Пра музыку Беларусі часоў Францішка Скарыны расказвае загадчыца катэдры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктарка мастацтвазнаўства, прафэсарка Вольга Дадзіёмава.

Абламейка: Наколькі добра мы ведаем музыку Беларусі часоў Скарыны?

Вольга Дадзіёмава

Вольга Дадзіёмава

Дадзіёмава: Музыку таго часу дасьледчыкі ведаюць вельмі добра. Большасьць крыніц мы здабылі ў пэўнай ступені выпадкова. Дасьледчыкі пераважна цікавяцца больш позьнім часам — XVII-XVIII стагодзьдзямі, калі пачаўся бурлівы рост, нават росквіт музычнага мастацтва. Музыка гэтага часу для нас больш блізкая і зразумелая. Але музыка XVI стагодзьдзя цікавіла нас заўсёды, таму, працуючы з больш позьнімі часамі, мы паралельна шукалі і больш старыя крыніцы. У беларускіх сховішчах крыніц амаль няма, яны не захаваліся, а ў замежжы яны ёсьць. І вось калі мы робім франтальны пошук у бібліятэках Санкт-Пецярбургу, Масквы, Вільні, Кракава, Варшавы, а таксама ў архівах Нямеччыны або Швэцыі, то знаходзім там і беларускія помнікі. Яны для нас як дыямэнты. Знайшоўшы нешта, я стараюся адразу пашырыць інфармацыю пра знаходку, пусьціць яе ў слухацкую практыку і, галоўнае, у навучальны працэс для студэнтаў. Так што можна сказаць, што тую музыку спэцыялісты і вучнёўска-студэнцкая моладзь ведаюць вельмі добра.

Абламейка: Калі мы тую музыку ведаем, значыцца, мы можам яе параўноўваць з суседзямі. Музыка была гарадзкая, сялянская, арыстакратычная, была прафэсійная, была і народная. Так?

Дадзіёмава: Так.

Абламейка: Скарына нарадзіўся ў горадзе, і вось пытаньне, ці можам мы параўноўваць тагачасную гарадзкую музыку Беларусі з гарадзкой музыкай нашых суседзяў? Яна была самабытнаю, ці была ўсё ж падобнаю да іншых?

Дадзіёмава: Самабытнасьць заключаецца ў тым, што гэта музыка нашай краіны, гэтага арэалу, які быў і застаецца ўнікальным. Ва ўсім сьвеце няма больш такой зямлі, дзе б крыжаваліся канфэсійныя плыні ў двайным памежжы. Беларусь (я заўсёды пра гэта кажу) — самы заходні арэал усходнеславянскага праваслаўя і самы ўсходні арэал заходняга каталіцтва — як мадэль музычнай Эўропы. Нідзе у ніводнай краіне сьвету ў часы Скарыны не існавала гэтага сугучча, гэтай поліфаніі, гэтай партытуры, якую і ён, і ягоныя бацькі, і ягоныя нашчадкі маглі паслухаць і асэнсаваць, бо яны ў гэтым выхоўваліся.

На галоўным пляцы кожнага беларускага гораду стаяў праваслаўны і каталіцкі храмы, пазьней, зьявіліся пратэстанцкія, уніяцкія храмы, і не хрысьціянскія таксама. І гэта было фантастычнае сугучча. З кожнага храму чулася музыка, гэта быў найперш харавы сьпеў. У праваслаўных ён быў адзін, у каталікоў быў іншы, з арганамі, у пратэстантаў таксама быў вельмі спэцыфічны шматгалосы сьпеў. Таму я і кажу, што вось гэтае сугучча і было галоўнай спэцыфікай беларускай музыкі часоў Скарыны і наагул усіх часоў, як і ўсёй нашай талерантнай і шматвэктарнай культуры.

Калі ж гаварыць пра гарадзкі пласт гэтай музычнай культуры, то ён быў абсалютна непадобны паводле сваёй структуры, свайго зьместу і духоўнага напаўненьня на гарадзкія музычныя рэаліі іншых краін. Я вам больш скажу: рэнэсансная музычная Беларусь больш адраджэнская, чым усе іншыя краіны Эўропы. Таму што ў часы Барталамееўскай ночы, рэлігійных войнаў наш музычны арэал быў і цяпер застаецца самым шматколерным у музычна-канфэсійным пляне. Хоць ва ўсе часы і ў нас было не бязвоблачна. Наша гарадзкая прастора, якая фармавалася найперш са шматканфэсійнага музычнага субстрату, была абсалютна ўнікальнаю.

