець газ і энергарэсурсы па цэнах, блізкіх да вашых» (чэрвень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1949 у Калінкавічах. Закончыў БНТУ (1972). Працаваў на «Інтэграле» (1974—1996). Гендырэктар «Гарызонта» (1996—2001). Міністр энергетыкі (2001—2003). Першы віцэ-­прэм’ер Беларусі (2003—2014), віцэ-­прэм’ер (ад 2014).

11 (15). Леанід Анфімаў — старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю

Фота: spurnik.by

Ведамства Анфімава надзеленае вельмі шырокімі паўнамоцтвамі, правярае законнасць асваення грошай на буйных праектах: Астравецкая АЭС, рэформа ЖКГ і шмат усяго іншага. Цікавыя зігзагі лёсу: у 1993 годзе малады дэпутат Аляксандр Лукашэнка абвінавачваў у карупцыі начальніка ўпраўлення па эканамічнай рэформе і рынкавых адносінах Мінгарвыканкама Леаніда Анфімава… Праўда, у тыя гады Анфімаў і Лукашэнка былі па розныя бакі. Першы ў той час уваходзіў у склад Грама­дзянскай партыі, якая была прадвесніцай АГП.

Старшыня дзяржкантролю ўпэўнены, што чыноўнік павінен жыць выключна на зарплату і ў межах яе лічыць сябе багатым ці бедным чалавекам. Разам з тым Анфімаў разумее, што праверкі часта замінаюць бізнэсу нармальна працаваць, пра што неаднаразова гаварыў.

«Я не скажу, што мы лютуем. Калі чалавек працуе ў рамках прававога поля, мы да яго ніколі не прыйдзем» (красавік 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1954 у сяле Сіма Юр’еў-­Польскага раёна Уладзімірскай вобласці Расіі. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1977), Наргас (1988). Працаваў інструктарам прамыслова­-транспартнага аддзела Заводскага райкама КПБ, генеральным дырэктарам вытворчага аб’яднання «Дызайн». Ад 1991 да 2001 працаваў у Мінгарвыканкаме. Потым сыходзіў у КДК, пасля чаго зноў вяртаўся ў Мінгарвыканкам. З красавіка 2006 — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У снежні 2010 стаў намеснікам старшыні КДК. Ад кастрычніка 2014 — старшыня КДК.

12 (18). Аляксандр Канюк — генеральны пракурор

У пракуратуру раяць пісаць усім, хто сутыкаецца з несправядлівасцю. Заклікі пісаць у пракуратуру былі і падчас збіцця і затрыманняў дэманстрантаў. Але дарма: Канюк ні разу ніколі не ўстаў на бок, напрыклад, чалавека, асуджанага за пратэст супраць улады. Хутчэй, наадварот, ён ацаніў цалкам адэкватным разгон Дня Волі і адмову Мінгарвыканкама даць дазвол на акцыю. А яшчэ Канюк прапанаваў штрафаваць СМІ за непраўдзівую інфармацыю.

Гэта чалавек няпростага лёсу, калісьці ў яго загінуў сын.

«Сістэме выканання пакаранняў патрэбна сур'ёзная карэкціроўка» (жнівень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1960 у Гродне. Скончыў БДУ (1982). Пасля паступіў у распараджэнне камандзіра вайсковай часці ў Барысаве. Два гады быў камандзірам узвода. Потым паступіў у распараджэнне Упраўлення вайсковых трыбуналаў у Маскве. Ад 1993 — суддзя Беларускага вайсковага суда. Ад 1997 — суддзя і старшыня Мінскага міжгарнізоннага вайсковага суда. Ад 2006 — суддзя і старшыня Беларускага вайсковага суда. Ад 2009 года — намеснік старшыні, старшыня вайсковай калегіі Вярхоўнага суда. Ад верасня 2011 — генеральны пракурор. Генерал-­маёр юстыцыі.

13 (-). Станіслаў Зась — дзяржаўны сакратар Рады бяспекі

Адна з ключавых пасад у краіне. Зась вельмі часта знаходзіцца на фота побач з кіраўніком краіны.

Пад кіраўніцтвам Зася была распрацаваная новая Ваенная дактрына Беларусі. Вядома ж, распрацоўвалася яна з улікам магчымай вайны. Для Зася гэтая тэма не новая, некалі менавіта па гібрыднай вайне ён абараняўся ва ўніверсітэце. Другая ідэя, якую прасоўвае Зась, — гэта тэрытарыяльная абарона краіны, а таксама аптымізацыя колькасці сілавых ведамстваў. Зась — рэдкі інтэлектуал сярод сілавікоў. Пры гэтым ён па старой савецкай звычцы ганіць заходняе грамадства, лічыць яго амаральным. Гэтаксама ад яго дастаецца нацыяналістам — і беларускім, і рускім.

«Галоўнае дасягненне Беларусі — тое, што яна развіваецца ў мірных умовах» (ліпень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1964 годзе ў Чарнігаўскай вобласці Украіны. Скончыў Бакінскую вышэйшую агульна-вайсковую камандную вучэльню, Вайсковую акадэмію Беларусі, Вайсковую акадэмію Генштаба Узброеных сілаў Расіі. Служыў ва Узброеных сілах, МУС, КДБ, памежных войсках. З 2008 — намеснік генсакратара Рады бяспекі Беларусі. Ад лістапада 2015 — дзяржаўны сакратар Рады бяспекі.

14 (24). Андрэй Раўкоў — міністр абароны

Да войска пасля падзеяў ва Украіне ўвага павышаная. Ці будзе яно здольным у выпадку канфлікту абараніць межы нашай краіны?

«Мы актыўна вывучаем досвед узброеных сілаў Украіны, які яны атрымліваюць на сваёй тэрыторыі», — казаў Раўкоў. Калі пытаюцца пра кантрактнае войска, то Раўкоў таксама змахвае на Украіну: маўляў, прыйшла вайна — і зноў вярнуліся да абавязковай службы.

Расійская вайсковая база пад Бабруйскам так і не з’явілася, затое з’явілася за гэты час новая ваенная дактрына нашай краіны. Калі адзін расійскі палітолаг укінуў у інфармацыйную прастору, што большасць афіцэраў беларускага войска гатовая да аб’яднання з Расіяй, то адказ Раўкова быў імгненны і, што немалаважна, па-­беларуску: «Выказаныя сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе гарантавання бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі».

 Я не тое што са страхам, а са шкадаваннем глядзеў на тых афіцэраў, якія сыходзілі з беларускага войска ў Расію, ва Украіну і іншыя краіны. Шчыра кажучы, было не па сабе» (люты 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1967 у вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёна. Скончыў Мінскае сувораўскае вайсковае вучылішча (1984), Маскоўскае вышэйшае агульна-вайсковае каманднае вучылішча (1988), камандна­-штабны факультэт Вайсковай акадэміі Беларусі (1999), вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі (2005). Ад 2005 да 2012 займаў пасады камандзіра асобнай мабільнай брыгады, начальніка аператыўнага аддзела — намесніка начальніка штаба аператыўнага камандавання, начальніка штаба — першага намесніка камандуючага войскамі аператыўнага камандавання. Ад лістапада 2014 — міністр абароны.

15 (60). Святлана Алексіевіч — пісьменніца

Першая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ад Беларусі. Паведамленне пра ўзнагароду прыйшло за пару дзён да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Прэс­-канферэнцыю Алексіевіч давала ў маленькай рэдакцыі «Нашай Нівы».

За крытыку Лукашэнкі ёй адмаўляюць у памяшканнях, не выдаюць на радзіме. Алексіевіч смяялася, маўляў, мае ўзнагароды з усяго свету, а вось беларускай няма ніводнай. «Я — чалавек беларускага свету», — адказала Алексіевіч крытыкам, які дакараюць яе за пісанне па­-руску. А сваімі настаўнікамі назвала Алеся Адамовіча і Васіля Быкава.

