Злачынства было здзейснена раніцай 8 студзеня, але пра яго стала вядома толькі цяпер.
У Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэнняў Украіны з'явілася пастанова Шаўчэнкаўскага раённага суда Кіева. Следчы хадайнічаў аб тым, каб аказаць дапамогу беларускім сілавікам па крымінальнай справе №17128000037.
Яна была заведзена ў дачыненні грамадзяніна N, які абвінавачваецца ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры (пакаранне ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці).
Беларускі бок прасіў інфармацыю пра месцазнаходжанне падазраванага ад украінскіх мабільных аператараў.
Звычайная справа, каб адсачыць кантакты меркаванага злачынцы, які знаходзіцца ў бягах. Незвычайнымі аказаліся абставіны гэтай справы, фабула якой была паказана ўкраінскаму суду.
Такім чынам, грамадзянін N «8 студзеня 2017 года каля 9 гадзін раніцы наўмысна, з карыслівых меркаванняў, з сейфа ў кабінеце №107 адміністрацыйнага будынка па адрасе: горад Мінск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 3, таемна выкраў грашовыя сродкі ў памеры $269150».
Па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 3 размяшчаецца Галоўнае упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі (ГУБАЗіК). Іншых арганізацый у гэтым будынку няма.
Вядома, што 8 студзеня каля 13.00 падазраваны перасёк мяжу і апынуўся на тэрыторыі Украіны. Там N сустрэўся з жанчынай (яе асоба высветленая), папярэдне з ёй стэлефанаваўшыся. Таксама ўцякач меў зносіны па тэлефоне з невядомым мужчынам.
9 студзеня каля 6 гадзін раніцы ён пакінуў Украіну і з'ехаў у Румынію. Дзе яго сляды і згубіліся.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар у Міністэрства ўнутраных спраў, чакаем адказу.