Паўночная Карэя гатовая адказаць на ядзерную атаку з боку ЗША аналагічным ударам, заявіў віцэ-маршал Карэйскай Народнай Арміі Чхве Рэн Хе, паведамляе ВВС.

«Мы гатовыя адказаць на татальную вайну — татальнай вайной, на ядзерную вайну — ядзерным ударам», — заявіў Чхве Рэн Хе, выступаючы на парадзе, прысвечаным 105-й гадавіны з дня нараджэння заснавальніка КНДР Кім Ір Сена.

Як паведамляе інфармагенцтва Кіода, акрамя лідара Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына на парадзе прысутнічае кіраўнік Упраўлення дзяржаўнай бяспекі Кім Хон Вунь. Раней паўднёвакарэйскія СМІ паведамлялі, што ён рэпрэсаваны.

На парадзе, сярод іншай ваеннай тэхнікі, дэманстраваліся найноўшыя ўзоры балістычных ракет, якія запускаюцца з падводных лодак.

Напярэдадні намеснік кіраўніка МЗС Паўночнай Карэі Хан Сон Рэль у інтэрв'ю агенцтву Асашыэйтэд прэс усклаў на ЗША адказнасць за эскалацыю на карэйскай паўвыспе і заявіў, што КНДР гатовая нанесці «прэвентыўны ўдар» па амерыканскіх сілах у рэгіёне.

Ён адзначыў, што адказнасць за сітуацыю ў Карэі ляжыць у першую чаргу на прэзідэнце ЗША Дональдзе Трампе, які сваімі «агрэсіўнымі твітамі стварае непрыемнасці».

У пачатку красавіка Трамп заявіў, што ўлады ЗША гатовыя «разабрацца» з Паўночнай Карэяй, нават калі Кітай не захоча Вашынгтону ў гэтым дапамагчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?