Алексіевіч салідарызавалася з абаронцамі Курапатаў, у асобе зняволенага Змітра Дашкевіча лаўрэатка бачыць будучыню для нашай краіны.

Алексіевіч валодае не фінансавымі і не сілавымі рэсурсамі для ўплыву на грамадства, яе ўплыў вымяраецца словам.

«Дай бог нам ацалець у гэтым рускім нацыяналізме» (жнівень 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1948 у Івана-­Франкоўску (Украіна) у сям'і беларуса і ўкраінкі. Вывучала журналістыку ў Мінску (Белдзяржуніверсітэт). Працавала настаўніцай і журналісткай. Сусветную вядомасць атрымалі яе творы «У вайны не жаночае аблічча», «Чарнобыльская малітва», «Цынкавыя хлопчыкі», «Час сэканд-­хэнд» («Канец чырвонага чалавека»). У 2015­-м атрымала Нобелеўскую прэмію.

16 (14). Мікалай Снапкоў — намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

Снапкоў — адзін з нямногіх, хто перажыў апошні кадравы ператрус у Адміністрацыі прэзідэнта. Гэты выхадзец з Магілёўшчыны мае рэпутацыю ліберала.

На Кастрычніцкім эканамічным форуме летась Снапкоў гаварыў пра неабходнасць адыходу ад сённяшніх прынцыпаў кіравання эканомікай. І Снапкоў, і былы памочнік Лукашэнкі ў пытаннях эканомікі Кірыл Руды, хоць і прапануюць рэформы, але іх падыход у тым, што яны павінны быць эвалюцыйнымі, а не рэвалюцыйнымі.

«Мэта павінна быць адзінай. Напрыклад, стварэнне новых працоўных месцаў» (кастрычнік 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1969 у Магілёве. Закончыў Беларускую сельгасакадэмію (1991), Акадэмію кіравання (2001). Працаваў эканамістам, старшым эканамістам, бухгалтарам у калгасах Магілёўшчыны і Гродзеншчыны, у сістэме «Белаграпрамбанка». Намеснік старшыні Горацкага райвыканкама (1996—2000), начальнік фінансавага ўпраўлення, а пасля намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама (2000—2009). Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (у 2009 і з 2014). Міністр эканомікі (2009—2014).

17 (23). Павел Якубовіч — галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня»

Якубовіч ніколі не скатваўся да хадульнай прапаганды, як некаторыя ягоныя калегі з БТ. Гэта адзін з наймацнейшых інтэлектуалаў, што выбраў працу на сённяшнюю ўладу. У Якубовіча вялізныя сувязі, прычым ён прымае людзей розных поглядаў і пасадаў.

У «Клубе рэдактараў» ён выбраў сабе амплуа «памяркоўнага», які спрабуе супакоіць Генадзя Давыдзьку, што заклікае да расправы з непажаданымі. А яшчэ Якубовіч ініцыяваў круглы стол па Курапатах — тэма сталінскіх рэпрэсій для яго мае асабістае вымярэнне, бо ягоны бацька толькі выпадкова пазбегнуў расстрэлу ў 1938-­м.

«Ніхто не мае права абражаць беларускі народ і ставіць пад сумнеў суверэнітэт Беларусі» (снежань 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1946 ва Унечы (Бранская вобласць, Расія). Закончыў Вышэйшую вайсковую вучэльню МУС і факультэт журналістыкі БДУ (1973). Працаваў у «Знамені юності», «Крыніцы», «Народнай газеце». Галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» (з 1995).

18 (27). Сямён Шапіра — старшыня Мінскага аблвыканкама

Адбылася б цяпер адстаўка прэм’ер­-міністра, то лепш за Шапіру на гэтую пасаду наўрад ці хто б падышоў. Шапіра дасведчаны, дасягае поспехаў на ўсіх пасадах, за якія бярэцца. А яшчэ Шапіра — яўрэй, што заўсёды падкрэслівае Лукашэнка на нарадах, дзе прысутнічае «губернатар» Міншчыны. «Шапіра ў сінагозе маліўся. Толькі ў Мінскай вобласці дождж. Малойца, Сямён Барысавіч!» — жарт ад Лукашэнкі.

Некалі ён лічыўся лібералам. «Лічыўся» — пакуль яго не абавязалі пазвальняць незалежных выкладчыкаў у Гродзенскім універсітэце.

«Старшыні райвыканкамаў заплацяць за рамонт аўто, якія трапілі ў аварыі на непачышчаных дарогах» (лістапад 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1961 ў вёсцы Рэчань на Любаншчыне ў сям’і навукоўца-аграрніка. Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у калгасах Дзяржынскага раёна, пасля ў структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі (1999—2004). Генеральны дырэктар агракамбіната «Дзяржынскі» (2004—2008), міністр сельскай гаспадаркі (2008—2010), старшыня Гродзенскага аблвыканкама (2010—2013), старшыня Мінскага аблвыканкама (з 2013). Жанаты, мае дачку.

19 (82). Наталля Качанава — кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта

Нізкае месца Качанавай у мінулым спісе тлумачыцца тым, што яна толькі­-толькі перайшла на новую пасаду з віцэ-­прэм’ераў. Эксперты не ведалі, ці зможа яна даць рады новым абавязкам.

У сталіцы наваполацкая валейбалістка не разгубілася. «Качанаву прызначылі за абсалютную лаяльнасць і бязлітаснасць», — упэўнены аналітык Андрэй Паротнікаў.

Людскую незадаволенасць Качанава неаднаразова адчувала пасля заяваў пра заробкі. Напрыклад, што 1,3 мільёна для дзіцячага трэнера — гэта цалкам нармальна. Іронія ў тым, што муж Качанавай да пераезду ў Мінск сам працаваў трэнерам. Ці што 280 даляраў для настаўнікаў — выдатны ўзровень. У лукашэнкаўскай сістэме так часта здараецца, што менавіта жанчыны робяць найбольш адыёзныя заявы (згадаем Шчоткіну ці Ярмошыну).

«З Расіяй былі і будзем блізкімі партнёрамі, хай не нагнятаюць» (студзень 2017)

Аб’ектыўка

Нар. у 1960 у Полацку. Скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут (цяпер Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) і пачала працаваць на полацкім «Водаканале». З 1995 года па 2002 працавала на прадпрыемстве «Жыллёва­-камунальная гаспадарка Полацка». Пасля да 2007 года працавала ў Полацкім гарвыканкаме на пасадах начальніка аддзела жыллёва­-камунальнай гаспадаркі і намесніка старшыні па капітальным будаўніцтве і ЖКГ. У 2007 стала старшынёй Наваполацкага гарвыканкама, які ўзначальвала да канца 2014. 27 снежня 2014 года была прызначаная намеснікам прэм`ер­-міністра Беларусі. Ад снежня 2016 — кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта.

20 (-). Іван Наскевіч — старшыня Следчага камітэта

Лукашэнка, прызначаючы Наскевіча, заўважыў, што была дапушчаная памылка пры абранні мінулага старшыні. Гэтак жорстка ён раскрытыкаваў Валянціна Шаева.

Пры столінцу Івану Наскевічу Следчы камітэт па­ранейшаму застаецца найбольш адкрытай і гатовай да супрацоўніцтва сілавой структурай. Праз гэтую ўстанову прахо­дзяць амаль усе гучныя крымінальныя справы, што здараюцца ў краіне. Следчы камітэт завёў крымінальныя справы на аўтараў шавіністычных расійскіх сайтаў — Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнку.

Цікавы факт, што Іван Наскевіч, які вучыўся ва Украіне, калі развальваўся СССР, змог атрымаць беларускі пашпарт толькі ў 1995 годзе.

«Варта выразна разумець, што палітыка — асобна, Следчы камітэт — асобна» (снежань 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1970 годзе ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна. З 1995 года — на службе ў органах пракуратуры Брэсцкай вобласці на следчай працы. У жніўні 2012 года быў прызначаны пракурорам Берасцейшчыны. Ад лістапада 2015 — старшыня Следчага камітэта.

