Выдатны польскі лінгвіст Міраслаў Янковяк, даследчык беларускіх гаворак Віленшчыны і Латгаліі, стаў аб’ектам маніпуляцыі. На партале Еаdаilу яму прыпісалі словы, якія ён не казаў. Прычым прыпісалі, быццам бы ён тое казаў у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Гэта тыповы прыём для расійскіх прапагандысцкіх парталаў, якія выдаюць сябе за СМІ. Проста нельга давяраць іх матэрыялам.

Прыводзім тут ліст Міраслава Янковяка.

«Шаноўны рэдактар «Нашай Нівы»,

звяртаюся да Вас з інфармацыяй, якая датычыць выкарыстання як майго прозвішча ў ролі спецыяліста ў галіне беларусістыкі, так і назвы Вашай газеты расейскім нацыяналістычным парталам Еаdаilу, якога адзін з аўтараў — Кірыл Авяр’янаў-Мінскі дазволіў сабе напісаць няпраўду, нават маніпуляцыю. Аўтар сцвярджае нібыта на аснове інтэрв’ю са мной, размешчанага ў вашай газеце такое:

То есть, исходя из слов пана Янковяка, «беларуская літаратурная мова» — это просторечный вариант польского языка, характерный для поляков Виленщины.

Хачу падкрэсліць, што я ніколі не сфармуляваў такой тэзы ў сваіх артыкулах, ды выступленнях і не лічу і ніколі не лічыў, што беларуская літаратурная мова — гэта дыялект польскага дыялекту з-пад Вільні. Напісаў аўтару з просьбай або выдаліць гэты фрагмент, які з’яўляецца няпраўдай, або яго перафармуляваць. Спадар Авяр’янаў адказаў мне спачатку, што гэта дакладная цытата з «Нашай Нівы», а пасля маёй рэакцыі, што гэта няпраўда, напісаў мне, што гэта яго інтэрпрэтацыя маіх слоў і мне нічога да таго. На маё пытанне, ці ён займаецца журналістыкай, маніпуляцыяй ці ідэалогіяй атрымаў ад яго адказ, што «застанемся пры версіі, што займаецца ідэалогіяй».

Артыкул спадара Авяр’янава мае антыбеларускі характар, ён хоча прыменшыць ролю беларускай літаратурнай мовы і паказаць, што яна не з’яўляецца самастойнай мовай, а дыялектам расейскай ці польскай мовы. Пры гэтым дазваляе сабе выкарыстаць Вашу газету і маё прозвішча робячы маніпуляцыю. Напісаў па гэтай справе таксама галоўнаму рэдактару партала, які да сёння мне не адказаў

З павагай, Міраслаў Янковяк».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0