Міністэрства ўнутраных спраў адказала на зварот ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адносна пераследу журналістаў падчас акцый пратэсту ў сакавіку. Асноўны лейтматыў адказу: міліцыя заканадаўства не парушала, а ГА «БАЖ» павінна спыніць пакрывальніцтва асоб, якія не маюць дачынення да СМІ.
У прыватнасці, у адказе адзначаецца, што Міністэрства ўнутраных спраў не мае інфармацыі аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў унутраных органаў.
«Прыналежнасць грамадзян да сродкаў масавай інфармацыі не вызваляе іх ад адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, і тым больш асоб, якія называюцца журналістамі, але не з’яўляюцца імі на самай справе.
Падзяляючы занепакоенасць за бяспеку грамадзян падчас масавых мерапрыемстваў, Міністэрства ўнутраных спраў заклікае ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» арганізаваць тлумачальную працу сярод журналістаў і выключыць «пакрывальніцтва» і «апраўданне» дзеянняў асоб, якія не маюць ніякага дачынення да сродкаў масавай інфармацыі», — адзначаецца ў адказе в.а начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку Аляксандра Жылінскага.
Разам з тым А. Жылінскі паведамляе, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў былі праінфармаваныя аб правах журналістаў, а таксама аб адказнасці за перашкоду іх законнай прафесійнай дзейнасці, прадугледжанай артыкулам 198 Крымінальнага кодэкса Беларусі.