21 (-). Наталля Эйсмант — прэс-сакратарка Лукашэнкі

За два апошнія гады гэтая маладая жанчына стала адной з самых заўважных постацяў у атачэнні кіраўніка краіны. Цяпер яна не проста агучвае афіцыйную пазіцыю кіраўніцтва, але мае магчымасці фарміраваць парадак дзён на свой густ.

Кажуць, менавіта Эйсмант зрэжысавала студзеньскі «Вялікі дыялог», дзе ўпершыню незалежныя СМІ не атрымалі слова.

Лукашэнка скасаваў пасады намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі і памочніка па ідэалогіі. Паўнамоцтвы Бузоўскага і Янчэўскага перайшлі менавіта да Эйсмант. А яшчэ Эйсмант стала непасрэднай начальніцай міністра інфармацыі, а таксама рэдактараў дзяржаўных СМІ. Гэта значыць, акурат падчас планёрак з ёй выданні будуць атрымліваць рэкамендацыі, як і што пісаць.

«Натуральна, прызначэнне і прапанова такога ўзроўню — пра яго не думаеш. Гэта складанае пытанне: нечакана — гэта першая рэакцыя. Але потым разумееш, што ў гэтым ёсць нейкі сэнс» (лістапад 2014)

Аб’ектыўка

Нар. у 1984 годзе, скончыла мінскую музычную вучэльню, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У мінскім Тэатры музкамедыі выконвала дзіцячыя ролі. З 2006 працавала ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад псеўданімам Наталля Кірсанава. Вяла выпускі навін, праграму «Панарама».

22 (21). Сяргей Шпягун — кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра

У пачатку 2017-га Шпягун атрымаў заданне прасачыць за тым, як дзяржаўныя чыноўнікі працаўладкуюць да 1 красавіка ўсіх сваіх жонак, каханак, мужоў, родных і блізкіх. Дагэтуль апошняя вестка пра гэтага чалавека на сайце БелТА датавалася аж 2014 годам.

Шпягун — самы закрыты беларускі сілавік. Часцей за ўсё на нарадах ён сядзіць побач з Віктарам Лукашэнкам. Адзінае, што вядома, — Шпягун паходзіць з Берасцейшчыны.

Ягонае ведамства займаецца рэгуляваннем інтэрнэту. Напрыклад, менавіта ААЦ на нейкі час пазбаўляў даменнага імя папулярны сайт «Анлайнер». А вось першы намеснік Шпегуна Рабаволаў нядаўна перайшоў на працу ў Міністэрства інфармацыі.

Аб’ектыўка

Біяграфія ў адкрытых крыніцах адсутнічае.

23 (22). Васіль Мацюшэўскі — першы віцэ-прэм’ер

Фота: sputnik.by

Ад Мацюшэўскага чакалі рэформаў. Думалася, што гэты топ­менеджар, які носіць модныя пінжакі і туфлі, будзе адпавядаць эпосе не толькі ў адзенні, але і памкненнямі. На справе ж Мацюшэўскаму зусім не да рэформ, ягоны галоўны абавязак заключаўся ў тым, каб шукаць крэдыты. Перамаўляцца з МВФ, пускаць там пыл у вочы, што Беларусь гатовая да сістэмных пераўтварэнняў, а на справе проста шукаць грошы, якія могуць залатаць дзіркі ў эканоміцы.

 «Структура ўрада павінна мяняцца» (май 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1969 у Оршы. Скончыў эканамічны факультэт БДУ (1991), аспірантуру Інстытута эканомікі Акадэміі навук (1994), Лонданскую школу бізнэсу (2012). Кандыдат эканамічных навук. Працаваў начальнікам аддзела ў НПА «Фенікс» (1991—1992), навуковым супрацоўнікам НДІ эканомікі Дзяржэканамплана (1992), трэцім сакратаром МЗС (1992—1994), у сістэме Нацбанка — ад галоўнага эканаміста да намесніка старшыні (1994—1997, 1998—2010), дарадцам міністра фінансаў (1997—1998), старшынёй праўлення «БПС­Сбербанка» (2010—2014). З 2014 — першы віцэ­-прэм’ер. Жанаты, мае сына.

24 (-). Андрэй Паўлючэнка — начальнік службы аховы прэзідэнта

Лукашэнка дастаткова часта мяняе сваіх целаахоўнікаў. Паўлючэнка стаў ужо дванаццатым. Толькі Андрэй Уцюрын змог пратрымацца на пасадзе доўга. Папярэднік Паўлючэнкі Шынкевіч адпрацаваў кіраўніком Службы аховы толькі два гады. Паўлючэнка — гэта той чалавек, які суправаджае кіраўніка краіны і ў паездках па рэгіёнах, і за мяжу. Служба аховы прэзідэнта — шматлікая і разгалінаваная структура. Афіцыйная біяграфія Паўлючэнкі нідзе не друкавалася — у гэтым адрозненне яго ад папярэднікаў, ён не дае інтэрв’ю.

«Паўлючэнка — чалавек дасведчаны, яму ўласцівая высокая выканальнасць» (Аляксандр Лукашэнка, снежань 2016)

Аб’ектыўка

Да прызначэння на гэтую пасаду быў начальнікам упраўлення Службы бяспекі прэзідэнта.

25 (25). Лідзія Ярмошына — старшыня ЦВК

Наступныя выбары яшчэ няхутка, таму на нейкі час Ярмошына адышла ў цень. Думалі, што апошнія парламенцкія выбары будуць апошнімі для бабруйскай юрысткі, але не, Лукашэнка ўсё яшчэ не мае ёй замены. За апошнія гады старшынька ЦВК рэалізавала свае мары — наведала Рым і Парыж. Яна любіць і ўмее выступаць на тэлебачанні, гатовая да рэзкіх пытанняў і адказаў. А вось памочнік Ярмошынай па ЦВК Мікалай Лазавік летась памёр пасля хуткацечнай анкалогіі.

«Я занадта маладая душой, каб вязаць шкарпэткі» (снежань 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1953 у Слуцку. Скончыла юрфак Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Працавала юркансультантам у Калінінградзе і Бабруйску (1975—1987), памочнікам раённага пракурора ў Калінінградзе (1987—1988). Кіраўнік юрыдычнай службы Бабруйскага гарвыканкама (1988—1996). Сябра ЦВК (1992—1996), старшыня ЦВК (з 1996). Разведзеная, мае сына.

26 (26). Дзмітрый Лукашэнка — сярэдні сын кіраўніка Беларусі

Фота: sputnik.by

Калі абмяркоўваецца пытанне пераемнасці, то ніхто ніколі не згадвае Дзмітрыя Лукашэнку. Ён вядзе дастаткова ціхае жыццё, узначальваючы Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Але спісваць з рахункаў любога члена сям’і кіраўніка краіны не выпадае. Дзмітрый у свой час быў блізкі да апальнага бізнэсмена Юрыя Чыжа, яны разам ездзілі прадаваць беларускую тэхніку ў Расію. Цяпер Дзмітрый часцей за ўсё з’яўляецца на публіцы разам з сям’ёй падчас навагодніх святаў. Ягоныя дочкі — Дар’я і Настасся — былі пераможцамі конкурсу сачыненняў на беларускай мове.

 «Няздольных дзяцей не бывае. Проста не ўсе сябе знаходзяць» (снежань 2014)

Аб’ектыўка

Нар. у 1980. Вырас пад Шкловам. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, абараніўшы дыплом па тэме «Выступы беларускіх спартоўцаў на міжнароднай арэне». Кіраўнік прэзідэнцкага спартовага клуба. Жанаты, мае трох дзяцей.

27 (86). Максім Рыжанкоў — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

Сын былога міністра спорта спачатку рабіў кар’еру на дыпламатычнай арэне. Потым яму прапанавалі нечаканую пасаду памочніка прэзідэнта па спорце. Кажа, што згадзіцца трэба было за суткі. Рыжанкоў пагадзіўся.

