Ні МУС, ні СК не каментуюць інфармацыю аб крадзяжы 269150 долараў з міліцэйскага сейфа. У абодвух ведамствах адмаўляюцца паведаміць нават, праўда гэта альбо не.

Чытайце таксама:

У Мінску з сейфа ГУБАЗіКа скралі $270 тысяч?

«Без каментарыяў», — адказваюць і афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, і кіраўнік Упраўлення інфармацыі МУС Канстанцін Шалькевіч.

Але ёсць Google. На запыт «269150 долараў, Мінск» сярод іншага ён выдае навіну за 29 снежня 2016 года.

«Падчас правядзення мерапрыемстваў быў затрыманы дырэктар турфірмы. Агенцтва брала на сябе абавязацельства па афармленні ўсяго пакета дакументаў. Цалкам вырабляліся даведкі аб наяўнасці фінансавых сродкаў на рахунках, пра месца працы, у пашпартах прастаўляліся ліпавыя штампы аб рэгістрацыі. Калі грамадзяніна спынялі для праверкі дакументаў, то ў пашпарце стаяў штамп Мінскага раёна, вобласці або горада Мінска», — каментуе абставіны крымінальнай справы старшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага упраўлення ГУБАЗіК Андрэй Уразаў.

Тэкст размешчаны на сайце агенцтва «Спутнік», яно спасылаецца на сюжэт тэлеканала АНТ. Цымус сітуацыі ў тым, што сума канфіскаваных у турфірмы грошай дакладна супадае з той, якая праз тыдзень пасля выступлення Уразава ў СМІ нібыта была скрадзеная з міліцэйскага будынка — роўна 269150 долараў.

Атрымаць каментарый старшага ўпаўнаважанага Андрэя Уразава пакуль не атрымалася. У Галоўным упраўленні ГУБАЗіК (адкуль нібыта скралі амаль 270 тысяч долараў) Еўрарадыё пацвердзілі, што такі супрацоўнік насамрэч існуе, але цяпер пагаварыць з ім «няма магчымасці праз тое, што ён на бальнічным».

На дапамогу зноў прыходзіць амерыканскі пошукавік. Аказваецца, што пасля гісторыі з «цёмнай» турфірмай і канфіскацыяй 269150 долараў старшы ўпаўнаважаны Андрэй Уразаў пачаў… шукаць новую працу. У кэшы сайта вакансій flagma.by захавалася інфармацыя пра тое, што 40-гадовы мінчанін Андрэй Уразаў, падпалкоўнік з вопытам працы старшым упаўнаважаным па асабліва важных справах ГУБАЗіК шукае працу на пасадзе кіраўніка службы бяспекі. Аб'ява размешчаная 17 лютага 2017 года, крыху больш чым праз месяц пасля меркаванага крадзяжу з будынка ГУБАЗіК, дзе акурат працаваў Уразаў.

Усё гэта, вядома, можа быць супадзеннем. Але рэдакцыя Еўрарадыё так не думае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?