Іншая рэч — музыка мяшчанская, музыка вялікакняскага і каралеўскага двароў, сядзіб магнатаў. Тут мы сустракаемся з выразным падабенствам да тагачасных эўрапейскіх арыстакратычных сядзіб і мастацкіх асяродкаў. Гэтае падабенства — абсалютна натуральнае і арганічнае, бо музычная Эўропа была на той час даволі адзінай. Музыканты, якія працавалі тут — гэта пераважна музыканты прыежджыя, запрошаныя вялікімі князямі і арыстакратамі. Дастаткова сказаць, што працаваў тут брат Галілеа Галілея — Мікелянджэлё Галілей. Дастаткова сказаць, што тут працавала шмат першаклясных музыкантаў — такіх, як італьянскі музыкант Лука Марэнцыё, вугорскі музыкант Валянцін Бакфарк. Гэта ўсё сусьветныя велічыні, якія перарабілі, перайначылі эўрапейскі музычны сьвет XVI стагодзьдзя, і, вядома, несьлі свае інавацыйныя ідэі туды, дзе працавалі.

Абламейка: А музыка Масковіі таго часу адрозьнівалася ад музыкі Вялікага Княства Літоўскага.

Дадзіёмава: Гэта пытаньне, на якое адказу няма і доўгі час ня будзе. Чаму? Таму што расейскія музычныя помнікі XVI стагодзьдзя вельмі нешматлікія. Гэта рэшткі, якія захаваліся цудам і прэзэнтуюць толькі рэлігійную сфэру, тыя музычныя рэаліі якія складаліся ва ўлоньні Праваслаўнай царквы. Наша традыцыя і традыцыя Масковіі ў гэтым, рэлігійным, сэнсе падобныя, бо гэта адзіны рэлігійны канон. Сьвецкая ж музыка Масковіі XVI стагодзьдзя не захавалася. А ў музыказнаўцаў ёсьць аксіёма: Беларусь — гэта апошні на ўсходзе арэал Рэнэсансу. Значыцца і інструмэнтальнай культуры, твораў для лютні, а значыцца і заходніх канфэсіяў (каталіцтва і пратэстанцтва) зь іх музычным мастацтвам.

Але калі мы гаворым пра праваслаўны сьпеў — дык трэба ведаць, што ў Масковіі ён вельмі багаты і разнастайны. Хоць крыніцы і не захаваліся, але паводле рэштак чутно і бачна, што гэта вельмі самабытнае і вельмі высокае мастацтва, але таксама і вельмі спэцыфічнае, сапраўдная terra incognita. Але падабенства музыкі ва ўсёй палітры нашага з Масковіяй быць ня можа ў сілу сацыяльна-гістарычных фактараў.

Праваслаўнае шматгалосьсе, якое сфармавалася ў Беларусі, у гэтым перакрыжаваньні канфэсіяў, прыйшло ў Расею значна пазьней, толькі у XVIІ стагодзьдзі, гэта ўжо часы Сімяона Полацкага. Як Полацкі прынёс у Расею новыя літаратурныя жанры, так і нашы дзеячы музычнай культуры ў XVIІ стагодзьдзі прынесьлі ў Расею шматгалосьсе, шматгаловы сьпеў.

Абламейка: Вы сказалі, што сьвецкая музыка Масковіі не захавалася. Але ж яна была…

Дадзіёмава: Вядома, была. Але існавала яна ў вусных крыніцах, яна не запісвалася, і мы ня ведаем, якія менавіта гэта былі творы. Аўтарская творчасьць — гэта зьява для расейскага мастацтва значна больш позьняя, чым для нашага, далучанага да заходнеэўрапейскай рэнэсанснай плыні. Таму тут параўнаньні некарэктныя.

Абламейка: А ў нас, значыцца, захавалася…

Дадзіёмава: Так. У нас тут цэлы Манблян, у нас захавалася ў вялікай колькасьці. Я скажу, чаму параўнаньне з Масковіяй некарэктнае. Таму што пазьней — ня значыць горш. Гэта проста рух з захаду на ўсход эўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу. І тое, што шматгалосьсе было ад нас у XVIІ стагодзьдзі прынесенае ў Расею, дало такі штуршок, такія высокія дасягненьні расейскаму мастацтву, што яны потым праявіліся ў літургіях Рахманінава, Чайкоўскага, Часнакова, Танеева… Проста гэта іншы час, іншая эпоха. Гэта справа часу, а ня ўзроўню.