Галоўным дасягненнем у спорце стала атрыманне Беларуссю ІІ Еўрапейскіх гульняў. Нідэрланды адмовіліся ад іх, бо вельмі дорага. Дый сам Рыжанкоў казаў, што па фінансах пацягнуць такое спаборніцтва вельмі цяжка. Аднак калі Лукашэнка прыняў рашэнне, што такія гульні нам патрэбныя, то і Рыжанкоў змяніў пункт гледжання. Рыжанкоў вядзе твітар, дзе часам дазваляе сабе дастаткова бязлітасную крытыку спартсменаў, якія сумняюцца ў рашэннях улады. Цяпер самы высокі (ростам) беларускі чыноўнік пайшоў на павышэнне. У камандзе з Наталляй Качанавай яны прыйшлі ў адміністрацыю.

«Ніхто не ўзгадае мяне як «татавага сынка» (лістапад 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1972 годзе ў Мінску. Скончыў юрфак БДУ (1994), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2003). Працаваў у Цэнтральным апараце Міністэрства замежных спраў (1994—1996), пазней быў супрацоўнікам амбасады Беларусі ў Ізраілі (1996—2000). З 2000 па 2003 — начальнік аддзела АБСЕ і Рады Еўропы МЗС Беларусі. У 2003—2005 — дарадца амбасады ў Польшчы. Далей на год стаў начальнікам упраўлення Амерыкі МЗС Беларусі. З 2006 па 2012 — начальнік упраўлення замежнай палітыкі адміністрацыі Лукашэнкі. З 2012 — памочнік Лукашэнкі ў пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму. Ад снежня 2016 — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

28 (69). Васіль Жарко — віцэ-прэм’ер

Фота: sputnik.by

Больш за дзесяць гадоў Васіль Жарко займаў пасаду міністра аховы здароўя. Ва ўніверсітэт Жарко паступіў з другой спробы. Кар’еру пачаў будаваць па камсамольскай лініі. Лёсавызначальнай для Жарко была праца ў Брэсцкай дзіцячай бальніцы з Людмілай Пастаялка, будучай міністаркай аховы здароўя. Потым яна і выцягнула Жарко ў Мінск. Многіх абурыла інфармацыя, што Жарко будуе за Нацыянальнай бібліятэкай у Мінску шыкоўны катэдж, у той час як заробкі ў сферы медыцыны складаюць 400 даляраў. Зрэшты, гэта не стала перашкодай для будучага кар’ернага ўзвышэння, цяпер Жарко курыруе ўвесь сацыяльны блок ва ўрадзе.

«Мая вам парада: ні ў якім выпадку вы не павінны быць добрым дзядзькам для кагосьці» (Аляксандр Лукашэнка пра Жарко, снежань 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1956 годзе ў вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна. У 1984 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У 2008­м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Медычную кар'еру пачаў у 1984 годзе як доктар­-інтэрн Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, потым быў доктарам­-тэрапеўтам, раённым педыятрам, загадчыкам аддзялення Драгічынскай раённай бальніцы. Потым зрабіў кар'еру ў ведамстве і ў маі 2006 года стаў міністрам аховы здароўя. Ад снежня 2016 — віцэ­-прэм’ер.

29 (31). Андрэй Шорац — старшыня Мінгарвыканкама

Мінск — тое месца, куда сцякаюцца людзі і грошы з усёй краіны. Кіраваць сталіцай пачэсна і складана. Сціплага чыноўніка з Віцебска Шорца прызначалі ў Мінгарвынкам пасля адносна ўдалай рэформы, якую яму ўдалося правесці падчас працы ў Міністэрстве ЖКГ. Праўда, апошнім часам імя гарадскога начальніка ўсё часцей трапляе ў СМІ з нагоды скандалаў. Напрыклад, немагчымасць знайсці ўцямнага рашэння па будаўніцтве бізнэс-­цэнтра каля Курапатаў. Шорац не адважваўся сказаць ні так, ні не. Нешта падобнае было і ў час змагання людзей супраць высечкі парка Котаўка. Шорцу бракуе волі на прыняцце важных рашэнняў, але, можа, такі чалавек і патрэбен на пасадзе старшыні сталічнага выканкама?

«Калі вам сорамна за Мікалая Лукашэнку ў ААН — з'язджайце з Беларусі» (кастрычнік 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1973 у Віцебску. Скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (1995) і Акадэмію кіравання (1999). Працаваў на Віцебскім прыборабудаўнічым заводзе (1995—1997), у Беларускім патрыятычным саюзе моладзі (1997—1998), у Віцебскім аблспажыўсаюзе (1999—2002), у Віцебскім аблвыканкаме (2002—2010). Намеснік міністра жыллёва­камунальнай гаспадаркі (2010—2011), міністр ЖКГ (2011—2014). Старшыня Мінгарвыканкама (з 2014).

30 (64). Сяргей Міхалок — спявак, лідар гурта Brutto

Фота Ірыны Арахоўскай

Яго песні спяваюць кампаніі ў дварах пад гітару, а таксама вулічныя музыкі. Песні «Ляпіса», а цяпер ужо і Brutto сталі класікай. На сёння ніхто сярод музыкаў не мае такога ўплыву на публіку, як Міхалок. Ні Лявон Вольскі, ні Макс Корж. Міхалок перастаў размаўляць пра палітыку, даваць жорсткія інтэрв’ю, але замест яго гавораць тэксты. Якія словы патрэбныя, калі «Мінск­-Арэна» становіцца на калені падчас выканання песні «Гары», нефармальнага гімна абаронцаў незалежнасці Украіны.

Міхалку пасля доўгага перапынку зноў дазволілі граць канцэрты ў Беларусі, і ён гэтым карыстаецца напоўніцу. Яму ўдалося сабраць у Brutto цікавы калектыў — чаго варты хаця б шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў.

«Мяне, Зелю і Макара запрасілі вярнуцца на радзіму і разам будаваць новую дэмакратычную еўрапейскую Беларусь. Мы прайшлі праверку ўсіх сілавых структур і ведамстваў, праверку тэкстаў і ідэалогій, і — о цуд! — да Brutto няма прэтэнзій, Brutto — чысты дыямент» (люты 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1972 у Дрэздэне (Нямеччына) у сям’і беларуса, які там служыў у савецкай арміі. Спявак, аўтар музыкі і тэкстаў; да 2014 году вакаліст і галоўны ідэолаг гурту «Ляпіс Трубяцкой». З верасня 2014 года — вакаліст Brutto.

31 (38). Уладзімір Амарын — міністр фінансаў

Фота: sputnik.by

Дзярждоўг, фарміраванне бюджэту, перамовы з замежнымі інвестарамі па новых крэдытах — гэта тое, што ўваходзіць у непасрэдныя абавязкі кіраўніцтва Мінфіна. Гэта ўсё няпросты адрэзак. Характэрна, што папярэднікі Амарына (Корбут і Харкавец) сыходзілі з пасады па стане здароўя. Амарын — гэта не самы харызматычны чыноўнік з кіруючай эліты.

«Перамовы з МВФ усё яшчэ працягваюцца» (кастрычнік 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1961 у Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1983) і Акадэмію кіравання (2006). З 1983 працуе ў фінансавай сістэме Беларусі. Першы намеснік міністра фінансаў (2008—2014), міністр фінансаў (з 2014).

32 (30). Андрэй Уцюрын — першы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі

Чалавек, які найдаўжэй адпрацаваў на пасадзе галоўнага ахоўніка Лукашэнкі. А гэта значыць многае. У камандзе Лукашэнкі ён ужо больш за 20 гадоў — ад 1995-­га. Выконваць ролю звычайнага целаахоўніка для Уцюрына не было задачай усяго жыцця. Цяпер ён намеснік Станіслава Зася. І гэта добры плацдарм для далейшага росту. Праўда, з публічнай прасторы Уцюрын знік за часам аховы зусім (яго можна было пабачыць хаця б падчас замежных візітаў Лукашэнкі).

Уцюрын хоць і нарадзіўся не ў Беларусі, але гадаваўся менавіта тут.

«24 гадзіны ў суткі сем дзён у тыдзень ты забяспечваеш бяспеку прэзідэнта, іншых асоб і аб’ектаў. Мабыць, самае складанае ў рабоце кіраўніка — прыняць рашэнне, ад якога могуць залежаць жыцці» (кастрычнік 2014)

Аб’ектыўка

Нар. у 1971 у Пензе. У 1992 скончыў Саратаўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча МУС Расіі, а ў 2002 — Акадэмію МУС Беларусі. Ад 1995 — у службе аховы Лукашэнкі. Узнагароджаны ордэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме». Кіраўнік Службы аховы ад 2007 года. Ад 2014 — намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі.

33 (19). Аляксандр Шакуцін — старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор»

Самы набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец. Шакуцін ад першых сваіх крокаў у бізнэсе пастанавіў быць як мага бліжэй да ўлады. Зрэшты, усё гэта вельмі адносна. Юрый Чыж таксама капаў бульбу і збіраў кавуны разам з кіраўніцтвам краіны, а ў выніку аказаўся ў СІЗА КДБ. Дарэчы, сам Шакуцін выхваляўся, што праверак супраць яго было ў дзесяць разоў болей, чым у Чыжа, але ніхто не знайшоў да чаго прыдзерціся.

Адметны факт, што Шакуцін больш не з’яўляецца членам Савета Рэспублікі. Раней падчас звароту Лукашэнкі да народа і парламента менавіта мільянер Шакуцін задаваў самыя кампліментарныя пытанні. Адметна таксама, што ў спісе самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны ад «Ежедневніка» Шакуцін апусціўся на восьмае месца.

«У мяне было імкненне ствараць новыя прадукты, заводы, тады я атрымліваю надзвычай вялікае задавальненне, атрымліваю той кайф, які патрэбен чалавеку, каб добра сябе адчуваць. Ніколі нікуды больш не пайду, ані ў дэпутаты, ані ў іншыя…» (чэрвень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1959 у вёсцы Вялікае Бабіна Аршанскага раёна. Закончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «хірургія». Працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10­й мінскай бальніцы, дырэктарам медцэнтра МТЗ. У якасці прэзідэнта прадпрыемства «Праммедінвест» займаўся пастаўкамі медыцынскага абсталявання. Старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор» (з 2005), член Савета Рэспублікі (з 2008), старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі (з 2012).

34 (28). Усевалад Янчэўскі — дырэктар Парка высокіх тэхналогій

Ідэалогіі ў Адміністрацыі прэзідэнта не засталося — пасады страцілі і Бузоўскі, і Янчэўскі. Апошні пад гэты шумок змог знайсці вельмі нават цікавую працу. Стваральнік «Акавіты» Хведар Караленка з гэтай нагоды адпісаўся, што не трэба нагнятаць сітуацыю: «Янчэўскі — далёка не дурань, як многія чамусьці думаюць, і разбіраецца ў тэме».

Звяртае ўвагу, што асабістую падзяку Янчэўскаму ў сваёй кнізе «Фінансавая дыета» пакінуў Кірыла Руды. Янчэўскага ён назваў сваім аднадумцам.

Адметна, што Усевалад быў у камандзе Лукашэнкі яшчэ на выбарах 1994 года. Тады яго называлі кар’ерыстам з кар’ерыстаў. Цяпер яго апісваюць як аднаго з найбольш прагрэсіўных і асцярожных чыноўнікаў.

«У нас ёсць усе перадумовы для таго, каб стаць ІТ-краінай» (сакавік 2017)

Аб’ектыўка

Нар. у 1976 у Барысаве. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1988). Быў актыўным сябрам штаба Станіслава Шушкевіча падчас выбараў у Вярхоўны Савет ХІІІ склікання. У сярэдзіне 1990­-х узначаліў пралукашэнкаўскую арганізацыю моладзі «Прамое дзеянне», якая перарасла ў Беларускі патрыятычны саюз моладзі, які потым зліўся з Беларускім саюзам моладзі ў БРСМ. Быў дэпутатам палаты прадстаўнікоў (1996—2000). Адзін з наймаладзейшых чыноўнікаў найвышэйшага эшалона.

35 (22). Генадзь Давыдзька — старшыня Белтэлерадыёкампаніі

Уплыў прадпрыемства, якое ўзначальвае Генадзь Браніслававіч, падае з кожным годам — БТ не можа канкураваць з расійскімі тэлеканаламі. Замест прафесіяналаў на тэлебачанне бяруць людзей ідэалагічна вывераных. Вось і прадукт атрымліваецца адпаведны. У ход зноў пайшлі прапагандысцкія фільмы, як у часы Азаронка. А сам Давыдзька штотыдзень у «Клубе рэдактараў» гнабіць іншадумцаў.

«Прэзідэнт сказаў, што трэба павыкалупваць з булкі разынкі, то бок тых, хто не хоча дыялогу. Мне не спадабалася параўнанне з разынкамі. Я думаю, з булкі тараканаў трэба выкалупваць. Таму што гэты мілы вобраз разынак ну ніяк не падыходзіць да вось гэтых мярзотнікаў» (сакавік 2017)

Аб’ектыўка

Нар. у 1955 у вёсцы Папоўка Сенненскага раёна. Скончыў Далёкаўсходні педагагічны інстытут мастацтваў (1977), Беларускую акадэмію мастацтваў (1991). Граў у Арэнбургскім і Магілёўскім абласных драмтэатрах, у Тэатры імя Янкі Купалы. Дырэктар Тэатра імя Янкі Купалы (1997—2004), дэпутат Палаты прадстаўнікоў (2004—2012). Старшыня Белтэлерадыёкампаніі (з 2010). Жанаты, мае дачку.

36 (41). Юрый Зісер — заснавальнік tut.by

Tut.by — cамы магутны рэсурс у беларускім інтэрнэце. Дзяржаўныя СМІ маюць куды большыя сродкі і магчымасці, але не могуць параўнацца з tut.by, ён застаецца флагманам, быць падобным да яго хочуць вельмі многія. І раздражняе ён не меншую колькасць людзей, зайздроснікі крычаць: «Трэба нацыяналізаваць tut.by!» А гэта якраз і ёсць вышэйшая адзнака ў працы сайта.

«Па-­мойму, дыскрэдытацыя любога чалавека, прадпрыемства, дзяржаўнага органа пачынаецца з публічнай адмовы прызнаваць свае памылкі і барацьбой з тымі, хто на іх паказвае. А рэвалюцыі, каляровыя або чорна-­белыя, адбываюцца тады, калі народу гэта надакучвае» (снежань 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1960 у Львове. Скончыў Паўночна­-Заходні політэхнічны інстытут у Пецярбургу. Працаваў інжынерам-праграмістам у Львове (1982—1986), інжынерам у НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Мінску (1986—1990), у кааператыве ў Расіі (1990—1991). Генеральны дырэктар і ўласнік УП «Надзейныя праграмы» (з 1992).

37 (36) Аляксандр Машэнскі — уласнік кампаній «Санта-Брэмар» і «Савушкаў прадукт»

Гэты бізнэсмен усё часцей з’яўляецца ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, нават разам былі падчас адпачынку кіраўніка дзяржавы ў Сочы. Уласнік «Санта-­Брэмар» — галоўны бізнэсмен Брэстчыны, стварае там рабочыя месцы. Машэнскі быў сярод давераных асоб Лукашэнкі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, ён заўсёды спрабуе заручыцца падтрымкай папулярных людзей. У вольны ад асноўнай працы час Аляксандр Машэнскі кіруе федэрацыяй веславання.