А што тычыцца нашых музычных помнікаў, дык іх сотні, многія сотні, мы проста ня можам іх прэзэнтаваць у аўтэнтычным выглядзе ў канцэртах, бо гэта таксам часта фрагмэнты, кароткія творы, нават адзін радок… Дарэчы, расейскія калегі гэта робяць, я маю на ўвазе рэлігійны пласт. Нашы выканаўцы і музыколягі таксама прыстасоўваюцца да выкананьня на канцэртах помнікаў Беларусі XVI стагодзьдзя, часоў Скарыны, але гэта ня тыя аўтэнтычныя крыніцы, якія мы, дасьледчыкі, здабываем і аддаём у рукі выканаўцаў. А наконт колькасьці, жанравай разнастайнасьці ды інфармацыйнай ёмістасьці, тут поўны парадак. Яны даюць магчымасьць рэканструяваць эмацыйны фон і фонд Скарынаўскай эпохі. Мы дакладна ведаем, што слухалі і чулі сучасьнікі Францішка Скарыны ў Беларусі.

Абламейка: Дык што мы ведаем пра сьвецкую музыку гораду часоў Скарыны?

Дадзіёмава: Пра сьвецкую музыку гораду пытаньне вельмі простае. Дастаткова паслухаць творы з так званага Полацкага сшытку, дзе захаваліся мэлёдыі і з XVI стагодзьдзя. Прычым гэта гарадзкая музыка, музыка гарадзкога побыту. Гэта музыка, пад якую танчыла моладзь, якую слухалі гараджане, гэта хіты свайго часу, якія маюць як тутэйшае, так і заходняе паходжаньне. Гэта танец Бергамаска, канцоны, канты. Гэта песьні гарадзкога люду, якія тады ўсе ведалі. Я вам скажу больш. Многія з тых песьняў захаваліся да нашых дзён. У мяне калі студэнты едуць у экспэдыцыі, дык штогод запісваюць тыя канты з Полацкага сшытку, бо цяпер іх сьпяваюць ужо ў вёсцы. Тыя канты перайшлі з гарадзкога асяродзьдзя ў сельскае і цяпер існуюць у вуснай традыцыі. Наша дасьледчыца кантавай культуры Ларыса Касьцюкавец пра гэта напісала шмат манаграфій. Гэтыя ўзоры усім — і дасьледчыкам, і вучням, і студэнтам, і выканаўцам — добра вядомыя.

Абламейка: Дзе гараджане ў пачатку XVI стагодзьдя маглі чуць музыку апрача храму? Ці былі нейкія танцы, тэатральныя вечарынкі, паказы, канцэрты? Падчас якіх мерапрыемстваў гараджане маглі чуць сьвецкую музыку

Дадзіёмава: Музыкалёгія, з аднаго боку, гуманітарная, а зь іншага, дакладная навука. Я б магла дакладна адказаць на гэтае пытаньне, каб у мяне ў руках былі крыніцы мэмуарнага характару, эпісталярнага або дакладныя фінансавыя дакумэнты, напрыклад, рахункі за выкананьне музыкі на ратушы або недзе на плошчы. У мяне такіх дакумэнтаў няма, таму я магу толькі ўявіць сабе, як гэта адбывалася — але гэта ўжо не дакладныя зьвесткі.

Абламейка: Дык можа па аналёгіі зь іншымі краінамі?

Дадзіёмава: Менавіта, так. Я таму пра ратушу і згадала, паколькі ратушы — гэта рэаліі Магдэбурскага права, якое тады ўжо было. Таму музыка гучала на ратушных пляцах, падчас кірмашоў, падчас шэсьцяў. У мяне ёсьць спэцыяльныя распрацоўкі па паратэатральных дзеях. Прыяжджае, скажам, магнат у горад. Адразу ж арганізуецца вялікае сьвята, і зьвесткі пра гэта ў мяне ёсьць. У такім сьвяце прыме ўдзел увесь горад, тут слухач і выканаўца існуюць у адной асобе. Сьпяваюцца масавыя песьні, гімны, славільныя песнапеньні… Дый ня толькі мова пра масавыя мерапрыемствы. Па музыцы мы можам рэканструяваць тагачасныя музычныя паводзіны. Людзі ж ня надта зьмяніліся з таго часу. Проста ў іх тады не было пляншэтаў, не было радыё і тэлебачаньня, але патрэба ў музыцыраваньні, у эмацыянальным самавыяўленьні ў іх была. Так што можна сказаць, што тыя віды музычнай практыкі, якія мы маем сёньня, і ў іх тады таксама ўжо былі. Напрыклад, сёньня моладзь танчыць на дыскатэках. Ну дык і тады моладзь зьбіралася на танцы, толькі інструмэнты і мэлёдыі былі іншыя. А якія гэта былі мэлёдыі, мы можам даведацца, адкрыўшы і паслухаўшы той Полацкі сшытак, або іншыя помнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?