«Наўрад ці Еўрасаюз будзе для нас ключавым рынкам збыту» (ліпень 2012)

Аб’ектыўка

Нар. у 1970 у Брэсце. Скончыў механіка­-матэматычны факультэт БДУ. Уласнік кампаній «Санта­-Брэмар» і «Савушкаў прадукт». Старшыня Беларускай федэрацыі веславання. Ганаровы консул Ісландыі ў Беларусі. Жанаты, мае дзвюх дачок.

38 (39). Сяргей Румас — старшыня праўлення Банка развіцця

Ружавашчокі шматдзетны бацька Сяргей Румас выклікаў станоўчыя эмоцыі, калі працаваў ва ўрадзе. Румас некалькі разоў адважваўся казаць тое, што думае. Настойваў на рыначных рэформах. З такімі аксакаламі, як Пракаповіч, у той момант цягацца яму было немагчыма. У выніку Румаса адправілі ў высылку ў Банк развіцця. Здаецца, там чыноўнік пачувае сябе дастаткова камфортна. Ён перастаў публічна змагацца з ветракамі. Цяпер Румас больш засяроджаны на футбольных справах, але без вялікага поспеху. Зборная Беларусі прабівае дно, не атрымаўшы ніводнай перамогі ў пяці матчах адбору да чэмпіянату свету — 2018, усё меней людзей ідзе на стадыёны, і нават БАТЭ не змог выйсці ў групавы этап еўракубкаў.

«Фанаты? У навінах жа не пішуць, што краму абрабаваў, скажам, член БРСМ ці былы міліцыянер» (снежань 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1969 у Гомелі. Скончыў Яраслаўскае вышэйшае вайсковае фінансавае вучылішча (1990) і Акадэмію кіравання (1995). Працаваў у Дзяржбанку СССР, камерцыйных банках Беларусі. Намеснік старшыні праўлення «Беларусбанка» (2002—2005), старшыня праўлення «Белаграпрамбанка» (2005—2010), віцэ-­прэм’ер (2010—2012), старшыня праўлення Банка развіцця (з 2012). Старшыня Беларускай федэрацыі футбола. Жанаты, чацвёра сыноў.

39 (-). Анатоль Лапо — старшыня Памежнага камітэта

Леанід Мальцаў, які доўгі час быў чалавекам, гатовым закрыць сабой самыя розныя пасады, сышоў на пенсію. Яго змяніў Анатоль Лапо — прафесійны пагранічнік, які зрабіў кар’еру на Смаргонскай заставе. Памежны камітэт — гэта тое ведамства, якое мае вельмі мала нараканняў. Пагранічнікаў намуштравалі працаваць ветліва і хутка.

Зрэшты, і яны частка сістэмы — як у выпадку з той машынай, што нібыта спрабавала збіць пагранічныя слупы на ўкраінска­беларускай мяжы. Потым памежнікам давялося прызнаць, што машына гэта не ехала з тэрыторыі Украіны. Але пад тую карцінку ў турмы пасадзілі іншых, невінаватых людзей.

«Беларусь будзе надзейным гарантам памежнай бяспекі ў рэгіёне» (сакавік 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1963 у вёсцы Кулакоўка Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1986 скончыў Галіцынскае Вышэйшае пагранічнае ваенна­-палітычнае вучылішча КДБ СССР і ў 2001— Акадэмію Федэральнай пагранічнай службы Расіі. Ад 2004 да 2008 кіраваў Смаргонскім пагранічным атрадам. Ад 29 жніўня 2008 быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта — начальніка галоўнага ўпраўлення матэрыяльна-­тэхнічнага забеспячэння. Ад снежня 2016 — кіраўнік Памежнага камітэта.

40 (-). Мікалай Корбут — памочнік прэзідэнта

Назва пасады гучыць не надта прэтэнцыёзна, але ўсе памочнікі «маюць доступ да цела», а гэта пры аўтакратыі значыць многа.

Корбут — гэта чалавек, які адчыняе дзверцы машыны Лукашэнкі, калі той прыязджае некуды з візітам. Корбут узначальвае канцылярыю кіраўніка Беларусі. Можна сказаць, што ён мае штодзённы доступ да асобы нумар №1 у краіне. Яны разам капалі бульбу, сустракалі Стывена Сігала.

Да гэтага Корбут доўгі час узначальваў Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, іншымі словамі, быў «заўгаспам». Над ім вісела пагроза крымінальнай справы, але Корбут змог без наступстваў для сябе выплысці з гэтай сітуацыі. У снежні Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы Корбута.

«Кожнае дзіцё павінна быць акружанае ўвагай і клопатам» (снежань 2011).

Аб’ектыўка

Нар. у 1963 у вёсцы Ужа Капыльскага раёна. У 1988 скончыў Наргас. Працаваў інструктарам, вядучым спецыялістам Мінскага райкама прафсаюза работнікаў АПК, галоўным эканамістам фінансава-­эканамічнага аддзела Камітэта па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры Савеце Міністраў. У 1994—2001 — начальнік упраўлення па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсэрвіс» Кіраўніцтва справаў прэзідэнта. У 2001—2009 — першы намеснік кіраўніка спраў прэзідэнта. У 2009—2013 — кіраўнік спраў прэзідэнта.

41 (42). Мікалай Лукашэнка — малодшы сын кіраўніка краіны

Хлопчыку сёлета будзе 13 гадоў. Гэта ўжо не той узрост, у якім кіраўнік краіны можа вадзіць за руку меншага сына. Адпаведна, Мікалай стаў радзей з’яўляцца на тэлеканалах. Вядома, што Коля ездзіў нядаўна з бацькам у Егіпет і Судан, глядзеў на піраміды ў даліне Гіза, але ў афіцыйныя хронікі не трапляў. Не было яго і падчас параду на Дзень Рэспублікі. Затое Коля ўсё часцей выходзіць у інфармацыйную прастору самастойна. То ён перадае ў дом састарэлых кавуны, то дае першае вялікае інтэрв’ю, у якім паказвае, як грае на фартэпіяна, корміць коней, катаецца на лыжах.

«Можа быць, стаў бы доктарам: гэта добра — дапамагаць людзям» (студзень 2017)

Аб’ектыўка

Нар. у 2004. Вучыцца ў элітнай школе ў Астрашыцкім Гарадку.

42 (35). Сяргей Гурулёў — старшыня Вайскова­-прамысловага камітэта

Сістэмы ракетна­-залпавага агню «Паланэз», распрацаваныя сумесна з кітайцамі, — галоўнае дасягненне беларускага ВПК. Першыя баявыя пускі прайшлі летась. Расейцы не давяраюць беларусам свае вайсковыя тэхналогіі, на што некалькі разоў наракаў Аляксандр Лукашэнка, а вось кітайцы пайшлі на супрацу. Звяртае ўвагу, што ў Пекін з кіраўніком краіны ляталі менавіта Раўкоў і Гурулёў. У гэтым годзе далёкасць дзеяння «Паланэзаў» давядуць да 300 кіламетраў. Таксама ўжо сёлета ў вытворчасць павінны пайсці беларускія гранатамёты. Раней усё кіраўніцтва ВПК складалі не ўраджэнцы Беларусі, цяпер жа ў намесніках Гурулёва толькі беларусы.

«Асноўнымі нашымі партнёрамі застануцца Расія і Кітай» студзень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1953 у г.п. Алавяная Чыцінскай вобласці (Расія). Генерал-­лейтэнант (2001). Скончыў Благавешчанскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча імя Мерацкова (1974), Вайсковую акадэмію бранятанкавых войскаў імя Маліноўскага, Вайсковую акадэмію Генштаба Узброеных сіл Расіі (1999). З 1986 у Беларускай вайсковай акрузе. З 1997 начальнік штаба — намеснік камандзіра, з 2000 камандзір 28­га армейскага корпуса. У 2001 быў начальнікам Галоўнага штаба, з канца 2001 — начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі. Ад 2009 — старшыня Вайскова­-прамысловага камітэта.

43 (40). Мітрапаліт Павел — прадстаяцель БПЦ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі

На кволай надзеі аб самакіраванасці Беларускай праваслаўнай царквы пастаўлены крыж. Прычым ад моманту ўзнікнення ідэі да яе поўнага забыцця прайшло не больш за месяц. БПЦ мае меншую самастойнасць нават за зусім малалікія праваслаўныя цэрквы Латвіі, Чэхіі ці Польшчы. Але кіраўніка царквы, якога да нас даслалі з Разані, такая сітуацыя задавальняе. Хаця вырастае ўсё болей святароў, якія не атаясамліваюць сябе з Расіяй, роля царквы з кожным годам падае. БПЦ па-­ранейшаму валодае вялікай імперыяй, але паства ад гэтага не расце.

«Калі мы кажам і патрыярх кажа пра «русский мир», то тут няма ніякай палітыкі» (студзень 2017)

Аб’ектыўка

Нар. у 1952 у Карагандзе ў сям’і рабочых. Адслужыў у арміі, трохі папрацаваў слесарам. У 1973—1976 вучыўся ў Маскоўскай духоўнай семінарыі. Ад 1979 працаваў, як і Філарэт, у Аддзеле замежных царкоўных зносінаў, прычым на асабліва важным кірунку — у Ізраілі. Ад 1992 да 1999 быў епіскапам Зарайскім, які кіраваў патрыяршымі прыходамі ў ЗША і часова ў Канадзе. У 1999 прызначаны епіскапам Венскім і Аўстрыйскім. У 2001 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа з тытулам Венскі і Будапешцкі. У 2011 стаў мітрапалітам Разанскім. У снежні 2013 пераведзены прадстаяцелем БПЦ.

44 (-). Ігар Маршалаў — кіраўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў

Дзейнасць ДФР — адна з вялікіх крыніц папаўнення бюджэту. Задача ведамства — выяўленне лжэпрадпрымальнікаў, махляроў, неплацельшчыкаў падаткаў. Маршалаў хваліцца, што практычна ўсе праверкі ДФР аказваюцца выніковымі. Але пры гэтым ён называе лічбу, што толькі 1,5% праверак у краіне ад агульнай колькасці праводзіць КДК. Што тычыцца самога Маршалава, то яму 45 гадоў, ён са Шклова, зямляк Лукашэнкі.

«У барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам выкарыстоўваюцца ўсе сродкі і метады» (ліпень 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1972 у Шклове. Скончыў Валынскае вайсковае вучылішча (1993), Беларускі камерцыйны ўніверсітэт кіравання (1998). Службу пачаў у 1993 інспектарам аддзела падатковых расследаванняў па Мазыры. Праходзіў службу на розных пасадах у Дзяржаўным камітэце фінансавых расследаванняў па Гомельскай вобласці, упраўленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гомельскай вобласці, Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. ДФР узначаліў у жніўні 2013.

45 (79) Іван Галаваты — генеральны дырэктар «Беларуськалія»

«Беларуськалій» — адзін з камянёў, на якіх стаіць беларускі дзяржбюджэт. Больш за 90% здабытага ідзе на экспарт. Дзе яшчэ Беларусь можа пахваліцца такімі вынікамі? Што тычыцца Івана Галаватага, то ён у фаворы ў кіраўніцтва краіны. Быў адным з трыццаці, хто ўвайшоў у давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі на апошніх выбарах. Летась яго прызначылі ў Савет Рэспублікі.

У «Беларуськаліі» круцяцца вялізныя грошы.

Цікава, што летась Галаваты разам з кіраўнічкай «Беларускай калійнай кампаніі» Аленай Кудравец наведвалі ЗША, былі ў тамтэйшых Сенаце і Палаце прадстаўнікоў. Па звестках з адкрытых крыніц, беларускія калійшчыкі патрацілі больш за паўмільёна даляраў на лабіраванне сваіх інтарэсаў у ЗША.

«З мэтай утрымання лідарскіх пазіцый як аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калію ў свеце наша прадпрыемства рэалізуе больш за восем дзясяткаў будаўнічых праектаў».

Аб’ектыўка

Нар. 15 чэрвеня 1976 года ў мястэчку Пагост Салігорскага раёна. Скончыў Дзяржаўны горны інстытут імя Г.В.Пляханава (тэхнічны ўніверсітэт) у г. Санкт­Пецярбургу. Працаваў начальнікам горнага аддзела РУП «ВА Беларуськалій», намеснікам генеральнага дырэктара па матэрыяльна­-тэхнічным забеспячэнні — начальнікам упраўлення матэрыяльна-­тэхнічнага забеспячэння, галоўным інжынерам ААТ «Беларуськалій». Генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій».

46 (81) Віктар Кіслы — заснавальнік анлайн­-гульні «Свет танкаў»

Першы беларускі даляравы мільярдэр другі год запар узначальвае спіс самых багатых беларускіх бізнэсоўцаў. Кіслы быў энтузіястам, які ўкладваўся ў камп’ютарныя гульні, калі ніхто не верыў, што яны будуць прыносіць настолькі вялізныя грошы. Выручка Wargaming за 2015 год склала больш за паўмільярда даляраў!

Кампанія актыўна прасоўвае свой прадукт на рынкі Амерыкі, Азіі, Еўропы. Пры гэтым галоўны офіс кампаніі ўсё ж зарэгістраваны на Кіпры, а не ў Беларусі.

Паказальна, што самым багатым чалавекам краіны стаў не той, каму давалі доступ да гандлю нафтай, да будаўніцтва, гіпермаркетаў, а чалавек са сферы, якая яшчэ зусім нядаўна лічыліся забаўкай.

Лукашэнка прызнаваўся, што нават ягоны сын Коля завісаў у «танчыках».

«Я люблю «танчыкі» ўсёй душой. На маім асабістым рахунку 10 000 баёў. Я чалавек не азартны, але World of Tanks мяне зацягвае. У сярэднім я праводжу ў танкавых баталіях па 50 гадзін на месяц» (люты 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1976 у Мінску. У 1999 скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «фізік-­лазершчык». У 1998 годзе заснаваў кампанію Wargaming.

47 (66). Уладзімір Дворнік — старшыня Гомельскага аблвыканкама

Чаму Дворнік аказаўся ў рэйтынгу вышэй за калег з астатніх абласцей, калі не лічыць Шапіру? Бо найдаўжэй захоўвае сваю пасаду — ужо сем гадоў.

Пры яго «губернатарстве» ў Гомелі хапала карупцыйных скандалаў, арыштоўвалі старшыню Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца.

Гомельская вобласць — гэта не самы просты рэгіён краіны, асабліва ўскладнены Чарнобылем. Але сам горад Гомель — другі па магутнасці ў краіне пасля Мінска.

Не так даўно чыноўнік атрымаў з рук Лукашэнкі ордэн Айчыны ІІІ ступені.

«Для павышэння дабрабыту нашых людзей трэба засяродзіцца на працы рэальнага сектара эканомікі» (ліпень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1963 у вёсцы Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна. Закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Працаваў трактарыстам, ветэрынарам, намеснікам старшыні калгаса, дырэктарам саўгаса, старшынёй Мазырскага райвыканкама. Старшыня Гомельскага аблвыканкама (ад 2010).

48 (80). Аркадзь Добкін — старшыня рады дырэктараў EPAM Systems

Узлёт ІТ­шнікаў. Упершыню адразу двое прадстаўнікоў гэтай галіны трапілі ў топ­-50 нашага рэйтынгу.

Менавіта Добкін некалі на пару з Цапкалам быў сярод тых, хто лабіраваў ідэю стварэння Парка высокіх тэхналогій у Мінску — аднаго з найбольш удалых праектаў у нашай краіне за апошнія дзесяцігоддзі. Сёння EPAM Добкіна мае мільённыя абароты. «Каб гэты цягнік не спыняўся, яму не трэба перашкаджаць», — казаў Добкін.

«У краіне сярэдні заробак ужо меншы за 400 даляраў, а ў нас — большы ў 4—5 разоў» (верасень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1960 годзе ў Мінску. Вучыўся ў школе № 50 з матэматычным ухілам. У 1983 скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «інжынер электратэхнікі». У 1991 годзе эміграваў у ЗША. У 1993 годзе заснаваў EPAM Systems.

49 (45). Мікалай Статкевіч — палітык, былы палітвязень

У 2015 годзе Статкевіча былі вымушаныя вызваліць з турмы, але так і не прымусілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Ён быў гатовы сядзець за свае перакананні, колькі спатрэбіцца. У зняволенні аўтарытэт Статкевіча толькі рос, але і на волі ён яго не разгубіў, менавіта на яго БТ робіць паклёпніцкія рэпартажы. Экс­кандыдат у прэзідэнты першай справай пачаў арганізоўваць акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска, наадрэз адмаўляўся хадзіць на Бангалор. Статкевіч мае характар, ён так і не здолеў збудаваць кааліцыю з іншымі апазіцыйнымі палітыкамі, застаецца адзіночкай. У адзіночку ён браў на сябе адказнасць за Дзень Волі, але напярэдадні яго змясцілі на трое сутак у СІЗА КДБ. 

«У мяне ёсць пачуццё адказнасці за лёс нашай нацыі, і гэта адзін з самых моцных матываў ва ўсім, што я раблю» (жнівень 2016)

Аб’ектыўка

Нар. у 1956 у вёсцы Лядна Слуцкага раёна, належыць да старадаўняга праваслаўнага шляхецкага роду. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-­ракетнае вучылішча (МВІЗРВ) СПА. Абараніў кандыдацкую дысертацыю і выкладаў у МВІЗРВ. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу. 20 жніўня 1991 публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Тады ж абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах у 2010. Яго арыштавалі ў дзень Плошчы — 19 снежня 2010. Асуджаны на 5,5 года зняволення. У адрозненне ад некаторых іншых кандыдатаў, не падпісаў прашэння аб вызваленні.

50 (47). Павел Тапузідзіс — уласнік «Тытунь­Інвест» і «Кароны»

 Бізнэсоўца лічаць адным з самых багатых людзей краіны. Сваю імперыю ён пабудаваў на вырабе цыгарэт — дзялянцы, куды «чужых» не дапускаюць. А што ж Тапузідзіс? Кожныя выбары ён узначальвае ўчастак для галасавання ў мінскім мікрараёне Сухарава.

«Мая задача — зрабіць усё, каб дзясяткі тысяч работнікаў працавалі спакойна, атрымлівалі два разы на месяц зарплату» (кастрычнік 2015)

Аб’ектыўка

Нар. у 1956 у Грузіі. Мае грэчаскія карані. Пачаў бізнэс на вытворчасці цацачных самалёцікаў. У Беларусі арганізаваў кааператыў па выпуску пахавальных вянкоў, пасля заняўся вытворчасцю цыгарэт. Уласнік кампаніі «Тытунь­Інвест», сетак гіпермаркетаў «Карона» і «Карона-­Тэхна», гатэля «Робінсан Клаб». Жанаты, мае сына.

***

Другая паўсотня: Калінкіна і Марзалюк

Першая 50-ка рэйтынгу складаецца амаль суцэльна з найвышэйшых дзяржаўных асоб, сілавікоў і блізкіх да ўлады мультымільянераў. Толькі 6 асобаў складаюць выключэнне з гэтага правіла: выбітныя дзеячы культуры Алексіевіч і Міхалок, стваральнік унікальнага партала Зісер, бізнэсоўцы з глабалізаванай ІТ-сферы Кіслы й Добкін ды апазіцыйны палітык Статкевіч.

У другой паўсотні традыцыйна сустракаецца больш людзей з розных сегментаў грамадства.

Фрустрацыя на выбарах 2015 года прывяла да таго, што з апазіцыйных палітыкаў, апроч Статкевіча, у спіс змог патрапіць толькі Анатоль Лябедзька (№94), а таксама цясляр Зміцер Дашкевіч (№85). Рэйтынг пачыналі складваць яшчэ да хвалі пратэсту, што пракацілася па краіне ў сакавіку. Таму тэарэтычна нехта яшчэ з нязгодных з уладай мог быць тут прадстаўлены.

Зміцер Дашкевіч. Фота Антона Матолькі

Іосіф Сярэдзіч і Святлана Калінкіна ў мінулым рэйтынгу ішлі ў звязцы па «Народнай Волі». За гэты час Калінкіна пакінула газету, занялася інтэрнэт-праектамі, а таксама аўтарскай праграмай на «Белсаце». На жаль, гэта негатыўна паўплывала на пазіцыі абаіх прадстаўнікоў журналісцкага цэху.

Дарэчы, звяртае ўвагу, што сёлета ніхто не ўключыў у свае спісы рэдактарку сайта «Хартыя-97» Наталлю Радзіну, хаця мінулы раз яна ўваходзіла ў першую палову рэйтынгу. Магчыма, адбілася падзенне ўплыву партала. Звяртае ўвагу і абсалютная адсутнасць Зянона Пазняка, хаця папярэднія гады ён згадваўся.

У другой палове прадстаўлены цэлы россып людзей, якіх можна называць блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі: сябар юнацтва, а пасля старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў (№65), трэнер па тэнісе Сяргей Цяцерын (№72), кіраўніца лечкамісіі Ірына Абельская (№74), хакейны трэнер Міхаіл Захараў (№81).

Чамусьці сёлета было літаральна дзве згадкі кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Ігара Рачкоўскага — і гэты чалавек, якому раней шмат хто прадказваў важныя пасады, выпаў спісу.

У сотню прайшоў яшчэ адзін музыка — Лявон Вольскі (№58), які нядаўна запісаў адзін з найбольш цэльных альбомаў за час творчасці.

Да жаночага аблічча беларускага спорту ўжо не трэба звыкацца — гэта брэнд. Вікторыя Азаранка на 55-м радку (у яе больш папулярны ў свеце спорт), а Дар’я Домрачава — 76-я. А вось адзінага нашага алімпійскага чэмпіёна Рыа Уладзіслава Ганчарова эксперты праігнаравалі.

Дар'я Домрачава з сям'ёй. 

Асобна варта адзначыць, што, нягледзячы на адстаўкі, пакуль яшчэ засталіся ў сотні Леанід Мальцаў (№54) і Рыгор Кісель (№61). Але выглядае, што гэта ўжо іхняя лебядзіная песня, і ў топ-100 праз два гады яны ўжо не застануцца. Затое па старой памяці ўсё яшчэ ўключаюць у спісы Сяргея Сідорскага (№98). Колькі ўжо гадоў экс-прэм’ер не пры справах, а яго не забываюць.

Леанід Мальцаў. 

Крыху нечаканым было, што ў топ так і не трапілі дэпутаткі палаты ад незалежнага грамадства — Алена Анісім і Ганна Канапацкая. А вось Ігар Марзалюк, які прымільгаўся па ТБ, сярод тых, хто замыкае спіс.

Рэйтынг складалі:

Максім Беразінскі, шэф-рэдактар сайта by.tribuna.com.

Віталь Валянюк, кіраўнік партала «Пра бізнэс», былы палітычны аглядальнік «Советской Белоруссіі»

Ігар Губарэвіч, старшы аналітык Цэнтра Астрагорскага, былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў

Аляксандр Заяц, кіраўнік эканамічнага аддзела tut.by

Аляксандр Зімоўскі, медыякансультант, былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі

Святлана Калінкіна, журналістка

Зміцер Панкавец, намеснік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы»

Андрэй Паротнікаў, палітолаг, былы супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў, кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog

Яўген Прэйгерман, эканаміст, кіраўнік «Ліберальнага клуба»

Аляксандр Чубрык, дырэктар даследчага цэнтра ІПМ

N, дзяржслужачы, які папрасіў не называць імя

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру